Ці праўда, што нельга нічога пазычаць на святы?

У народнай культуры лічылі, што з перадачай рэчаў можна аддаць і адпаведна атрымаць і іншыя даброты (“спор”, поспех, шчасце).

У народнай культуры лічылі, што з перадачай рэчаў можна аддаць і адпаведна атрымаць і іншыя даброты (“спор”, поспех, шчасце). Таму ў нормах побытавага этыкету і паводзін нашага народа існаваў шэраг правіл, якіх неабходна было прытрымлівацца, калі вы пазычаеце, дорыце ці атрымліваеце тыя ці іншыя рэчы, грошы і г. д.

  • Нельга было нічога аддаваць з дому ў вялікія народныя ці царкоўныя святы, пасля заходу сонца, у пачатку і пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ. Лічылася, што ў адваротным выпадку ў гаспадароў перастане весціся хатняя жывёла, узнікнуць непрыемнасці, адным словам, як сядае за небасхіл, “сыходзіць” сонца, так “сыдуць” з хаты і дабрабыт, і шчасце.
  • Самая строгая забарона на вынас чагосьці з хаты накладаецца на перыяд святкавання Калядаў: Раства, Новага года і Вадохрышча, інакш поспех і дабрабыт “адвернуцца” ад гэтай хаты на ўвесь год.
  • Каб не жыць у нястачы, пастаянна што-небудзь пазычаючы, неабходна было напярэдадні Новага года абавязкова вярнуць усе даўгі гаспадарам.
  • Таксама асаблівай увагай надзялялі той перыяд часу, калі пачыналіся сельскагаспадарчыя работы: калі ў час ворыва ці засевак з хаты што-небудзь аддаць ці пазычыць камусьці, ураджай адыдзе да таго, хто браў тыя ці іншыя рэчы.
  • Ніколі нічога не аддавалі і не пазычалі ў той дзень, калі з дому ад’язджаў хто-небудзь са сваякоў. Лічылася, што выкананне гэтай забароны будзе спрыяць добраму шляху і вяртанню дадому таго, хто знаходзіўся ў вандроўцы.
  • Першыя тры дні пасля нараджэння дзіцяці надзяляліся асаблівай сакральнасцю. Лічылася: калі ў гэтыя дні штосьці пазычыць ці аддаць з хаты, то дзіця “будзе цурацца роднай хаты”, г. зн. будзе вандроўнікам ці “перакаці-полем” і можа нават стаць рабаўніком.
  • Ніколі не пазычалі самі і іншым у панядзелак. Лічылася, што ў такім выпадку ўвесь тыдзень “пойдзе прахам”.
  • Калі пазычалі з хаты прадукты харчавання, напрыклад хлеб, малако, муку, ніколі не аддавалі апошняе — лічылася, сам застанешся без усяго. Некаторыя гаспадары ведалі іншыя “хітрыкі”: каб хата была багатай, упершыню ў новай дзежцы ставілі цеста менавіта з “пазычанай” мукі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter