Ці абароніць літаратура духоўную трываласць чалавека?..

Яшчэ зусім нядаўна імя Алеся Бадака было звязана з адной-дзвюма кнігамі вершаў. Цяпер ужо ў літаратара, які працуе першым намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, у творчым багажы — і кніг нямала, і лік публікацыям вершаў, апавяданняў, літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій, эсэ, расце з года ў год. А яшчэ па радыё, тэлебачанні ў выкананні самых розных спевакоў гучаць літаральна дзесяткі песень, словы да якіх напісаў Алесь Бадак. Сёння ён і госць “НГ”.

— Алесь , не хацелася б пачынаць нашу размову з пытанняў кшталту: а ці ёсць будучыня ў беларускай літаратуры? І ўсё ж нельга не абвастрыць увагу да нацыянальнай літаратуры, прысутнасць якой,  калі меркаваць  па тыражах кніг і літаратурна-мастацкіх часопісаў, не дужа і прыкметная ў беларускім грамадстве...
— Шчыра кажучы, мяне насцярожвае, калі беларускую літаратуру вырываюць з кантэксту сусветнай літаратуры. Калі мы задаём адзін аднаму пытанні кшталту вашага, то мне падаецца, што гэта раўназначна таму сумненню, а ці ёсць літаратура ўвогуле ў свеце. Але, з іншага боку,  зразумела, чаму такія пытанні ставяцца. Фундамент такога стаўлення да праблемы ўсё ж існуючай закладзены яшчэ ў савецкім часе, між іншым, не самым горшым для развіцця беларускай  літаратуры ў цэлым. Ды звярніце сваю ўвагу на наступную дэталь. Тады ў кожнай другой ці трэцяй сям’і былі паліцы, шафы з кнігамі, на якіх заўсёды знаходзілася месца і кнігам беларускіх аўтараў. Пра што, зразумела, і тыражы сведчаць — тыражы Шамякіна, Быкава, Мележа, Чыгрынава... Зразумела, часта гэта былі творы, перакладзеныя на рускую мову, але і тагачасныя тыражы на беларускай мове проста ўражваюць. Напрыклад, аднатомнік выбраных твораў Івана Шамякіна ў 1971 годзе выйшаў тыражом 40 000 экземпляраў!
Ды той перыяд, той “час кніжных шафаў” закончыўся. Пачаўся новы, у які кніг, дарэчы, таксама выдаецца шмат. Але складваецца і новае меркаванне, калі лічыцца, што калі ў мяне няма паліцы з кніжкамі беларускіх пісьменнікаў, то і няма  самой літаратуры. Адкак жа сёння амаль не ўбачыш у хатніх бібліятэках і новых перавыданняў Віктара Астаф’ева, Валянціна Распуціна, увогуле вельмі многіх пісьменнікаў, на творах якіх вырасла не адно пакаленне чытачоў, па кнігі якіх стаялі ў чэргах. Іх месца сёння — у лепшым выпадку — занялі Муракамі, Павіч, Каэльё, Эка...  І куды часцей — дэтэктывы, фантастыка.
— Дык у такім разе, прабачце за рыторыку, наколькі трывалая ваша асабістая вера ў будучыню беларускай літаратуры?
— Я перакананы, што беларуская літаратура была, ёсць і будзе. Па-першае, чыйсьці песімізм  можна адвергнуць ужо тым, што за стагоддзе створаны агромністы пласт мастацкай літаратуры, да якога будуць вяртацца і наступныя пакаленні. Купала, Колас, Быкаў, Караткевіч, Мележ... Як на гэтыя імёны  і іх творы можна забыцца?!
— Мы ўсё пра класікаў, а хто ж ідзе следам, каго прачытаць, каб звычайнаму чытачу падмацаваць веру ў будучыню беларускай літаратуры?
—Чытайце Андрэя Федарэнку, Алеся Наварыча, Адама Глобуса, Людмілу Рублеў-скую, калі гаварыць пра прозу, у вас будзе не меней уражанняў, як пры чытанні хрэстаматыйных, класічных твораў. А ў паэзіі хіба не з’явай можна лічыць — калі браць толькі сярэдняе пакаленне паэтаў — напісанае Леанідам Дранько-Майсюком, Уладзімірам Маруком, Віктарам Шніпам?!. Іншая справа, што літаратура мяняецца. І не лагічна ад сучасных літаратараў чакаць твораў, ідэнтычных напісанаму дзесяцігоддзі назад Мележам, Чорным. Наіўна, прыкладам, ад майстра псіхалагічных сюжэтаў Андрэя Федарэнкі чакаць, што ён павінен напісаць пра вайну. Не зробіць ён гэта, таму што тэма вайны балючая, актуальная для іншага, ранейшага пакалення, пакалення сведкаў.
— Як мне асабіста падаецца, то вайна настолькі “прыкавала” мастацтва, як  і ўвесь наш беларускі народ, што гаварыць пра тое, што ў літаратуры да яе не будзе звароту, наўрад ці правільна.
— Я так не кажу. Але новае пра Вялікую Айчынную напішуць яшчэ заўтра, адышоўшы на пэўную адлегласць, займеўшы новы ўзровень мастацкага асэнсавання ўчарашняга. І гэта можа адбыцца ў літаратуры праз 30—40 гадоў...
Калі ж вяртацца да змен, то яны не толькі ў  плане тэматычным адбыліся. Мяняюцца стылі, творчыя падыходы. Класічны жанр рамана губляецца, становіцца архаічным. Хто сёння возьмецца за напісанне трылогіі, выдатныя ўзоры якой у свой час стварылі Якуб Колас, Іван Мележ, Вячаслаў Адамчык?! А былі ж яшчэ тэтралогіі, як у Івана Чыгрынава, пенталогіі, як у Івана Шамякіна... Змены адбываюцца вельмі хутка. Калі яшчэ пятнаццаць гадоў назад я, прыкладам, захапляўся Картасарам, то сёння ўжо і чытаць яго няма вялікай ахвоты.
— А як тады быць з мастацкімі, эстэтычнымі катэгорыямі?.. Не могуць жа яны быць падвергнуты такім хуткім зменам, якія ўласцівы навуковаму прагрэсу,  мысленню чалавека ў цэлым...
— Пытанне вельмі няпростае.  Я гавару пра рызыкоўныя крокі літаратуры, якая, зыходзячы з надзеі спадабацца чытачу, пачынае заігрываць з ім,   заігрываць з многімі адвечнымі ісцінамі...
Адсюль, відаць,  вынікае галоўны клопат рэдакцый, выдавецтваў, а таксама клопат дзяржавы, найперш зацікаўленай у фарміраванні духоўна трывалай асобы, — падтрымліваць літаратуру высокамастацкую, разлічаную на ўмацаванне разумных традыцый, выразных эстэтычных і маральных катэгорый у развіцці нашага грамадства.
— Прачытаў у Брыля: “Ад кожнага літаратурнага пакалення патрабуецца ў творчасці новае — за любую цану...”. Ці аддало запатрабаванае ваша пакаленне?  Якой цаной гэта ўдалося ці ўдаецца зрабіць?
— Мне здаецца, што сёння беларуская літаратура перажывае вельмі цікавы этап. Мы прайшлі праз сацыялістычны рэалізм. Гаворка не пра тое, што тады было кепска ці добра... Галоўнае — засталося шмат  твораў, якімі стварыўся вялікі  і цікавы партрэт беларускай літаратуры. Уражанне такое, што раней было возера,  а зараз з яго крынічнай вады ў новыя шляхі выпраўляюцца многія і многія рэкі і ручаіны ў самыя розныя бакі. Сёння літаратура становіцца разнастайнай. Як прыклад — усплёск беларускай фантастыкі ў апошнія чатыры-пяць гадоў. Чытайце часопіс у часопісе “Фантаст” у “Маладосці” — творы Раісы Баравіковай, Сержа Мінскевіча, Андрэя Паўлухіна, Алеся Бычкоўскага, Марыі Шамякінай ...
А пра цану, самааддачу... Не, яшчэ, канешне, не аддалі. Наша пакаленне развіваецца ў няпросты пераходны перыяд. Тут і віна крытыкі ёсць у некаторай ступені. Яна ўсё яшчэ азіраецца на літаратуру мінулых дзесяцігоддзяў, баючыся прыняць нешта новае...
— Ці не падаецца вам, што часам пісьменнікі, сыходзячы ў міфалогію ці гісторыю, тым самым уцякаюць ад праблем сучаснага жыцця? І ці не абкрадае тым самым літаратура сучасніка?
— Пра стасункі літаратуры з сучаснасцю заўсёды гаварыць няпроста. Калі размова пра сённяшнюю сітуацыю, то тут яшчэ размова  і пра тое, што мастацтва як быццам выплачвае даўгі. Мяркуйце самі: што паслужыла ўсплёску гістарычнай тэмы? Ці не тое, што раней мала пра гэта пісалі?  Ды і, калі шчыра, не заўсёды так, як хацелі. А пасля, гэта толькі здаецца, што пра сучаснасць пісаць лёгка. Вопыт сусветнай літаратуры даказвае якраз адваротнае. Хаця нельга гаварыць, што праблема не існуе, не з’яўляецца сёння асабліва актуальнай. Усё ж у ХХ стагоддзі большасць літаратараў, у тым ліку і нашых, у сваіх творах ішлі ад жыцця, ад уласных перажыванняў. Сёння шмат прыдумак, шмат гульні...
— І  некаторай няшчырасці?..
— Так, пісьменнікі, прычым паэты, што найперш засмучае, часам становяцца тэхнакратамі, не заўсёды спяшаюцца раскрыць сваё сэрца перад чытачом.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter