Тры Іваны і адна любоў

У ЗАТУХАЮЧАЙ вёсцы Забалацце, што ў кіламетры ад ажыўленай трасы з Бабруйска на Гомель, жыве вядомая некалі на ўсю Беларусь даярка Александрына Рыгораўна САКУН. Які год адна гаспадарыць. Спраўляецца ў восемдзесят два і з агародам, і з невялікім палісадам. Дапамагаюць сыны, нявесткі, унукі і праўнукі. Часты госць на падворку старшыня мясцовага СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёна Уладзімір Швачка. Гонар і пашану прынесла Александрыне Рыгораўне праца на малочна-таварнай ферме. За рэкордныя ў той час надоі яшчэ не маючая і трыццаці гадоў Александрына Сакун была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Землякі выбіралі яе дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР пятага склікання. Неаднаразова ўдзель- нічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

«Трыццаць гадоў не даю кароў, а яны ўсё сняцца», — узгадвае былое Герой Сацыялістычнай Працы Александрына Рыгораўна Сакун з бабруйскай вёскі Забалацце

У ЗАТУХАЮЧАЙ вёсцы Забалацце, што ў кіламетры ад ажыўленай трасы з Бабруйска на Гомель, жыве вядомая некалі на ўсю Беларусь даярка Александрына Рыгораўна САКУН. Які год адна гаспадарыць. Спраўляецца ў восемдзесят два і з агародам, і з невялікім палісадам. Дапамагаюць сыны, нявесткі, унукі і праўнукі. Часты госць на падворку старшыня мясцовага СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёна Уладзімір Швачка. Гонар і пашану прынесла Александрыне Рыгораўне праца на малочна-таварнай ферме. За рэкордныя ў той час надоі яшчэ не маючая і трыццаці гадоў Александрына Сакун была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Землякі выбіралі яе дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР пятага склікання. Неаднаразова ўдзель- нічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

НА ЯЕ падворку некалі стаяла маленькая, у тры акенцы, хатка, у якой прайшло дзяцінства дзяў- чынкі з паэтычным імем Александрына. Калі ёй было гадкоў пяць, бацьку зманіла з сям’і лепшая матчына сяброўка з другога канца вёскі. Урэзаўся ў дзіцячую памяць вечар, калі ўсхваляваная маці захутала яе ў цёплую хусціну і рынулася з хаты, каб пайсці да Улляны і пераканаць здрадніка-мужа вярнуцца. Спыніла бабуля. Выхапіла з рук збянтэжанай дачкі перапужаную ўнучку: «Сама можаш ісці, а дзіцё не пушчу!» Так і застаўся ў Улляны бацька. Падрастаючую Александрыну пры сустрэчы ён быццам і не заўважаў. У беднасці расла дзяўчынка.

— Толькі перад самай смерцю не ўтрымаўся бацька, папрасіў мяне выслухаць яго, — задуменна гаворыць Александрына Рыгораўна. — Траіх дзяцей нарадзіла яму Улляна. Позна было вяртацца назад. Жыццё іх прамільгнула ў сварках. А мы тым часам перабіваліся з хлеба на ваду. Улляна не магла перанесці, што я бацькава прозвішча насіла, кляла мяне, каб я з гэтым прозвішчам і не развіталася. Яе словы нябёсы пачулі. Мо, таму і замуж я пайшла за Івана Сакуна. І прозвішча не спатрэбілася мяняць.

— А былі іншыя кавалеры?

— А як жа. Праз плот з абедзвюх бакоў два Іваны прызнаваліся мне ў каханні, але сэрца млела ад трэцяга Івана. Бацькі суседзяў Іванаў добра да мяне ставіліся, нягледзячы, што вучобу я пасля пяці класаў спыніла. У школе была пераросткам. Першы клас да вайны закончыла, а за час акупацыі забыла ўсё.

— А што вам з вайны ўрэзалася ў памяць?

— Як адступалі нашы войскі. Пад вішнямі стаялі савецкія танкі, і мы круціліся каля іх. Яны толькі да Дняпра дайшлі, далей не змаглі. Спешна адступалі танкісты, і ім памылкова замест снарадаў падвезлі скрынкі з мылам. Яны і засталіся без боепрыпасаў.

Запомнілася, як нашы наступалі. Сонечным днём нямецкая конніца спынілася за ваколіцай. Немцы паселі кругам на траве і сталі іграць у карты. Хтосьці з падросткаў заўважыў, як з другога боку набліжаліся савецкія салдаты. Акружылі немцаў і забралі ў палон. У нашых мясцінах быў вядомы Бабруйскі кацёл. Пасля баёў мы баяліся ў лес ступіць, там засталося шмат снарадаў. Забітыя немцы ўсцілалі зямлю ўперамешку з раздутымі ад спякоты коньмі. Смурод стаяў доўга. Нават пасля вайны я не магла ў той лес хадзіць.

Пасля вызвалення адкрылася школа, пачалі вучыцца. Пасля пятага класа мне ўжо было чатырнаццаць гадоў, і я пайшла ў калгасную брыгаду. Вырошчвалі на тарфяніках кок-сагыз. Мяне звеннявой прызначылі, мы ў 1949 годзе больш за ўсіх здалі кок-сагызу. За гэта ўзнагародзілі першай граматай.

Загадчык фермы параіў маці: «Няхай твая дзеўка лепш ідзе кароў даіць». Тады ўся моладзь на цаліну выязджала, і тым, хто ішоў на ферму, давалі мех пшаніцы. І я атрымала таксама новы халат і гумавыя боты сорак трэцяга памеру, бо меншых не было.

У калгасе была ў перадавіках. Праўленне вы- пісала лесу. Тоўстыя бярвенні распілавалі, нанялі цесляроў і злажылі хату. Іван тады ў арміі служыў. А з другога боку падворка яшчэ адзін Іван вачэй не зводзіў. Пасля вяртання з арміі Іван Сакун сватацца прыйшоў. А маё сэрца агнём гарэла да трэцяга Івана. Даю кароў і толькі пра яго думаю. За 1954 год я надаіла ад каровы па 1800 кілаграмаў малака. Гэта ўжо быў высокі паказчык.

За надоі адзначылі паездкай на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву. Перад тым прыслалі мастака, месяц жыў у нас. Каля абразоў пасадзіць мяне і ўсё малюе. У Маскве падыходжу да Беларускага павільёна ВДНГ, а там вялікі мой партрэт і надпіс: «Магі- лёўская вобласць, Бабруйскі раён, калгас «Перамога». Сакун Александрына Рыгораўна». На выставе атрымала срэбраны медаль. Была ў Маўзалеі Сталіна і Леніна. Вярнулася дамоў з жаданнем працаваць яшчэ лепш.

— Але не толькі адной працай жылі?

— У выхадныя — скокі пад гармонік. Вечарамі па вёсцы то ў адным кутку, то ў другім спевы гучалі. Час пасляваенны, жылі ў прогаладзь. На калгаснай свінаферме парылі бульбу ў катлах, так старшыня Баляснік закамандаваў, каб што- дзённа на ферму давалі кош. А загадчыку нашай фермы паступіла ўказанне пакі- даць для даярак па кружцы малака. Бульбу з малаком упляталі.

Бывала, што на ферме і начавалі. Да апоўначы даілі, прыбіралі, а на досвітку трэба вяртацца зноў. Таму заставаліся. Для нас у пакойчыку збілі нары. Мы сена нацягалі, прынеслі посцілкі і там спалі. Раніцай усхоп- ліваліся і пачыналі дойку.

— Душа прагла і асабістага шчасця?

— Яшчэ як прагла! А лёсам стаў Іван Сакун. Выйшла замуж, а ночы напралёт сніла іншага Івана, што служыў. Вярнуўся, а ў мяне ўжо Віцька-сынок пад стол ходзіць, другое панесла. Сустрэча была пякучай. Ён прызнаўся, што ўсю службу бачыў мяне ў снах. Сэрцы нашы разрываліся. Прапанаваў ехаць на цаліну. Але я не адчаілася, здраду бацькі ўзгадала. Пражыла з мужам, выхавалі сыноў, але сапраўдную любоў вытравіць не магла. Той Іван з’ехаў у Маскву, ажаніўся, але хутка жонка памерла, і ён вярнуўся ў Забалацце. І я аўдавела. Прасіўся, каб прыняла. Не ведаю чаму, але адмовіла. А сэрца і сёння шчыміць. Ужо ўсе тры Іваны на нябёсах, толькі ўспаміны і засталіся.

З мужам я добрае жыццё пражыла. Ён першым шафёрам у Забалацці быў. Вяселле гулялі камсамольскае. Пра мяне па радыё гаварылі, у газетах пісалі.  З вяселлем віншавалі кіраўнікі раёна, вобласці і нават з Мінска. Зарабляла па сто і болей рублёў у месяц. Гэта былі вялікія грошы.

— Умовы працы ў вас былі аднолькавыя, а паказчыкі розныя...

— Карміла добра кароў. Выпускала іх на белую канюшыну, што расла каля фермы. Удосталь наядаліся і далёка не хадзілі. Паілі чыстай вадой з бочак. Неразумна кароў ганяць далёка. За перагон туды і назад палова малака губляецца. Вясною жывёлу чысцілі шчоткамі, як коней. Выходзілі з хлявоў чысценькія, аж ласніліся. Нам старшыня за вычасаную поўсць завязваў прыгожыя хустачкі. І ў памяшканні трымалі парадак. Лягчэй стала, калі з ручной дойкі перайшлі на аўтаматычную і павялічылі групы да пяцідзесяці кароў. Сыны дапамагалі. Уставалі ў чатыры гадзіны і ішлі са мной па чарзе даіць, а ўвечары ўсёй сям’ёй упраўляліся. Хлопчыкам было па дзесяць гадоў, а яны любую карову маглі падаіць.

—Затое і мелі ўсё!

— Зараблялі добра. Мелі тры матацыклы. Першымі ў Забалацці машыну купілі — «Запарожац», тэлевізар. Вечарамі поўная хата набівалася. Свёкар з суседам ніяк не маглі зразумець, як гэта ў тэлевізары людзі ходзяць і гамоняць.

— А калі настаў зоркавы час — прысваенне звання Героя Сацыялістычнай Працы?

— Калі дасягнула больш за пяць тысяч кілаграмаў ад каровы пры ручной дойцы. Пойла варыла, запарвала льняную макуху, паіла, карміла сваіх кароў. Прыязджалі спецыялісты з раёна, праводзілі кантрольныя дойкі. На высокія надоі ў нашай Магілёўскай вобласці выйшлі і даяркі вядомага калгаса «Рассвет», якім кіраваў Кірыла Арлоўскі. Дзве з іх таксама атрымалі тады Зоркі Герояў.

— Дзе вам іх уручалі?

— Выклікалі ў Мінск, у Дом урада. Мікіта Хрушчоў уручыў мне Зорку Героя і ордэн Леніна і сказаў, што высокае званне нам не за дасягнутыя поспехі, а за будучыя. Трыццаць працаўнікоў сельскай гаспадаркі атрымалі тады ўзнагароды. Хрушчоў запомніўся простым дзядзькам. Усміхаўся, гаварыў з намі шчыра, простай мовай. Адна з жанчын усхвалявалася, падзякавала і Леніну, і Сталіну. Хрушчоў прамаўчаў. Пасля наладзілі банкет. Усяго-ўсяго было на сталах у прасторнай зале. А сесці не было куды. Стоячы частаваліся. Каньяк, віно, гарэлка, лікёры розныя стаялі. Я баялася нават падысці блізка да стала, ні да чаго не дакраналася. Мне падалі келіх віна, цукеркай закусіла. Людзей многа было, а ў цэнтры — Хрушчоў, гучна гаварыў, жартаваў, рагатаў.

— Вярнуліся дамоў на белым кані!

— Усе мяне віншавалі, а праз месяц такі аблом атрымаўся! Як толькі каровы выйшлі на пашу, захварэлі яшчурам. Што тут рабілася! Спецыялісты з Магілёва, Мінска, начальства панаехала. Усіх кароў з фермы ліквідавалі, каб ачаг не распаўсюджваўся. Нават свойскіх кароў звялі. Перад фермамі санітарныя падушкі ўсталявалі. Памяшканні прадэзінфікавалі, пабялілі, толькі ўвосень набралі маладняк. І трэба было трымаць марку.

— Вам жа казалі, што высокае званне — за будучыя дасягненні...

— Старалася, каб не было сорамна перад людзьмі. Землякі выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. З Бабруйска ехала ў вагоне, абітым бархатам. У Мінску сустрэлі і на «Волзе» адвезлі ў гасцініцу. Выдавалі па сто рублёў на дзень. Я за месяц столькі зарабляла. У дэпутацкай сталоўцы якіх толькі не было прысмакаў. Сапраўдны камунізм на два дні, пакуль сесія! Дамоў вярталася з поўнымі сумкамі пачастункаў.

— Ці даводзілася выступаць на сесіі Вярхоўнага Савета?

— Хто хацеў і хто ўмеў гаварыць — выступалі. А што я магла сказаць? Слухала іншых і галасавала.

— Пасля сталічнай раскошы дамоў ехаць хацелася?

— Ляцела дамоў, таму што немаўля Мішка чакаў. А за ім Сяргей нарадзіўся. А потым і самы малодшы Гена. Толькі долі яму не хапіла. Неяк сон убачыла, што цягаю ваду з ледзяной студні. Адно, другое, трэцяе вядро выцягнула, а чацвёртае сарвалася і затанула. Праз кароткі час чацвёртага сына не стала.

— Як выхоўвалі сваіх хлапчукоў?

— Ніколі не ганьбілі. Яны дрэннага нічога не рабілі. У працы падрасталі.

— А нявестак вы выбіралі?

— Нікому. Старэйшы Віктар збіраўся жаніцца, то людзі рознае пра нявесту выдумвалі. А сын сказаў, што ад зайздрасці. Валя добрая, як дачка родная. Нявест меншых сыноў да вяселляў і не бачыла. Унукаў, праўнукаў надарылі мне.

— Расказваеце ім пра свой працоўны трыумф?

— Часам расказваю. А Зорку перадала на захоўванне сыну. Пасля таго як некалькі разоў прыязджалі невядомыя людзі з прапановай прадаць ім узнагароды, не рызыкую тут пакідаць. Я адна ў хаце.

— Александрына Рыгораўна, заціхае жыц- цё ў вашым Забалацці. І ферму закрылі. У суседняй вёсцы Плёсы ўзвялі сучасны жывё- лагадоўчы комплекс. Побач будуецца яшчэ адзін такі. Ці ёсць каму там працаваць?

— Праблема жывёлаводаў у нашай гаспадарцы вельмі вострая.

— Чым сёння можна заахвоціць да працы на вёсцы?

— Мы да любой працы былі жадныя. А цяпер хочуць, каб лёгка рабіць, многа мець і добра жыць. Мае дзеці яшчэ не цураюцца працы, а ўнукі ўжо іншыя. Толькі грошы падавай. У нашым Забалацці восем пенсіянераў дажывае. Дачнікі пустыя дамы выкупаюць. Людзей трэба заахвоціць, замацаваць. Не параўнаць сённяшнія ўмовы працы з нашымі. Кватэры даюць, зарабіць ёсць дзе, толькі мей жаданне. Трэба абудзіць, знайсці пакуль не позна запаветны ключык ад вырашэння праблемы. Для гэтага ёсць і вучоныя, і ўлада, і кіраўнікі, каб бачыць перспектыву.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота з сямейнага альбома і аўтара

Бабруйскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter