Цацкi — рэч сур’ёзная

На сайце гомельскай школы з’явiўся вiртуальны музей гульнi i цацкi

Вiртуальны музей гульнi i цацкi з’явiўся на сайце агульнаадукацыйнай школы № 63, што ў Навабелiцкiм раёне Гомеля. У раённай адмiнiстрацыi паведамiлi, што задума стварыць незвычайны музей з’явiлася пасля трэцяй па лiку перамогi школьнiкаў у раённым этапе гарадскога фестывалю “Свет, у якiм я жыву”. Iх даследчая праца “У страху вочы вялiкiя?”, дзе вучнi вывучалi паходжанне персанажаў, якiмi пужаюць хлопчыкаў i дзяўчынак у дзяцiнстве, атрымала высокую ацэнку журы. Разам з бацькамi дзецi стварылi герояў для прадстаўленняў свайго лялечнага тэатра.

Экскурсii па вiртуальнай казачнай зале праводзяць самi школьнiкi. Тут можна не толькi “пераапрануцца” ў казачнага героя, але i прыдумаць сваю захапляючую гiсторыю — падарожжа ў свет казкi. Асаблiвым iнтарэсам карыстаецца зала “Цацка ў маiм жыццi”, дзе стваральнiкi вiртуальнага музея размяшчаюць iнтэрв’ю-расповеды вядомых у горадзе людзей пра iх любiмыя дзiцячыя цацкi. Кiраўнiк адмiнiстрацыi Навабелiцкага раёна Алег Пачынок, да прыкладу, прызнаўся юным карэспандэнтам, што любiў развiваючыя гульнi, начальнiк аддзела адукацыi гарвыканкама Анатоль Шэвель аддаваў перавагу ў дзяцiнстве цацачным пiсталетам i аўтаматам, зробленым сваiмi рукамi, а любiмай цацкай дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Аляксандра Шацько быў металiчны канструктар...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter