Наведваючы Навагрудак нельга не зайсці на акружаную глыбокім рвом Замкавую гару

Трывалая руіна для нашчадкаў

Наведваючы Навагрудак, гуляючы па яго старажытным вулачкам, нельга не зайсці на акружаную глыбокім рвом Замкавую гару
Наведваючы Навагрудак, гуляючы па яго старажытным вулачкам, нельга не зайсці на акружаную глыбокім рвом Замкавую гару. Гэта знакавае для нашай гісторыі месца. Некалі тут узвышаўся знакаміты Навагрудскі замак. Пабудаваны ў XIII—XVI стагоддзях, ён быў адным з буйнейшых абаронных збудаванняў у Цэнтральнай Еўропе і самым магутным умацаваннем на беларускіх землях — у адрозненне ад іншых, адзіны меў сем вежаў.

12р1-168126-18 - 500.jpg


Так было. Сёння ж ад замка захаваліся толькі руіны. Але і гэтыя рэшткі сцен і вежаў яскрава сведчаць пра колішнюю яго магутнасць, штодня да іх прыходзяць турысты, каб дакрануцца да велічных муроў, палюбавацца з вышыні адкрытымі воку абсягамі і адчуць подых сівой гісторыі. 


Вось і я ў нядаўні свой прыезд у Навагрудак не абмінула зайсці на замчышча. Як вядома, з 2012 года згодна з Дзяржаўнай праграмай «Замкі Беларусі» тут праводзяцца мерапрыемствы па кансервацыі і частковай рэканструкцыі, у выніку іх помнік гісторыі стане яшчэ больш прывабны для турыстаў і набудзе рэспектабельны знешні выгляд.


— Галоўная мэта — стварыць з рэшткаў Навагрудскага замка так званую трывалую руіну, гэта азначае максімальна захаваць тое, што ад яго засталося. Спецыялісты лічаць, што цалкам аднаўляць замак немэтазгодна, хаця б па той простай прычыне, што невядома дакладна, як ён выглядаў, існуе некалькі меркаванняў. Да таго ж, калі пабудаваць замак нанова, знікне гісторыя і аўтэнтычнасць, — расказвае мая спадарожніца, загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко. 


Як вядома, да пачатку XIX стагоддзя ад верхняй часткі замка засталіся толькі тры вежы. Першай разбурылася Дазорца. У пачатку XX стагоддзя абрушыліся паўднёвая сцяна Цэнтральнай, альбо Шчытавой, і часткі сцен Касцёльнай вежаў. Толькі ў 1921 годзе руіны замка былі ўзятыя пад ахову, а ў 1922—1929 гадах у ім правялі частковую кансервацыю таго, што ацалела. Сцены Касцёльнай вежы тады былі фактычна складзены нанова. Менавіта рэшткі так званых Шчытоўкі і Касцёлкі да апошняга часу і ўзвышаліся на замчышчы.


Што ж убачаць тут будучыя наведвальнікі? 


Мяркуецца, што пасля заканчэння ўсіх работ адкрытымі для агляду стануць пяць вежаў Навагрудскага замка: Малая брама, Пасадская, Дазорца, Касцёльная, Шчытоўка. Астатнія вежы пакажуць аплікацыямі, з зямлі часткова выйдуць праслы сцен. Такім чынам, цалкам па перыметры замак абазначаць у межах XVІ стагоддзя. 


Страты, якія панесла Шчытоўка, будуць часткова адноўлены. Вежу накрыюць дахам, плануецца, што ў ёй размесцяцца музейныя экспанаты.


З сярэдзіны 1990-х абгароджаныя кансервацыйнымі рыштаваннямі стаялі рэшткі Касцёльнай вежы, яна знаходзілася ў вельмі складаным стане. Цяпер яе фундамент умацаваны. Вежа часткова рэканструюецца. Выкарыстоўваюць для гэтага спецыяльную кансервацыйную цэглу, вырабленую на Гарынскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Яна крыху большая, чым звычайная, па памеры і адпавядае вялікай колькасці патрабаванняў, у прыватнасці па цепла- і водаўстойлівасці.


На дадатковае ўмацаванне грунту вакол Касцёлкі спатрэбіцца 100 тон зямлі. Яе знімуць з чашы замчышча, што дазволіць адначасова пачысціць і ўнутраную тэрыторыю. Як вядома, яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя сюды пачалі звозіць будаўнічае смецце з усяго горада, яно пакрывае руіны замкавых пабудоў амаль паўтараметровым пластом. 


Пад зямлёй зараз знаходзяцца і рэшткі царквы канца ХІІІ стагоддзя. Месца, дзе яна стаяла, пазначаць аплікацыяй, магчыма кветкавай. А вось муроўку палаца, які таксама размяшчаўся на тэрыторыі замка, спецыялісты, калі будзе магчыма, адкрыюць на ўзровень каля 50 сантыметраў. 


Паводле слоў Наталлі Жышко, каля 2 мільярдаў рублёў ужо выдаткавана на работы на замку. Фінансаванне вядзецца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Завяршыць работы плануецца ў 2015 годзе. 


ДАРЭЧЫ

У сценах Навагрудскага замка — колішняй рэзідэнцыі літоўскіх князёў праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ён быў месцам правядзення сесій Галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Па некаторых звестках, Навагрудак стаў першай сталіцай ВКЛ. Спецыялісты мяркуюць, што тут у 1253 годзе прайшла каранацыя князя Міндоўга. У 1395 годзе ў замку прымалі вялікага князя Вітаўта. Гасцяваў тут і польскі кароль Уладзіслаў Ягайла, калі ў Фарным касцёле браўся шлюбам з Сафіяй Гальшанскай у 1422-м.


ПАДРАБЯЗНАСЦІ

Хтосьцi шукае, а хтосьцi знаходзіць

На пачатку работ па кансервацыі на Навагрудскім замку працавалі археолагі, але нічога сенсацыйнага, на жаль, не знайшлі. Зрэшты, яны не першыя, хто праводзіў тут раскопкі. У 1920-х гадах, калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы, на замку працавалі польскія рэстаўратары і археолагі. Ці знайшлі нешта каштоўнае, цяжка сказаць, мяркуе старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Мяцельскі. Падрабязных справаздач не захавалася, ёсць толькі невялікая публікацыя, дзе гаворка ідзе ў асноўным аб расчыстцы замка, яго архітэктуры і штогадовым недахопе сродкаў для завяршэння работ. Дарэчы, тады пры расчыстцы замка з будаўнічым смеццем быў зняты і культурны пласт XVII—XVIII стагоддзяў. 
А вось з канца 1950-х даследаванні больш за 25 сезонаў праводзілі спецыялісты Ленінградскага аддзялення Iнстытута археалогіі АН СССР і Эрмітажа. Тады багатыя знаходкі былі  ў тым ліку асабліва каштоўныя, як, напрыклад, распісная фарфоравая арабская чаша XIII стагоддзя ці ўнікальны артэфакт — шкляны разбяны «Кубак Святой Ядвігі». У сярэднявеччы такую рэч не мог купіць нават вельмі багаты чалавек. Гэта быў знакавы прадмет, даступны нямногім. У свеце налічваецца 25 падобных кубкаў. Яны лічацца царскім атрыбутам, які выкарыстоўвалі ў час каранацый. Паводле падання, кубкі належалі польскай каралеве Ядвізе і вада ў іх станавілася віном. 


Навагрудскі кубак захоўваецца ў калекцыі Эрмітажа. Прычым, мяркуючы па публікацыі Фрыды Гурэвіч, якая кіравала тады раскопкамі, падобных кубкаў у Навагрудскім замку было некалькі, бо былі знойдзеныя фрагменты іншых такіх жа пасудзін. 


У ТЭМУ

Гэтым летам у самым цэнтры Навагрудка нашы археолагі трапілі на ўнікальную гістарычную забудову. У ёй не меньш  як чатыры ярусы зрубаў розных перыядаў, напластаваных адзін на другі. Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гаворыць, што пакуль цяжка ўдакладніць, у якія глыбіні сягае ўзрост ніжніх пабудоў, яшчэ ідзе апрацоўка матэрыялаў. Але верхнюю, мяркуючы па ўзросце дрэва, датуюць 1613 годам, усе астатнія — ранейшыя. Вялікая колькасць шкляных бутэлек, чарак, стопак дазваляе меркаваць, што верхні зруб мог быць карчмой. Астатнія пабудовы — жылыя, што пацвярджае побытавы характар знаходак. Іх дыяпазон — ад XII, магчыма, нават канца XI стагоддзя і да XVIII. Пераважная большасць датуецца XV—XVII стагоддзямi, асабліва добра прадстаўлена XVI стагоддзе.

Што ж яшчэ знайшлі? Касцяны грабенчык з арнаментам XII  стагоддзя, фрагмент шкляного бранзалета, магчыма, пачатку XIII стагоддзя, вялікую колькасць жалезных прадметаў і посуду, зробленае цалкам з дрэва кола і нават шкарлупку ад яечка нейкай дзікай птушкі. Вельмі цікавы артэфакт — пячная кафля з манаграмай Жыгімонта Аўгуста, сына Жыгімонта І  і каралевы Бонны, вялікага князя літоўскага, а пасля смерці бацькі і караля польскага. Такая знаходка дазваляе меркаваць, што адна з раскапаных сядзіб належала каралеўскай сям’і. Напэўна, гэтым тлумачыцца і вялікая колькасць знойдзенага іншаземнага посуду, у тым ліку і дэкаратыўнага. Цяпер усе знаходкі даследуюцца, рыхтуюцца да кансервацыі зрубы. Яны застануцца ў Навагрудку, у якім выглядзе іх экспанаваць, пакуль вырашаецца.


Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter