Трыумфальная арка Хаіма Суціна

Сын шаўца прайшоў праз усю Еўропу, каб адкрыць акно ў Парыж і здабыць вечную славу “Ці можна было сабе ўявіць, што аб работах гэтага кволага падлетка, ураджэнца беларускага мястэчка Смілавічы, будуць марыць музеі ўсяго свету?” Ілья Эрэнбург

Сын шаўца прайшоў праз усю Еўропу, каб адкрыць акно ў Парыж і здабыць вечную славу

“Ці можна было сабе ўявіць, што аб работах гэтага кволага падлетка, ураджэнца беларускага мястэчка Смілавічы, будуць марыць музеі ўсяго свету?” Ілья Эрэнбург

Смілавічы з нядаўняга часу пачалі вырастаць у прыкметны турыстычны цэнтр. У тым ліку і дзякуючы французскаму мастаку Хаіму Суціну. Майстар, чые творы каштуюць мільёны долараў, нарадзіўся на Беларусі і па значнасці ў мастацкай культуры можа лічыцца нашым “другім Шагалам”.

Першы крок да славы

Ад рысункаў вугельчыкам на сцяне да школы Кругера

Хаім Суцін з’явіўся на свет у сям’і звычайнага шаўца ў мястэчку Смілавічы, што некалі належала да Ігуменскага павета, а цяпер уваходзіць у Чэрвеньскі раён. Дзень нараджэння хлапчука — 13 студзеня 1893 года — мо і быў адзначаны на небе падзеннем шчаслівай зоркі, але маленства Хаіма зусім не давала падстаў для веры ў лепшую долю. Штодня бацька Саламон лапіў боты кліентам, маці балела галава, як пракарміць шматдзетнае сямейства. А Хаім рысаваў на сценах вугельчыкам. І яго дзівацтва, натуральна, ніхто не разумеў, падлетка ўпікалі: “Чаго лынды б’еш? Ідзі бацьку памажы!”. Не бачылі бацькі ў сваім дзіцяці генія, так, як не было каму разгледзець талент у коласаўскім Сымоне-музыку... Маці, аднак, урэшце ўцяміла, што дзіця не перайначыць і трэба даць яму шанц знайсці сябе на ўласнай сцяжыне, таму сабрала дваццаць пяць рублёў, уручыла сыну — і благаславіла на паездку ў Мінск, у вялікі горад па вялікую навуку. У Мінску Хаім, якому ўжо споўнілася чатырнаццаць, а на дварэ стаяў 1907 год, уладкаваўся ў школу малюнка Янкеля Кругера. Кругеравы работы цяпер выстаўлены на самым відным месцы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Не ведаў Янкель Мордухавіч, што карціны яго выхаванца зоймуць пачэсныя месцы ў буйнейшых галерэях свету. Аднак ужо ў 1910 годзе няўрымслівы Хаім зноў выпраўляецца ў дарогу — у Вільню. Тут яму сапраўды шанцуе, бо на хваравітага маладога мастака звяртае ўвагу адзін мецэнат і — неверагодна! — камандзіруе здольнага хлопца працягваць вучобу ў Францыю.

Другі крок да славы

Ад сяброўства з Мадыльяні да ўласнай студыі з відам на Сену

У Мінску Суцін засвоіў тэхніку жывапісу, у Вільні набраўся вопыту. А ў Парыжы да яго прыйшла вядомасць. Але спярша была вучоба ў акадэміі выяўленчага мастацтва ўперамежку з паходамі ў Луўр — па навуку да шэдэўраў Гойі, Эль Грэка, Рэмбранта. Суціна атачалі такія ж, як ён сам, паплечнікі-мастакі: зямляк Шагал, Лежэ, Ліпшыц, Цадкін. Асабліва блізкія стасункі склаліся ў Хаіма з Амедэа Мадыльяні, адным з найвядомейшых майстроў экспрэсіянізму канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Прыгажосць у жыцці маладога творцы, аднак, з’яўлялася рэдкім пробліскам у тумане будзённасці. Галеча ішла за Хаімам, наступаючы на пяткі. Рускі пісьменнік Ілья Эрэнбург, які бачыўся з Суціным у Парыжы, згадваў пасля, што ў мастака “былі вочы загнанага звера”. На жаль, проза жыцця Хаіма складалася з працы грузчыка, насільшчыка на вакзале, землякопа, вартаўніка, дэкаратара і нават натуршчыка. Пазіраваць іншым майстрам яму, аднак, давялося нядоўга. У 1915 годзе Мадыльяні ўладкоўвае Суціна ў майстэрню скульптара Аскара Мешчанінава, выхадца з Расіі. Мешчанінаў, чалавек надзвычай зычлівы, стварыў для земляка атмасферу, пра якую Хаім мог толькі марыць: хатнюю ўтульнасць і ідэальныя ўмовы для работы. Мадыльяні адыграў ролю сапраўднага анёла-ахоўніка: ён пазнаёміў прыяцеля з Леапольдам Збароўскім, які адправіў Суціна ў творчы адпачынак на Блакітны Бераг Францыі, а ўсе работы мастака са Смілавічаў выставіў у сваёй парыжскай галерэі. У 1922 годзе Хаім вярнуўся з Ніццы ў Парыж. “Сталіца свету” здалася яму зусім інакшай, чым у час першага візіту сюды. Сябрук Збароўскі зрабіў к таму часу прозвішча Суціна “брэндам”: яго карціны сталі раскупляць, браць на выстаўкі... У 1923 годзе Суцін прадаў амаль дзвесце работ! На тое, што ўтаргаваў, мастак набывае памяшканне з відам на Сену і ўладкоўвае тут уласную студыю. Хто з творцаў не мроіць дагэтуль пра ўласны куточак ля Эйфелевай вежы, Трыумфальнай аркі?! У 1927 годзе праходзіць першая персанальная выстава ўраджэнца Беларусі ў Парыжы, у 1929 годзе пра ўчарашняга эмігранта і бедняка выдаюць манаграфію. Мадыльяні меў рацыю, калі казаў Суціну: “Ты геніяльны мастак”. Без падтрымкі калегі ці здарыўся б цуд адкрыцця імені смілавіцкага хлопца ўсяму свету? Як жа ўсё ж важна, каб нехта, як Мадыльяні, убачыў у табе талент, дапамог прайсці пакручасты шлях праз церні да зорак...

Трэці крок да славы

Ад Парнаса да Манпарнаса

Найбольш яркі перыяд у жыцці Суціна прыпаў на гады пасля Першай сусветнай вайны. На Заходнім фронце без перамен, дарэчы, не абышлося ў творчасці майстра, які адлюстраваў крывавыя падзеі ў сваіх карцінах. Адзін з найбольш знакавых твораў — “Чырвоныя гладыёлусы”: чуваць, як кветкі крычаць на палатне. Чужыя пакуты Хаім успрымаў занадта блізка да сэрца. Грошы не зрабілі яго чэрствым. Ён добра памятаў, з чаго пачынаўся яго ўласны лёс. Скончылася лінія долі мастака на сорак дзевятым годзе жыцця. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны Суцін не паспеў з’ехаць з акупіраванай нацыстамі Францыі. Ад хвалявання, што фашысты яго закатуюць, у майстра разыграліся хваробы страўніка, абвастрыўся перытаніт. Няўдалая аперацыя — і 9 жніўня 1943 года вялікі жывапісец памірае. Хаваюць яго на могілках Манпарнас, побач з Шарлем Бадлерам, Гі дэ Мапасанам, Сэмюэлам Бэкетам. Паводле ўспамінаў, за труной мастака ішоў толькі Пікасо ды некалькі адданых сяброў. Постаць нашага суайчынніка пасля вайны была ўвекавечана ў скульптуры ў цэнтры Парыжа: невысокага мужчыну ў насунутым на вочы капелюшы абдзімае вецер, ён трымае рукі ў кішэнях паліто і думае пра вечнасць...

Чацвёрты крок да славы

Ад ЮНЕСКА да філіжанкі кавы

Па вялікім рахунку, у Смілавічах толькі летась даведаліся, што на другім канцы Еўропы іх зямляк выбіўся ў людзі і здабыў сусветную славу. “Прасвятленне” адбылося дзякуючы руплівасці Уладзіміра Шчаснага, старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. Разам з Нацыянальным мастацкім музеем прадстаўніцтва ЮНЕСКА арганізавала ў смілавіцкім Доме дзіцячай творчасці культурны цэнтр, прысвечаны Суціну. У дзвюх залах экспануюцца карціны мастака, дакументы, што сведчаць пра яго карані на тутэйшай зямлі. Атрымалася, зрэшты, нешта большае, чым музей аднаго чалавека. Тут размешчаны стэнды пра гісторыю мястэчка, пра славутыя роды Ваньковічаў і Манюшкаў, якія валодалі тутэйшым краем і далі свету яшчэ дзвюх “зорак” — кампазітара Станіслава Манюшку і мастака Валенція Ваньковіча. Паглядзелі экспазіцыю? Прысядзьце, закажыце філіжанку кавы. У музеі Суціна прапануюць і такую незвычайную паслугу: выпіць чорнага напітку, уявіць, што вы нібыта седзіце ў парыжскай кавярні, у самым асяродку багемнага жыцця Еўропы. Турфірмы пачалі ўжо выкарыстоўваць блізкасць Смілавічаў да Мінска — на пачатку лета са сталіцы ў мястэчка пайшлі першыя караваны экскурсійных аўтобусаў. Падарожжа атрымала нават сваю фірменную назву — “Смілавіцкая мазаіка”. А мінская багема тым часам спяшаецца зрабіць уклад ва ўшанаванне памяці Суціна. Народны мастак Беларусі Май Данцыг падарыў музею два малюнкі, выкананыя ягоным бацькам, які — хто б мог падумаць! — вучыўся з Хаімам у школе Кругера! Вось такі цесны свет. І ўсё ў ім вяртаецца на кругі свае, а Суцін — дамоў, на сваю радзіму Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter