Ці не «раскруціць» нам абарончыя збудаванні?

ПРОДКІ сучасных беларусаў былі мужнымі людзьмі. Пра гэта сведчаць і шматлікія абарончыя збудаванні нашай зямлі. Некаторыя з іх здолелі выстаяць у віхуры жыцця і «дажылі» да ХХІ стагоддзя. Але ці ведаем цяпер, калі, хто і як узводзіў такія адмысловыя пабудовы?

У некаторых беларускіх вёсках можна знайсці рэшткі ваяўнічых фарпостаў. Завітаем у Прыбужжа...

ПРОДКІ сучасных беларусаў былі мужнымі людзьмі. Пра гэта сведчаць і шматлікія абарончыя збудаванні нашай зямлі. Некаторыя з іх здолелі выстаяць у віхуры жыцця і «дажылі» да ХХІ стагоддзя. Але ці ведаем цяпер, калі, хто і як узводзіў такія адмысловыя пабудовы?

Для доўгатэрміновай абароны нашы продкі выкарыстоўвалі земляныя валы з навальнымі канструкцыямі і ўнутрывальнымі субструкцыямі з дрэва  або каменю, сухія і абводненыя равы, драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі, брамы з герсамі і пад’ёмнымі мастамі-ўзводамі, бастыёны, равеліны і шмат чаго іншага.

Цікава, што самыя першыя абарончыя збудаванні на тэрыторыі Беларусі з’явіліся на гарадзішчах ранняга жалезнага веку (VII ст. да н.э. — IV ст. н.э.). З развіццём гарадоў у раннефеадальным грамадстве (IX—XIII стагоддзі) галоўнымі збудаваннямі ўжо становяцца валы, равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). З XII стагоддзя з’яўляюцца мураваныя вежы (Гродна). А з пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў XIII стагоддзі сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой ужо была мураваная ці драўляная вежа-данжон у драўляным замку.

У XIV стагоддзі былі пабудаваны мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Оршы. З сярэдзіны XVI — з павышэннем магутнасці агнястрэльнай зброі — узнікла бастыённая фартыфікацыя. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы з’явіліся некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі звычайна цэнтр горада і пасады. У XIX стагоддзі ўзводзілі крэпасці з вынесенымі за 1—2 кіламетры наперад ад цэнтральнага ўмацавання фортамі.

Дзе ж на зямлі сучаснай Беларусі зараз можна як бы «дакрануцца» да абарочнай архітэктуры? Гераічная зямля Прыбужжа, напрыклад, па праву можа ганарыцца такім дойлідствам. Гэта і Замкавая гара, умацаваная валам, у Давыд-Гарадку, і два земляныя ўмацаванні эпохі сярэднявечча ў вёсцы Юнішчы Столінскага раёна... А будзеце на Драгічыншчыне — не палянуйцеся адшукаць рэшткі бастыённых умацаваннняў замка князёў Вішнявецкіх. Датуюцца яны канцом XVI стагод- дзя, а месцяцца ў вёсцы Жабер.

Рэшткі сярэднявечнага гарадзішча з магутнымі валамі ёсць у Гарадзішчы Ляхавіцкага раёна. Да нашага часу захавалася што-нішто ад замка XVII стагоддзя — ён належаў князям Чартарыйскім — у вёсцы Крыўляны Жабінкаўскага раёна.

Ну і, канешне ж, знакамітая Камянецкая вежа... Была пабудаваная, паводле Іпацьеўскага летапісу, паміж 1276 і 1288 гадамі на левым беразе ракі Лясная — па, як бы цяпер сказалі, «дзяржзаказе» валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Дойлід Алекса задумваў яе менавіта як фарпост на заходніх рубяжах. Адносіцца да вежаў-данжонаў. Адзіная вежа такога тыпу, што захавалася на Беларусі да нашага часу! Яна і самая высокая — каля 31 метра! Адметна, што, маючы выключна абарончае прызначэнне, Камянецкая вежа пазбаўлена якіх-небудзь архітэктурных упрыгожанняў. Гэта адзін з самых унікальных помнікаў абарончага дойлідства XIII стагоддзя.

На мой погляд, наяўнасць досыць вялікай колькасці прыкметных абарончых збудаванняў сведчыць аб тым, што беларуская зямля ўмела бараніцца! Мяркую, з цягам часу нехта з удзель- нікаў турбізнесу, мясцовых энтузіястаў задумае і распрацуе спецыяльны маршрут па такіх вось «ваяўнічых»... хай сабе і рэштках колішніх фарпостаў — гэта можа быць цікава не толькі замежным гасцям, але і самім беларусам, асабліва моладзі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, краязнаўца

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter