Ці будзе ў жывёлаводаў свой форум?

ВІТАЮ, шаноўная рэдакцыя «БН»! Задумаўся пра нялёгкую працу рупліўцаў-аграрыяў, пра тое, што трэба ўвесь час падрымліваць, умацоўваць імідж простага жывёлавода — але як гэта рабіць? Што трэба прымаць нейкія меры, думаю, зразумела. Бо не сакрэт — цяжкая праца на ферме: не стаяць чэргі жадаючых там шчыраваць…

А пакуль добра, што створаны клубы перадавога вопыту!

ВІТАЮ, шаноўная рэдакцыя «БН»! Задумаўся пра нялёгкую працу рупліўцаў-аграрыяў, пра тое, што трэба ўвесь час падрымліваць, умацоўваць імідж простага жывёлавода — але як гэта рабіць? Што трэба прымаць нейкія меры, думаю, зразумела. Бо не сакрэт — цяжкая праца на ферме: не стаяць чэргі жадаючых там шчыраваць…

Сам я вырас у сялянскай сям’і, хоць потым і абраў педагогіку справай свайго жыцця. Паважаў і паважаю працаўнікоў АПК — згадзіцеся, іх плён заслугоўвае, можа, і куды больш важкага заробку, чым той, які зараз у сярэднім па галіне. Крыху меней за тры мільёны рублёў, так, прынамсі, казалі на нядаўняй калегіі Мінсельгасхарча Рэспублікі Беларусь.

Але, акрамя грошай, ёсць іншыя моманты, якія трэба ўлічваць. Напрыклад, мяне радуе, што дажыліся мы да ганаровых ушанаванняў, правядзення таго ж фестывалю «Дажынкі» на рэспубліканскім узроўні. Але ж там звычайна ўшаноўваюць хлебаробаў, працаўнікоў раслінаводчай падгаліны. Гэта — іх свята. А што ж даяркі, даглядчыкі жывёлы? Як бы па-за ўвагай застаюцца, між тым, працягваючы аддана працаваць на сваіх месцах. Часта не зважаючы на асабістае жыццё і ўласную гаспадарку.

Я лічу: варта было б задумацца пра жывёлагадоўчы форум, дзе б ушаноўвалі найбольш паспяховых працаўнікоў. Пакуль, праўда, такія мерапрыемствы праходзяць на ўзроўні клубаў, дзе гуртуюцца аператары-“тысячнікі”. Да прыкладу, на Гродзеншчыне трэці год працуе клуб даярак-“сямітысячніц”. А нядаўна адпаведная «структура» была створана і ў нашым Іўеўскім раёне. Першае пасяджэнне адбылося не так даўно ў СДК аграгарадка Геранёны. Удзельнікі падкрэслілі: членства ў клубе насамрэч будзе прыносіць пэўныя набыткі — у выглядзе прэмій за дасягненне ўсё больш важкіх вынікаў працы.

Напрыканцы заўважу: стварэнне па ўсёй краіне клубаў перадавога вопыту сярод лепшых жывёлаводаў — добрая ідэя! Трэба толькі як мага больш прапагандаваць яе ў СМІ. Не толькі ў раёнках, але і ў рэспубліканскім друку, на тэлеканалах.

З павагай, Іван ГОВАР, ветэран працы

г. Іўе

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter