Плануецца істотным чынам рэфармаваць сістэму завочнай адукацыі

Трывалы падмурак для ведаў

Размовы пра тое, што завочная форма навучання маральна састарэла, а якасць падрыхтоўкі студэнтаў, мякка кажучы, кульгае, вядуцца даўно. Яшчэ ў 2011 годзе дэпартамент кантролю якасці ведаў Мінадукацыі праэкзаменаваў завочнікаў 5-х і 6-х курсаў найбольш папулярных спецыяльнасцяў “эканоміка” і “правазнаўства”. Станоўчых адзнак аказалася не так ужо многа.


— Мы плануем істотным чынам рэфармаваць сістэму завочнай адукацыі. Плануецца скараціць набор на гэтую форму навучання, аддаючы перавагу дыстанцыйнаму, — сказаў Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, выступаючы ў Парламенце.

Безумоўна, рэформы неабходныя. Тым больш што Беларусь далучылася да Балонскага працэсу. Але важна зразумець, як яны будуць праводзіцца — для галачкі або сур’ёзна, гаворыць эксперт ГА “Дыскусійна-аналітычная супольнасць “Ліберальны клуб” Вадзім Мажэйка:

— З аднаго боку, варта публічна прызнаць, што ў акадэмічным асяроддзі даўно з’яўляецца сакрэтам палішынеля той факт, што завочная адукацыя часцяком недалёка адышла ад прафанацыі. Для апісання яе якасці лепш за ўсё падыдзе вядомы анекдот: “Верабей — гэта той жа салавей, толькі кансерваторыю ён скончыў завочна”. Ды і для многіх выкладчыкаў прыезд завочнікаў — толькі дадатковая нагрузка. І мэтай становіцца хутчэй з ёй разабрацца, не маючы ілюзій наконт якасці атрыманых экспрэс-метадам ведаў.

З другога боку, сусветная тэндэнцыя сёння такая, што завочная адукацыя (у той ці іншай форме) набірае папулярнасць. Аднак яна абапіраецца не на прывычныя для нас формы “сесій-марафонаў”, а на пастаянную самастойную дыстанцыйную работу. Па сутнасці, гэта і ёсць завочная форма навучання, але максімальна асучасненая. Студэнты выконваюць заданні і здаюць эсэ праз анлайн-платформы, накшталт Moodle, там жа знаходзяць неабходную для чытання літаратуру і відэакурсы. Можна паглядзець відэатрансляцыю з лекцыі прафесара на другім краі свету або атрымаць кансультацыі ў спецыяліста па Skype. Усё гэта дазваляе зэканоміць шмат часу і грошай. Ды і асабістая яўка не заўсёды магчымая для загружаных працай людзей.

Такім чынам, ад завочнай адукацыі не варта адмаўляцца ў прынцыпе, лі-чыць эксперт. Проста трэба адыходзіць ад савецкай практыкі. І самае галоўнае — будзе вельмі крыўдна, калі добрае распачынанне ператворыцца ўсяго толькі ў ілюзію бурнай дзейнасці.

Адна з нямногіх ВНУ краіны, дзе практыкуюцца адразу і дыстанцыйная, і завочная формы навучання, — БДУІР.

— Вядома, у любых рэформ заўсёды шмат сапернікаў, і сфера адукацыі — адна з тых, дзе разгараюцца самыя гарачыя баталіі паміж прыхільнікамі наватарства і тымі, часам вельмі нават паважанымі людзьмі, якія перамен катэгарычна не прымаюць, — адзначае рэктар універсітэта Міхаіл Батура. — Але трэба кіравацца меркаваннямі, што ў чалавека, які хоча атрымаць адукацыю, заўсёды павінен быць выбар. У БДУІР з больш як 15 тысяч студэнтаў каля 6 тысяч — завочнікі і 440 навучаюцца дыстанцыйна. У нас дыстанцыйная форма пачала прыжывацца ўжо з 2002 года, а з 2009-га мы ажыццяўляем паўнацэнны набор. Сёлета нават увялі выкладанне на замежнай мове, і ў нас дыстанцыйна навучаюцца 28 грамадзян ЗША. Усё ідзе нармальна і без збояў.

Дарэчы, цяпер мы падрыхтавалі “лакальныя” дакументы для сваёй ВНУ: Палажэнне аб дыстанцыйных адукацыйных тэхналогіях і Палажэнне аб дыстанцыйнай форме навучання. Накіравалі свае прапановы ў Міністэрства адукацыі, прапануем выкарыстаць наш досвед, а заадно і зацвердзіць галіновыя стандарты дыстанцыйнага навучання. У Расіі яны ўжо існуюць.

У чым заключаецца іх зручнасць, можна паказаць на канкрэтных прыкладах. Напрыклад, паступіў да нас студэнт, адвучыўся два курсы на дзённым аддзяленні, потым знайшоў падзаработак. Ён не можа наведваць лекцыі ў адзін з дзён, і мы дазваляем яму прайсці курс якой-небудзь з дысцыплін дыстанцыйна. Калі нормы будуць прынятыя ва ўсёй сістэме вышэйшай адукацыі, то, дапусцім, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта зможа прайсці ў нас навучанне па якім-небудзь прадмеце. А ў яго ВНУ яму афіцыйна залічаць сертыфікат. Гэта зна-чыць, гэта вельмі гібкая і зручная, перш за ўсё для студэнтаў, сістэма.

Шматлікія эксперты гавораць, што ў будучых пераменах ёсць некаторы элемент несумленнай гульні Мінадукацыі на карысць дзяржаўных ВНУ. Бо менавіта “прыватнікі” навучаюць ільвіную долю ўсіх завочнікаў. Пры-чым у прыёмных камісіях недзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў падкрэсліваюць, што лічбы набору маглі б быць і вышэйшыя, калі б не прынятая некалькі гадоў назад пастанова аб абавязковым працаўладкаванні абітурыента па спецыяльнасці. Пасля ўваходжання ў сілу дэкрэта “аб дармаедстве” многія кінуліся ў бюро па працаўладкаванні, на рынку працы ўтварыўся відавочны перабор, уладкавацца цяпер складана на любую работу. А тут яшчэ папаўзлі чуткі, што “завочку” наогул ліквідуюць. Тым не менш панікі пакуль не назіраецца.

— Думаю, цяпер гаворка ідзе пра змены ў праграмах навучання дзяржаўных ВНУ, — гаворыць рэктар УА “Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва” Аляксандр Сямешка. — І то гэта толькі перспектыва. Ну а калі пытанне закране і нас, то напэўна гэта таксама не будзе імгненным рашэннем. На гэты год планы набору ў нас зацверджаныя. Ёсць і завочнікі, і студэнты дзённых і вячэрніх аддзяленняў, і нават тыя, хто навучаецца па скарочанай праграме. Мы і без падказкі міністэрства на ўсю моц працуем над пашырэннем сістэмы дыстанцыйнага навучання. Проста таму, што яна зручная і сучасная. Карацей кажучы, усе пытанні вырашальныя, і я не стаў бы лішні раз панікаваць.

Вольга Бябеніна


Гэтыя карты не зблытаеш

Гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў школах Беларусі будуць вучыць па новых дапаможніках



Да 70-годдзя Перамогі ў Беларусі выдадзены першы спецыяльны школьны атлас “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. Атлас складзены пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Кавалені. Ён адзначыў, што гістарычныя факты ўдакладнены па архіўных матэрыялах, якія ў апошнія гады разам збіралі навукоўцы:

— Гэта першае такое выданне. Даты, імёны, падзеі выкладзены наглядна. Візуальна яны лепш запамінаюцца. 21 карта асвятляе дзейнасць войскаў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі Беларусі, расказвае пра прычыны Другой сусветнай вайны і яе падзеі ў нашай краіне і свеце аж да 1945 года.

У беларускіх школах дапаможнік з’явіцца з 1 верасня. Выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара “Белкартаграфіі” Галіна Ляхава падкрэсліла, што ўся работа над новымі картамі вялася пад дэвізам “Ніхто не забыты, нішто не забыта”:

— Таксама ўбачыла свет карта памятных месцаў “70 гадоў Вялікай Перамогі” на рускай і англійскай мовах. У маштабе 1:1100000 адзначаныя мемарыяльныя комплексы ў памяць аб падзеях вайны, населеныя пункты, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter