Цікавей не прыдумаеш

СТБ запускае 2 новыя праекты, адзін з вядучых — Міхаіл Марфін

СТБ запускае адразу два новыя праекты — музычна-забаўляльную праграму «На тым жа месцы, у той жа час» і інтэлект-шоу «Разумней не прыдумаеш».

Вядучым другога стаў легендарны кавэзэшнік, вядомы сцэнарыст Міхаіл Марфін. Гледачы таксама добра памятаюць яго па праграме «Шчаслівы выпадак», зробленай, дарэчы, таксама ў фармаце інтэлектуальнай гульні.

Усяго ў «Разумней не прыдумаеш» задзейнічана шаснаццаць каманд з розных прафесійных сфер. У кожнай гульні будуць удзельнічаць дзве групы па чатыры чалавекі, пераможца якой выходзіць у наступны этап. Кожная гульня складаецца з пяці геймаў. Першы — «Інтэлект-старт»: кожнай камандзе задаецца па пятнаццаць пытанняў на агульныя веды. У наступным важна не толькі даць правільны адказ, але і апярэдзіць сапернікаў. Цвіком праграмы стане запрошаная зорка, якая і абвесціць пытанні са сваёй прафесійнай дзейнасці. Будзе конкурс і на выбыванне: ігрок, які даў няправільны адказ, часова пакіне гульню. У «Фінальнай бітве» многае будзе залежаць і ад удачы: права адказу выпадае камандзе, якая выбіла больш балаў на электронным полі. Праект разлічаны на пятнаццаць эпізодаў.

У праграме «На тым жа месцы, у той жа час» музычныя нумары будуць чаргавацца з гумарыстычнымі скетчамі. Іх героямі стануць бізнесмен са сваёй дзяўчынай, таксіст, замежнік, спартсмен і яшчэ некалькі іншых герояў анекдотаў.

— Неверагодна, але факт: абсалютна кожны, хто хоць адзін раз паглядзіць наша шоу, становіцца багацей мінімум на 30 працэнтаў на працягу года. Прычым мы нават не разумеем, чаму гэта адбываецца. Што будзе, калі чалавек паглядзіць перадачу двойчы? Нават баюся сабе прадставіць, — так вядучы Антон Мартыненка рэкламуе свой праект.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter