Карэспандэнт «Р» адпрацавала дзень на аплочваемых грамадскіх работах

Трымайце сябе ў руках

Што рабіць, калі ты часова беспрацоўны? Галоўнае — не адчайвацца: па сутнасці, на кожнага непрацаўладкаванага ў Мінску прыходзіцца 1,2 вакансіі. Цэнтры занятасці ў сілу сваіх магчымасцей прапануюць жыхарам таксама грамадскія і часовыя работы. Карэспандэнт «Р» уладкавалася на адзін дзень на часовую працу і паглядзела, што гэта такое.

З біржы працы на агароднінную фабрыку адпраўляюць амаль адных мужчын. Усе яны, як правіла, ва ўзросце

Расплюшчыла вочы пад нязносны роў будзільніка а шостай гадзіне раніцы. Адразу спужалася: на першы працоў­ны дзень нельга спазняцца. Сняда­нак на хуткую руку прыгадаў мне лет­ні студатрад па зборы яблыкаў. Тады я таксама рана прачыналася і ехала ў супрацьлеглы бок Мінска, каб толькі паспець на калгасны аўто­бус.

У 7.45 брыгады збіраюцца каля канторы Мінскай агародніннай фабрыкі. Пакуль чакаем аўтобуса, старшыня прафкама Таццяна Ждановіч расказвае пра сельскагаспадарчае прадпрыемства:

— У наступным годзе фабрыка адзначыць 55-гадовы юбілей. Пры фабрыцы дзейнічаюць адна ферма і два малочнатаварныя комплексы. Ёсць уласны цэх па вырабе чаю. У нас 18 гектараў цяпліц з агароднінай і больш за 5 тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Чаго мы толькі не вырошчваем! Агуркі, памідоры, перцы, баклажаны, мор­кву, капусту, кабачкі, часнок, цы­булю, бульбу…

Каб уладкавацца на часовую або грамадскую працу, варта звярнуцца ў цэнтр занятасці свайго раёна. Тады вы пападаеце на чаргу. Дарэчы, часовыя працы ў прапановах цэнтраў з’явіліся зусім нядаўна. У іх могуць паўдзель­нічаць усе жадаючыя. На грамадскія працы ўладкоўваюць у асноўным беспрацоўных. Яны павінны адпрацаваць мінімум адзін дзень за месяц і могуць застацца на 10 дзён. Толькі за сакавік у Мiнску такім чынам было ўладкавана 403 ча­лавекі.

Цэнтры занятасці даюць магчымасць зарабіць не толькі на сезонных працах, але і на прыбіранні памяшканняў і будаўнічага смец­ця, азеляненні тэрыторый, на пад­собных працах. Акрамя накіра­вання з цэнтра, на руках трэба мець пашпарт, страхавое пасведчанне і, у каго ёсць, працоўную кніжку. Даведку пра стан здароўя патрабуюць не заўсёды. Напрыклад, на палявода яна не патрэбна.

Участак з лекавымі травамі ў пяці хвілінах язды ад галоў­най базы. Сёння задача брыгады з шасці мужчын ад 45 гадоў і старэйшых — акультурваць кусты чорных парэчак. Я з цікавасцю далучаюся да працэсу. Насамрэч ніколі гэтага не рабіла. Праца аказалася няпыльнай: па спецыяльнай тэхналогіі адшчыквай сухія галінкі парэчак секатарам ды зграбай іх у асобную кучу. Праўда, надакучвае ўвесь час нагінацца.

Карэспандэнт «Р» на дзень уладкавалася на сельскагаспадарчую працу

— На 16 гектарах зямлі мы вырошчваем лекавыя і чайныя травы: мяту духмяную, эхінацыю, мелісу, — тлумачыць падчас перакуру вядучы аграном па вырошчванні чайных раслін Генадзь Адамовіч. — Летам тут такія пахі, аж галава кружыцца.

Генадзю даводзіцца кіраваць у асноўным жанчынамі, якія займаюцца вырабам чайных напояў. Калі яны не спраўляюцца з вялікім аб’ёмам працы, на дапамогу прыходзяць іншыя брыгады. Вось, напрыклад, сёння: на ўчастку адны мужчыны. Яны на працы толькі другі дзень. З біржы адразу ў поле.

З пачатку года на сезонныя працы на фабрыку прыйшлі 36 чалавек. З панядзелка далучыліся ажно 15. На сёння вакансій няма, але цякучасць кадраў няспынная: хутка звальняюцца — хутка прыходзяць новыя. Прычына гэтаму простая: сюды можна ўладкавацца без высокай кваліфікацыі і доўгай падрыхтоўкі.

Пётр Марскі працуе на фабрыцы другі дзень. Дагэтуль матаўся па прыватных заказах. У сувязі з Дэкрэтам № 3 ён звярнуўся ў цэнтр занятасці. Згаджаўся нават на працу двор­ніка. Галоўнае для яго — не прэстыж, а сумленны заробак.

— Па спецыяльнасці я слесар па апрацоўцы халоднага металу, — дзеліцца сваёй гісторыяй Пётр, пакуль зграбае сухое галлё ў кучу. — Сёння знайсці працу вельмі складана. Зараз я палявод. Мы ўсе тут працуем, таму што з’явілася магчымасць працаваць. Але ці надоўга гэта? Для мяне на полі праца толькі ў радасць. Калі-небудзь людзі будуць з асалодай есці гэтую ягаду.

Падчас абеду рушым да брыгады па зборы камення ў вёску Забалацце, што ў 20 кіламетрах ад Мінска. Тут справа больш складаная. Боты ажно гразнуць у сырой зямлі, калі нагінаешся за кожным каменем. У сярэднім адзін важыць 1—2 кілаграмы, але ёсць і па 7 кiло і больш. Трактар увесь час ідзе наперадзе, таму вельмі важна за ім паспяваць і не трапіць у каго-небудзь каменем.

Ужо праз дваццаць хвілін адчуваю, што стамілася. Як жа рабочыя вытрымліваюць так восем працоўных гадзін? Дарэчы, з біржы працы на агароднінную фабрыку адпраўляюць амаль адных мужчын. Усе яны, як правіла, ва ўзросце. Рэдкі выпадак, але могуць на сезонныя працы ўладкоўвацца і дзяўчаты гадоў 20—25.

— Насамрэч я электра­зваршчык. Мы ўсе ўлад­каваліся сюды праз біржу працы. Я стаяў на чарзе два месяцы. Саша вунь зусім з лістапада, — абурана расказвае Сяргей, пакуль трактар адвозіць чарговую партыю сабранага камення. — Да іх патэлефануеш — працы колькі пажадаеш. Прыходзіш на месца — няма вакансій. Цяпер уладкаваліся на час сезонных прац, потым нанава ў чарзе стой. Што тут рабіць?

Канешне, цягаць камяні ў гразкім полі, ды яшчэ супраць нязноснага ветру, нікому не пажадаеш. Ды і заробкі тут, што хітрыць, сціплыя. У сярэднім 12—15 рублёў за дзень. Але ж на хлеб, нават з маслам, хапіць павінна.

Пасля філасофскіх разважанняў і фізічнай стомленасці з нецярпеннем чакаеш аўтобуса, які вось-вось завязе цябе на базу. А там гадзінка — і цёплы душ. Я стала рознарабочай толькі на дзень, а ўражанняў хопіць яшчэ надоўга. Цікава, што рабіць тым, хто не здымае такую форму амаль ніколі?

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Вікторыя УСОВІЧ, намеснік кіраўніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, кіраўнік аддзела праграм спрыяння занятасці насельніцтва:


— Па стане на 24 сакавіка наймальнікі заявілі ў службы занятасці па Мінску 8,5 тысячы вакансій. Асноўны попыт на кадры фарміравалі арганізацыі будаўніцтва, аховы здароўя, сацыяльных паслуг, прамысловасці, гандлю, адукацыі. Удзельная вага вакансій для працоўных склала 46,6% (3,9 тысячы), з іх прафесіі некваліфікаванай працы — 8,6%. У лік найбольш запатрабаваных наймальнікамі прафесій увайшлі кухар, арматуршчык, мантажнік будаўнічых канструкцый, бетоншчык, швачка, муляр, прыбіральшчык памяшканняў, кантралёр. Сярод спецыялістаў — гэта ўрачы, інжынеры-праграмісты, спецыялісты па тэсціраванні праграмнага забеспячэння, медыцынскія сёстры, выхавальнікі дашкольнай адукацыі.

СТАТЫСТЫКА

На 1 сакавіка 2017 го­да ў нашай краіне налічвалася больш за 40,2 тысячы вакансій. Гэта амаль у 1,5 раза больш у параўнанні з мі­нулым годам. У студзені — лютым бягучага года ўладкавана на пастаянную працу больш за 19,1 тысячы чалавек, прайшлі прафадукацыю 1,2 тысячы чалавек, паўдзельнічалі ў платных грамадскіх працах 10,9 тысячы чалавек.

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Кацярыны СЯРГЕЙ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter