Трынаццаць шчаслівых гадоў

Побач з аддзяленнем паштовай сувязі Пескі Бярозаўскага раёна праходзіць ажыўленая траса на Драгічын. Паслугамі пошты карыстаюцца і мясцовыя, і жыхары суседняга горада энергетыкаў — Белаазёрска, а таксама транзітныя кліенты. Акрамя паштовых аперацый, можна аформіць страхоўку, аплаціць камунальныя паслугі і скарыстацца іншымі відамі разлікаў. Хапае клопатаў у аператара паштовай сувязі Людмілы Мелех. Хутка яна авалодала камп'ютарнай тэхнікай і паспяхова спраўляецца з абавязкамі.



Трынаццаць гадоў таму Людміла Сяргееўна пачынала працу паштальёнам. Кожны з іх яна лічыць шчаслівым. Дастаўляла карэспандэнцыю жыхарам аграгарадка Пескі і суседняй вёскі Вайцяшын. Населеныя пункты шматлюдныя. Больш за дзве тысячы жыхароў пражывае ў іх. Многія выпісваюць перыёдыку. Ёсць і сябры нашага выдання. Пастаянныя чытачы «Сельской газеты» — спецыялісты і працаўнікі ААТ «Пескаўскае», іншыя вяскоўцы. У час падпісной кампаніі Людміла Сяргееўна дапамагае землякам зарыентавацца ў выбары газет і часопісаў. Ведае амаль кожнага тутэйшага.

У Песках яна нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння сярэдняй школы працавала санітаркай у амбулаторыі. Выйшла замуж. Маладыя купілі дом у аграгарадку Пескі. На прысядзібным участку пасадзілі сад. Людміла Сяргееўна з мужам Іванам Іванавічам выхавалі дачку Хрысціну і сына Вадзіма. Дзеці працуюць у Мінску.

Два гады таму Людміла Мелех завочна скончыла сталічны вышэйшы дзяржаўны каледж паштовай сувязі. У час адпачынку замяняе начальніка Вольгу Бруйло. Аддзяленне паштовай сувязі Пескі неаднаразова прызнавалася лепшым у Бярозаўскім раёне. Заслуга ў гэтым і аператара Людмілы Мелех.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter