Калядны абрад “Цары” як від незвычайнага маладзёжнага ігрышча занесены ў 2010 годзе ў Cпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Царская справа

Калядны абрад “Цары” як від незвычайнага маладзёжнага ігрышча занесены ў 2010 годзе ў своеасаблівую “чырвоную кнігу” сусветнай культуры — у Cпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты абрад захаваўся толькі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, жыхары якой у Шчодры вечар (13 студзеня) калядуюць разам з “царскімі асобамі”. Гэтаму звычаю ўжо не адно стагоддзе.


Чаму “Цары”? Па-першае, так называюцца ролі ў народнай драме “Цар Максімільян”, якую паказваюць хлопцы ў вясковых хатах. Па-другое, гэта самі вясковыя акцёры, удзельнікі гульнявога абраду. З цягам часу першапачатковыя назвы “Шчадрэц”, “Шчодры вечар” трансфармаваліся ў “Цары”.

Абрад узнік яшчэ ў XVIII стагоддзі. У той час слуцкія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. У Семежаве размяшчаўся полк царскай арміі. З надыходам Калядаў рэкруты хадзілі па хатах і паказвалі жывыя батлейкі, інсцэніравалі “царскія” бойкі на шаблях. Ролі выконвалі салдаты, апранутыя ў парадную вайсковую форму альбо ў белыя, як сёння, касцюмы. Новы звычай калядавання спадабаўся вяскоўцам, яго падхапіла моладзь, якая замяніла традыцыйную “казу” на “цароў”. Калі салдаты цара-бацюхны змянілі дыслакацыю і ад’ехалі, іх абрад прапісаўся ў Семежаве назаўсёды.

Знаўцы фальклору зазначаюць, што ў Беларусі сапраўды бытавала народная драма пра цара Максімільяна, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя былі зроблены першыя пісьмовыя фіксаванні каляднай драмы. Семежаўскія “Цары” — адна з вясёлых народных інтэрпрэтацый, якую на свой густ ладзілі мясцовыя жыхары.

З наступленнем вечара калядоўшчыкі апранаюць загадзя прыгатаванае “царскае” абмундзіраванне і выстройваюцца ў калону. Строй пачынаецца з самага вялікага і мажнага “цара” — Максімільяна. За ім крочаць цар Іван Грозны і цар Задонскі. Цар Мамай выглядае інакш — ён апрануты ў чырвоны халат і футравую шапку. Апошнім крочыць цар-барабаншчык.

Камандуе зводным падраздзяленнем “лекар” — у сваёй форме ён у нечым падобны на вайскоўца Савецкай арміі. А замест зброі на яго шыі вісіць градуснік, выразаны з фанеры. “Лекар” гучна падае каманды: “Смір-на! Нале-ва! Шагам марш! Левай, левай, раз, два, тры...”

У ранейшыя гады “цары” выбіралі для калядавання тыя хаты, дзе жылі незамужнія дзяўчаты. Хлопцы-“цары” хацелі пахваліцца сваімі касцюмамі і ацёрскім умельствам. У наш час звычай змяніўся і “цары” могуць зайсці ў любы дом да любых гаспадароў, а найперш да тых, якія паклапаціліся загадзя “заказаць” калядоўшчыкаў. Многія гаспадары сустракаюць “цароў” з хлебам-соллю як самых дарагіх і пачэсных гасцей. У вёсцы лічаць: дом, у якім пакалядавалі вясёлыя “цары”, увесь год чакаюць шчасце і дастатак.

Максім Вечар

infong@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter