Скалiёз i плоскаступнёвасць у Баранавiчах вызначаюць па новым метадзе

Трывожны званок пазванку

Новы метад дыягностыкі пачатковых праяў скаліёзу і плоскаступнёвасці ў дзяцей асвоілі спецыялісты Баранавіцкай дзіцячай гарадской паліклінікі. Камп’ютарная аптычная тапаграфія пазваночніка дазваляе адсачыць работу апорна-рухальнага апарату ў руху.

Своечасовая дыягностыка скаліёзу захоўвае здароўе
фота team-rehab.com

Новае даследаванне стала магчымым дзякуючы сучаснаму абсталяванню — тапографу DIERS formetric III 4D, які ў паліклініку размеркавала ўпраўленне аховы здароўя Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

— Гэта вялікая дапамога, каб выявіць паталогію на ранняй стадыі і ўстанавіць яе сапраўдныя прычыны, — намеснік галоўнага ўрача па паліклінічным абследаванні Алена Шыш праводзіць у кабінет, дзе новая тэхналогія ўжо ў дзеянні. — Працаваць па новым метадзе нашы спецыялісты вучыліся ў Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. Гэта ўрачы-рэнтгенолагі і ўрач-траўматолаг.

І што вельмі важна, асабліва ў педыятрычнай практыцы, пацыент не падвяргаецца прамянёваму ўздзеянню.

Камп’ютарная аптычная тапаграфія — гэта сучасны метад абследавання пазваночніка, альтэрнатыва рэнтгенаўскаму абследаванню. Пры гэтым выключаецца шкоднае ўздзеянне на пацыента. Абсалютная бясшкоднасць, бескантактавая форма дыягностыкі і аб’ектыўныя вынікі — вось асноўныя перавагі метаду.

— Парушэнні ўдаецца выявіць на ранняй стадыі, — тлумачыць Алена Уладзіміраўна. — Гэта дазваляе вырашаць праблему скаліёзу ў падлеткаў і дзяцей своечасова, не запускаць хваробу.

Як праходзіць дыягностыка?

Дзіця становіцца на спецыяльную платформу. У пакоі тушым святло, уключаем прыбор, які нагадвае старадаўні фільмаскоп. З апарата ідзе пучок святла, які праецыруецца на спіну пацыента, праламляецца ў адпаведнасці з рэльефамі цела, а тэлевізійная камера счытвае гэты малюнак, пераводзячы яго ў лічбавы сігнал. Здымка доўжыцца некалькі секунд. Адхіленні светлавых ліній, іх выгіб даюць поўную інфармацыю аб размяшчэнні пазваночніка дзіцяці. Урач апрацоўвае атрыманыя даныя з дапамогай складанай праграмы. Даследаванне займае каля трыццаці хвілін.

Алена Шыш робіць агаворку па абмежаваннях для правядзення працэдуры: «Рост дзіцяці павінен быць не менш за 130 сантыметраў. Важна выстаяць нерухома некалькі секунд. Акрамя таго, выяўлены лішак масы цела можа сказіць вынік. У цэлым камп'ютарна-аптычная дыягностыка не мае супрацьпаказанняў. Абследаванне праводзіцца дзецям пры наяўнасці паказанняў па накіраванні ўрача-артапеда дзіцячай паліклінікі».

Дзяцей са скаліёзам ставяць на ўлік і вызначаюць тактыку далейшага лячэння.

drug-olya@yandex.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter