Цанаву цiкавiла асабiстае жыццё Паўла Мiмрыка

У студзенi мiнула трыццаць гадоў з дня смерцi франтавiка, вядомага футбалiста i трэнера Паўла Мiмрыка. Аб лёсе гэтага чалавека, якi стаў легендай беларускага футбола, расказвае яго жонка, член Беларускага саюза журналiстаў Алёна Мiмрык. Павел Мiмрык на працягу дзесяцi гадоў гуляў у сталiчных футбольных камандах “Спартак” i “Дынама”. Пяць гадоў ён выводзiў сваiх таварышаў на футбольнае поле з павязкай капiтана. У 1954 годзе “Спартак” заняў трэцяе месца ў чэмпiянаце краiны, i футбалiсты атрымалi бронзавыя медалi... А пачынаўся для Паўла шлях у спорт у 1938 годзе. У семнаццацiгадовага хлопца, напэўна, быў свой анёл, якi прадказаў яму будучае i выбраў скураны мяч. Захапленне гэтай гульнёй прывяло Паўла ў адэскую юнацкую каманду. Ён нiколi не думаў, што пакiне Малдаванку i Пярэсып, якiя ўславiў у песнi вядомы спявак Марк Бярнэс. Мiмрык да таго ж вучыўся ў мясцовай зубапратэзнай школе. Але ў 1941 годзе яго прызвалi ў армiю i паслалi вучыцца ў Энгельскую акруговую школу стралкоў-радыстаў. А ў наступным годзе Паўла адправiлi на Заходнi фронт. Потым – на 1-ы Беларускi ў асобны артылерыйскi дывiзiён. Ваяваў i на 2-м, i 3-м Беларускiх. Быў камандзiрам аддзялення. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi, медалямi “За адвагу”, “За ўзяцце Кенiгсберга”, “За перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне”. Пасля вайны Паўла перавялi ў Мiнскi акруговы Дом афiцэраў. А ў 1947 годзе яго прынялi ў каманду майстроў мiнскага “Дынама”. Мiнск яшчэ ляжаў у руiнах. Але людзi хацелi паўнацэннага жыцця. Футбол з’яўляўся нейкiм каталiзатарам. Ён даваў надзею мiнчанам на лепшае будучае. I трыбуны стадыёна заўсёды былi поўнымi. Муж часта прызнаваўся, што ён больш за ўсё баяўся праявiць слабасць перад сваiмi таварышамi. Калi каго-небудзь з сяброў адольвалi душэўныя нягоды, сумненнi, Павел заўсёды дапамагаў. З iм дзялiлiся сваiмi сумненнямi, яму давяралi. Аднойчы мы пабывалi ў Адэсе, у мацi Паўла. Да нас завiтаў адмiнiстратар кiеўскага “Дынама” i стаў упрошваць мужа пераехаць у сталiцу Украiны. Прызнаюся, мы былi на раздарожжы. Калi вярталiся дамоў, заехалi ў Кiеў. Нас вадзiлi па Крашчацiку, паказалi чатырохпакаёвую кватэру, якую збiралiся выдзялiць нашай сям’i. Але Паўла гэта не спакусiла. Так, чатырохпакаёвая кватэра ад нас сплывала, але я выдатна разумела мужа. Былi спробы пераманiць яго i ў ленiнградскае “Дынама”. Жылi мы ў Мiнску ў камунальнай кватэры разам з вядомым футбалiстам Мiкалаем Шавялянчыкам. Павел з iм заседжваўся на кухнi вельмi позна. Неўзабаве мы пераехалi ў паўпадвальную, сырую, затое асобную двухпакаёвую кватэру ля Круглай плошчы (цяпер плошча Перамогi). Дзверы яе не зачынялiся. У госцi амаль кожны дзень заходзiлi сябры па камандзе Аляксандр Назараў, Пятро Iгнатаў, Анатоль Ягораў, Вiталь Касянюк, Вячаслаў Арцёмаў i многiя iншыя. А насупраць нашага дома жыў прапагандыст фiзкультуры Яўген Камароўскi, якi доўгi час працаваў намеснiкам старшынi беларускага таварыства “Дынама”. Яўген Iванавiч часта расказваў аб футбольнай камандзе былых часоў. Так, у жнiўнi 1937 года адбыўся матч памiж зборнымi Мiнска i iспанскай Басконii. Славутыя баскi выйгралi – 6:1. Мiнчан у асноўным прадстаўлялi дынамаўцы. Але на наступны год у матчы з французамi мiнчане перамаглi – 6:3. Заўзятым прыхiльнiкам футбола быў мiнiстр дзяржбяспекi БССР Лаўрэнцiй Цанава. Ён пастаянна сачыў за гульнёй дынамаўцаў. Лаўрэнцiя Фамiча вельмi цiкавiла асабiстае жыццё капiтана каманды Паўла Мiмрыка. Мы пастаянна адчувалi гэта. Неяк пасля чарговай перамогi ў нас сабралася заўсёдашняя кампанiя. Быў тут вядомы футбалiст, майстар спорту Ратмiр Цяржхала – муж маёй малодшай сястры Таццяны, якую я вынесла з палаючай хаты ў час налёту нямецкiх бамбардзiроўшчыкаў. Прыйшлi вайсковец Вiктар Шаронаў, пiсьменнiк Алесь Асiпенка. Усе з жонкамi, дзецьмi. Позна ўвечары раптам пачулi званок. Павел адчынiў дзверы i вельмi здзiвiўся, убачыўшы незнаёмага палкоўнiка. — Выбачайце, што патрывожыў, — сказаў ён. – Я прыйшоў паглядзець, як вы жывяце. — У такi час?! – яшчэ больш здзiвiўся Павел. — Не здзiўляйцеся, так трэба, — адказаў палкоўнiк, утаропiўшы позiрк на амаль пусты стол, на якiм стаяла толькi мiска з бульбай. Цанаву захацелася даведацца, чым займаецца капiтан каманды пасля гульнi. Калi палкоўнiк далажыў яму пра ўбачанае, Лаўрэнцiй Фамiч выклiкаў Мiмрыка да сябе. — Ты што, ясi адну бульбу? – крычаў ён. – Хiба мала зарабляеш?! Павел разумеў, з кiм мае справу. I, як расказваў, не спалохаўся: — Так, я люблю беларускую бульбу, — адказаў ён генералу.— Вы ж любiце вiнаград, апельсiны, мандарыны, якiя вам прывозяць з вашай радзiмы – Грузii. Вось бы i прыслалi з гэтым палкоўнiкам фрукты для дзяцей. Як казаў потым муж, Цанава вельмi раззлаваўся. Але ён нярэдка дараваў Паўлу рэзкасцi i нават падараваў яму радыёпрыёмнiк. У 1954 годзе “Дынама” перайменавалi ў “Спартак”. Мiнчане занялi трэцяе месца ў чэмпiянаце СССР. I цяпер яшчэ памятаю рашаючы матч за ўзнагароды з маскоўскiм “Дынама”. Пры лiку 1:1 былi шанцы заняць i другое месца. Але спартакаўцам не пашанцавала. Нечакана мяч трапiў у нагу Арцёмава, якi бег на дапамогу галкiперу Хомiчу, i заляцеў у нашы вароты. 1:2 – прайгралi. “Бронза” не радавала, некаторыя футбалiсты нават плакалi. I толькi балельшчыкi iх супакоiлi. Поспех каманды выклiкаў вялiкi фурор у Беларусi. Было шмат вiншаванняў. Павел даражыў прывiтаннем ад паэтаў Максiма Танка i Пiмена Панчанкi: “Яшчэ нiколi з такой цiкавасцю не хадзiлi мы на стадыён “Дынама”, як сёлета, — пiсалi яны. – Калi раней мы бачылi то добрую, то пасрэдную, а нават i слабую гульню, дык у гэтым сезоне мы ўбачылi сапраўдных майстроў скуранога мяча. Не асобных iгракоў, а ўсяго валявога, таленавiтага калектыву... У Мiнску цяпер няма нiводнага больш-менш прасторнага двара, дзе б не былi свае Хомiчы i Мiмрыкi, Мозеры i Бачурыны”. Павел даволi хутка засвоiў беларускую мову i чытаў творы Iвана Шамякiна, Васiля Быкава, Алеся Асiпенкi, з якiмi нас звязвала дружба. Сустрэчы з пiсьменнiкамi духоўна абагачалi нас. Не толькi наша сям’я мела цесныя стасункi з вядомымi прадстаўнiкамi iнтэлiгенцыi. Многiя сем’i футбалiстаў сябравалi з пiсьменнiкамi, артыстамi, спевакамi, кампазiтарамi. Спартсмены клапацiлiся аб тым, каб быць у жыццi культурнымi людзьмi. Калi Павел пакiдаў футбол, мы прасiлi яго пайсцi працаваць па спецыяльнасцi – зубным тэхнiкам. Але ён не ўяўляў сябе без любiмай гульнi. У 1957 годзе яго запрасiлi на пасаду начальнiка i трэнера каманды “Ураджай”. Потым Павел трэнiраваў брэсцкi “Спартак”, мiнскi “АДА”, гродзенскi “Нёман”. “Нёман” тады апякаў цудоўны чалавек, сакратар абкома КПБ Уладзiмiр Мiцкевiч. I нават калi яго перавялi на працу ў Мiнск, Уладзiмiр Фёдаравiч падтрымлiваў з намi добрыя адносiны. Затым Павел працаваў з моладдзю “Дынама”. Яму прысвоiлi званне заслужанага трэнера Беларусi. Але я адчувала, што ў мужа ўзнiклi непрыемнасцi. I ён пацвердзiў гэта, сказаўшы, што яго могуць зняць з пасады, бо не мае вышэйшай адукацыi. Думаю, справа не ў самой рабоце, а ў тым, як чалавек ставiцца да яе. I калi аказваецца, што ўжо няма чаго дабiвацца, то жыццё губляе сэнс, i тады адбываецца самае непрадбачанае...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter