Ці бяспечны шлях у краіну ведаў?

Магілёў зверне ўвагу на сітуацыю з флікерамі для школьнікаў

Забеспячэнне школьнікаў абласнога цэнтра флікерамі нагадвае кампанейшчыну, лічыць старшыня Магілёўскага гарвыканкама Станіслаў Барадаўка.

Сумная падзея каля дзвярэй сталічнай сярэдняй школы № 23, калі пад коламі аўтамашыны загінуў вучань малодшых класаў, выклікала рэзананс па ўсёй краіне. Шкада, вядома, што толькі трагедыі прымушаюць адказных асоб за бяспеку дзяцей прымаць дзейсныя меры і, урэшце рэшт, усвядоміць, што школьны двор — не аўтапаркоўка каля гіпермаркета. І ў густанаселеным Магілёве гарадскія ўлады вырашылі прыняць папераджальныя меры і даручылі адпаведным службам высветліць, наколькі бяспечная для дзяцей прышкольная тэрыторыя.

Так, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Станіслаў Барадаўка на спецыяльнай нарадзе адзначыў, што яшчэ перад пачаткам навучальнага года была звернута ўвага на бяспеку дарожнага руху каля навучальных устаноў. Аднак мінская трагедыя абавязвае ўсіх яшчэ раз ацаніць сітуацыю, у прыватнасці, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з прадстаўнікамі раённых адміністрацый Магілёва і спецыялістамі дарожна-маставога прадпрыемства павін-ны праверыць, наколькі бяспечна дзецям знаходзіцца на прышкольнай тэрыторыі. Па даручэннi мэра будзе дадзена ацэнка не толькі пад’язных шляхоў, але і тратуараў каля школ, а таксама ўстаноўленых тут дарожных знакаў.

Станіслаў Барадаўка прывёў прыклады, калі бяспека вучняў знаходзіцца пад вялікім пытаннем, у прыватнасці, насупраць СШ № 17 Магілёва не ўстаноўлены загараджальны турнікет уздоўж праезнай часткі. Асаблівую ўвагу магілёўскі мэр звярнуў на тую акалічнасць, што рэгуляваныя пешаходныя пераходы справа і злева ад школы знаходзяцца на адлегласці 50 метраў, аднак часта вучні перабягаюць дарогу там, дзе ім больш зручна, а не там, дзе бяспечна, хоць усім і вядома, што па вуліцы Чалюскінцаў найбольш інтэнсіўны рух транспарту. На думку Станіслава Барадаўкі, у вячэрні час тэрыторыя школы павінна быць і ўвогуле за зачыненымі варотамі. Яшчэ адна праблема, якая, на думку мэра, вырашаецца ў абласным цэнтры метадам кампанейшчыны, — гэта забеспячэнне школьнікаў святлоадбівальнымі флікерамі, але нельга забываць, што цяперашняя пара года найбольш небяспечная. Раніцай дзеці ў прыцемках накіроўваюцца ў школу, а калі вяртаюцца дамоў, то на вуліцы ўжо на ўсю моц ззяюць ліхтары.

На гэтую акалічнасць мэр звярнуў увагу начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Яўгена Дуплеўскага.

На здымку: вучань 9-га класа школы № 11 Дзмiтрый МАКАВЕЙ.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter