«Трымцела на вятры кахання…»

Паэтэса Стася Кацюргіна жадае пачуць і ўбачыць свет па-новаму

Пачынаючая паэтэса Стася Кацюргіна жадае пачуць і ўбачыць свет па-новаму

…Падзею нараджэння зоркі на небе наўрад ці імгненна адзначыць наша вока. Пройдзе колькі часу, пакуль людзі па-сапраўднаму ацэняць яе прыгажосць і непаўторнасць. А да гэтага яе веліч будуць сузіраць толькі палымяныя рамантыкі… Так адбываецца і з тымі зоркамі, што запальваюцца на небасхіле мастацтва. Іх з’яўленне спачатку заўважаюць нямногія. Святло Стасі Кацюргіной, народжанае мастацтвам паэтычнага слова, ужо ляціць да нас. Прывітаем яго…

«Толькі песні мае пасталелі…»

Паэтычны талент Анастасія Кацюргіна, ці, як больш даспадобы самой гераіні, Стася, адкрыла ў сабе даволі даўно. У гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля, што ў Гомелі, незвычайныя здольнасці выхаванкі заўважалі настаўнікі, дома — самыя родныя і дарагія людзі. Развіваць іх аўтарка пачала ў школе «Малады літаратар», якую наведвала з шаснаццаці год, пад кіраўніцтвам Ніны Шкляравай. Не абышлі вершы Стасі і пільнай увагі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Міхася Башлакова. Вердыкт «самага жорсткага паэта Беларусі», як ён сам сябе называе, быў адназначны: трэба, каб паэтэсу заўважылі! Насця была яшчэ гімназісткай, калі лепшыя яе творы трапілі ў рукі мэтра літаратуры, які займаўся ўкладаннем зборніка вершаў «Маладая паэзія Беларусі». Гэта былі чыстыя, пранікнёныя, шчырыя вершы пра каханне. Яны выдзяляліся сярод твораў іншых аўтараў, хоць і мелі пэўныя недахопы. Тым не менш поўнілі душу цеплынёй, краналі за жывое.

І вось сёлета 19-гадовая студэнтка другога курса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны падаравала ўжо чытачам свае першыя зборнікі, якія выйшлі амаль адначасова, — «Пад ветразем ранку» і «Парасон». Чытаючы іх, разумееш: аўтар — чалавек, які сам зведаў шаленства кахання, таму вершы народжаныя сэрцам. У прадмове да кнігі «Пад ветразем ранку» Міхась Башлакоў слушна заўважае: «Раскрыць сваю душу перад чытачом напоўніцу да­дзена не кожнаму. У Анастасіі Кацюргіной гэта не проста вершы пра каханне, гэта маленне аб каханні, часам нясмелым і безнадзейным, а часцей — апантаным і страсным».

Сваю прыхільнасць да тэмы кахання Стася Кацюргіна тлумачыць вельмі проста: «Калі мяне пачынаюць распытваць пра гэта, я заўсёды ўспамінаю словы гомельскага паэта Івана Бісева (паэта і філосафа як у творчасці, так і ў жыцці): «не трэба браць непад’ёмныя тэмы». Цяжка не зга-дзіцца, калі ёсць патрабавальнасць да сябе, да вершаў, якія ўжо пішуцца не ў стол. Самая «пад’ёмная» зараз для мяне — тэма кахання, таму што ёсць ужо невялікі вопыт, душэўнае ўражанне. Хочацца быць дакладнай і ў пачуццях, і ў вобразах!»

Часам зварот да гэтай тэмы некаторыя тлумачаць недастатковым веданнем жыцця: быццам бы творца не можа сказаць нічога іншага. Але такую пазіцыю нельга ўспрымаць адназначна. Сёння паэта хвалююць выключна праявы пачуцця, а заўтра ці праз год ён звернецца да філасофскіх разваг над сэнсам чалавечага жыцця. Наша гераіня таксама адзначае: «У мяне ёсць жаданне ісці далей, пачуць і ўбачыць свет па-новаму, пашырыць межы свайго ўспрыняцця».

«Разліваю памяці святло…»

Мовай сваіх твораў дзяўчына абрала беларускую. «Гэта мая мова, — тлумачыць Стася, — пісаць і марыць на ёй мне лягчэй. Так атрымалася, што ўсе мае сябры — прыхільнікі роднай мовы, я таксама. Першым штуршком да спробы напісання беларускіх вершаў стала знаёмства з творчасцю Раісы Баравіковай, але найбольш паўплывалі на маё светабачанне і адчуванне мовы паэты Міхась Башлакоў і Ніна Шклярава, а таксама мая настаўніца беларускай мовы Ала Паўлаўна Грэк».

Менавіта любоў і пашана да роднага слова і Беларусі, памяць пра свае карані прывялі дзяўчыну вучыцца на факультэт беларускай філалогіі, ёй падабаецца «глядзець на мову знутры».

Амаль самым дарагім ва ўсе часы людзі лічылі здольнасць да самакрытыкі. Звярнуць увагу на свае недахопы і пасмяяцца з іх, тактоўна заўважыць станоўчыя моманты і не пера-ацаніць важнасць уласнай персоны — вось тое, чаго вельмі часта нестае многім. Экзамен па крытыцы прай­шла і Стася Кацюргіна. Свой сённяшні творчы ўзровень яна ацэньвае як пачатковы і зазначае, што трэба яшчэ расці.

Тым не менш ужо зараз, згодна з прыблізнымі падлікамі, паэтычны арсенал дзяўчыны складае каля пяці тысяч вершаў на беларускай і рускай мовах! Праўда, вартымі чытацкай увагі яна лічыць толькі пяцьдзясят твораў.

Стася лічыць, што напісанне вершаў — гэта навука, для спасціжэння якой патрэбны талент. Але толькі яго мала: ён часцей дорыць запал. Вектар жа дае сістэма — навука. Яна і творчасць — непадзельныя.

Пра планы на будучыню Анастасія Кацюргіна стараецца не казаць: усё ж такі гэта вельмі асабістае. Абмінае яна і пытанне далейшай паэтычнай дзейнасці. Безумоўна, калі будзе што сказаць, калі будзе натхненне, то яго не схаваеш у скрыню і не пакінеш за дзвярыма.

Пакуль жа натхненне ёсць, і нават седзячы на занятках ва ўніверсітэце, дзяўчына стварае вершы, вельмі добрыя вершы, якім проста суджана дайсці да сваіх удзячных чытачоў. Застаецца толькі ўбачыць святло нованароджанай зоркі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter