Увечары 13 студзеня "цароў" штогод чакаюць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Хто ж яны такія?

Цары ідуць

У Беларусі і “цары” калядуюць. У шчадроўную ноч у вёсцы Семежава адчынены дзверы ўсіх дамоў: тут чакаюць незвычайных калядоўшчыкаў. Нежанатыя хлопцы (гэтак ужо заведзена) маршыруюць па вуліцах, ладзяць у хатах тэатралізаваныя прадстаўленні, віншуюць гаспадароў з Калядамі. Яны апрануты ў белыя кашулі, на іх грудзях павязаныя крыж-накрыж семежаўскія паясы. На галовах — высокія цыліндры з рознакаляровымі папяровымі стужкамі, шыі ўхутаны стракатымі жаночымі хусткамі. “Цароў” заўсёды пазнаеш.


Традыцыя сустракаць Новы год (цяпер стары Новы год) у гэтым куточку Капыльшчыны разам з “царскімі асобамі” працягваецца не адно стагоддзе. Шмат разоў мяняліся норавы, забываліся і наноў нараджаліся традыцыі, а мода на “цароў” не праходзіць. Бравыя хлопцы ходзяць па роднай вёсцы, як рабілі гэта іх дзяды і прадзеды ў гады маладосці.

Чаму менавіта “Цары”? Па-першае, так называюцца ролі ў народнай драме “Цар Максімільян”, якую паказваюць у вясковых хатах у час калядавання. Па-другое, гэта самі вясковыя акцёры, удзельнікі каляднага абраду і гульняў. Паступова першапачатковыя назвы “Шчадрэц”, “Шчодры вечар” трансфармаваліся ў адно кароткае слова, і, нарэшце, свята ператварылася ў “Цары”.

З надыходам вечара калядоўшчыкі апранаюць прыгатаванае загадзя “царскае” абмундзіраванне і выстройваюцца ў калону. Строй пачынаецца з самага вялікага і статнага “цара” — Максімільяна. За ім крочаць “цар” Іван Грозны і “цар” Задонскі. “Цар” Мамай выглядае інакш — ён апрануты ў чырвоны халат і футравую шапку. Апошні крочыць “цар-барабаншчык”.


Камандуе зводным падраздзяленнем “лекар” — у сваёй форме ён нечым падобны на вайскоўца Савецкай Арміі. А замест зброі на яго шыі вісіць градуснік, выразаны з фанеры. “Лекар” гучна падае каманды:

— Смір-на! Нале-ва! Шагам марш! Левай, левай, раз, два, тры...

Быццам на вайсковым парадзе, “цары” чаканяць крок, усім відам паказваюць армейскую выпраўку і баявы дух, яны гатовыя абараняць сваю “царскую” годнасць, у руках — мячы. У калядным паходзе “цароў” прымаюць удзел музыкант, механоша. Дзед і Баба — мясцовыя персанажы, увасабляюць “продка” і “нячыстую сілу”. Дзед апранаецца ў стары кажух, твар вымазвае сажай. У Бабы ў руках мяцёлка, каб падмятаць дарогу.


Услед за “царамі” шпацыруюць дапытлівыя гледачы. У апошнія гады “цары” носяць у руках запаленыя паходні, і гэтае відовішча надае спектаклю незвычайны маскарадны каларыт.

Нарэшце строй падыходзіць да першага дома, “цары” гучна прамаўляюць:

— А што там відаць?

— Дом!

— Чый ён?

— Гаспадароў!

— Рады нам там?

— Рады!

— Шагам марш! — загадвае “лекар”-камандзір.


У  ранейшыя гады “цары” выбіралі для калядавання хаты, дзе жылі дзяўчаты на выданні. Хлопцы хацелі пахваліцца касцюмамі і акцёрскім умельствам. У наш час звычай змяніўся, і “цары” могуць зайсці ў любы дом, а найперш да тых гаспадароў, якія паклапаціліся загадзя “заказаць” калядоўшчыкаў.

Многія сустракаюць “цароў” хлебам-соллю — як самых дарагіх і пачэсных гасцей. У вёсцы лічыцца, што ў доме, у якім пагулялі “цары”, увесь год будуць панаваць шчасце і дастатак.

“Цары” — сапраўды здольныя акцёры, у іх запасе шмат мясцовых жартаўлівых гісторый і баек. Гэтым артыстам не патрэбны вялікія сцэны — падмосткамі, на якіх адбываецца драма “Цар Максімільян”, служаць сенцы альбо хатнія пакоі. Само прадстаўленне доўжыцца каля дзесяці мінут, але за гэты час у доме разгортваюцца самыя захапляльныя і відовішчныя сцэнкі — тут і сеча на мячах, і лячэнне забітага “цара”, і парады “вучонага лекара” хворым “вяльможам”. Вось якія парады дае мудры калядны “лекар”, да якога звяртаюцца хворыя “цары”:

Калі ные сэрца, трэба намазаць пад носам перца.
Калі чэшуцца пяткі, трэба наварыць мяткі.
А калі баліць селязёнка, трэба паслаць
да харошай дзяўчонкі!

Пасля “прэм’еры”, прыхапіўшы пачастункі, атрад праходзіць з песняй перад гледачамі і спяшаецца пакінуць хатнюю сцэну — “цароў” чакаюць новыя семежаўскія гаспадары.

Самабытны абрад “Цары” ў 2010 годзе ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У яго ўносяцца самыя каштоўныя звычаі, якія патрабуюць аховы з боку дзяржавы

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Абрад “Цары” ўзнік яшчэ ў XVIII стагоддзі. У той час слуцкія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. У Семежаве размяшчаўся полк царскай арміі. З надыходам Каляд рэкруты хадзілі па хатах і паказвалі жывыя батлейкі, інсцэніравалі “царскія” бойкі на шаблях. Ролі выконвалі салдаты, апранутыя ў парадную вайсковую форму альбо ў белыя, як сёння, касцюмы. Новы звычай калядавання прыйшоўся вяскоўцам даспадобы, абрад падхапіла моладзь, замяніўшы традыцыйную “казу” на такіх вось “цароў”. Калі салдаты цара-бацюхны змянілі дыслакацыю і ад’ехалі, іх абрад прапісаўся ў Семежаве назаўсёды.

Знаўцы фальклору зазначаюць, што ў Беларусі сапраўды бытавала народная драма пра цара Максімільяна, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя зроблены першыя пісьмовыя фіксаванні каляднай драмы. Семежаўскія “Цары” — адна з вясёлых народных інтэрпрэтацый, якую на свой густ ладзілі мясцовыя калядоўшчыкі.

У суседніх з Семежава вёсках Капыльшчыны і Случчыны “Цары” таксама спраўляліся, але да сёння абрад там не захаваўся.

Алесь ПУШЧАНСКІ

Фота аўтара і БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter