Тры таварышы

Бацька, сын і ўнук Шымакоўскія нарадзіліся “з бензінам у крыві”Анатоль Шымакоўскі-старэйшы вучыўся на скрыпача, а стаў гоншчыкам, чэмпіёнам, вядомым калісьці на ўвесь СССР. Сына выхоўваў як наступніка: браў з сабой у Баравую на трэніроўкі яшчэ ў калясцы. Унука, якому ўсяго восем год, у шэсць пасадзіў у машыну, і цяпер малы Ягор — ужо пяты нумар у чэмпіянаце краіны па картынгу. Больш за паўстагоддзя доўжыцца гэтая сямейная традыцыя. Спартыўная дынастыя картынгістаў нарадзілася амаль адначасова з самім відам спорту, які пачынаўся ў нашай краіне ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Цяпер прафесіяналаў засталося вельмі мала, а “тры таварышы” — бацька, сын і ўнук Шымакоўскія — адны з нямногіх, хто захоўвае пераемнасць традыцыі.

Мінскі Шумахер
Картынг з’явіўся ў ЗША ў канцы 50-х гадоў. Годам нараджэння гэтага віду спорту ў былым СССР лічыцца 1960-ы, калі выпускнік Харкаўскага аўтадарожнага інстытута Леў Конанаў змайстраваў першы савецкі карт — даслоўна з англійскай “каляску”, невялікі аўтамабіль, які складаецца з рамы, матацыклетнага рухавіка і сядзення. У 1964 годзе Талінскі аўтарамонтны завод наладзіў выпуск першага савецкага серыйнага карта. Прыбалты, дарэчы, пасля складалі аснову зборнай каманды Саюза. А беларус Шымакоўскі ўжо ў 1965 годзе прыняў удзел у спаборніцтвах сацыялістычных рэспублік, якія праходзілі ўсё ў тым жа Таліне.
Анатоль Леанідавіч не раз станавіўся чэмпіёнам Беларусі, Саюза. Калі б савецкая каманда ўдзельнічала ў агульнаеўрапейскіх і сусветных спаборніцтвах — перамог бы і там. І хто ведае, які чакаў бы яго лёс. Але СССР не выходзіў на сусветную арэну ў спаборніцтвах па картынгу, калі не лічыць краін “народнай дэмакратыі”. Між тым большасць гоншчыкаў “Формулы-1” — Міхаэль Шумахер, Міка Хакінен, Фернанда Алонса — пачыналі кар’еру акурат з картынгу. Цяпер, дарэчы, Шумахер, пакінуўшы вялікія гонкі, зноў вярнуўся да “дзіцячых забаў”: ён саўладальнік прафесійнай каманды па гонках на картах.
У свеце на гэтым спорце робяць грошы, здабываюць славу. Шымакоўскі вырашыў стварыць уласную спартыўную сямейную дынастыю.
Сын аўтазавода
Выпадковасці не выпадковыя. Лявон Шымакоўскі, бацька Анатоля-старэйшага, у 1938 годзе мусіў быў з’ехаць з Беларусі. Малады старшыня калгаса з-пад Полацка, пасля таго як па даносе ўпяклі ў турму ягонага брата, дырэктара школы, не стаў чакаць “чаргі”. З’ехаў у Маскву. Вялікі горад, дзе лёгка было “растварыцца” ў натоўпе, уратаваў ад гібелі.
Леанід пайшоў на “ЗІЛ”, у вайну будаваў грузавікі, танкі — усё дзеля радзімы, на яе абарону. У 1948 годзе вопытнага інжынера Шымакоўскага накіравалі ў Мінск — на МАЗ. Тут і застаўся — радзіма ж! Натуральна, жыў у Аўтазаводскім раёне. У доме
№ 116 па Магілёўскай шашы (цяперашні Партызанскі праспект) нарадзіўся сын Анатоль, з ужо наканаваным лёсам.
У хлопца “з аўтазавода” не магло быць іншага выбару, як у 16 год пайсці на МАЗ.
— Вызначальным у тым “выбары лёсу” быў адзін момант — я папаў у эксперыментальны цэх, — адзначае важную вяху Анатоль Леанідавіч. — Бо тыя, хто трапляў у ліцейку, за лепшага сябра часта мелі не таварыша, а пляшку спірту. А ў нас сабраліся талковыя хлопцы, многія з іх сталі вядомымі спартсменамі, чэмпіёнамі СССР. Мы ўсе хадзілі ў розныя секцыі. Нехта з сябрукоў прапаноўваў заняцца боксам: каму падабалася, той заставаўся, наступны вёў за сабой у тэніс гуляць, хтосьці і там затрымліваўся. Я так паспрабаваў многія віды спорту, а ўрэшце спыніўся на аўтаспорце. Была на тое яшчэ адна прычына. Дзеля таго, што я працаваў у эксперыментальным цэху МАЗа, удзень рабіў звычайную работу (хаця яна ад пачатку творчая — мы канструявалі мадэлі тых машын, што пасля сыходзілі з канвеера), а вечарамі, а то і начамі са старэйшымі калегамі ў майстэрні збіралі свае машыны. Гэта быў пачатак 60-х, калі ўсе захапляліся картынгам. Таварышы памаглі мне зрабіць свой уласны карт, на якім у 1965 годзе я выступіў на спаборніцтвах у Таліне.
Аркестр матора з рухавіком
Праблема “бацькоў і дзяцей” сям’ю Шымакоўскіх не закранула. Мабыць, у тым і сакрэт нараджэння іх аўтамабільна-спартыўнай дынастыі — у паразуменні паміж рознымі пакаленнямі. Зрэшты, ці толькі ў розуме?
— Можа, гэта і гены, — разважае Анатоль-старэйшы. — Дзеці некаторых маіх сяброў не пайшлі за бацькамі. Мабыць, я нарадзіўся з бензінам у крыві. І хлопцы мае такія ж.
Адданасць машынам, і праўда, нібы ад нараджэння ў Шымакоўскіх. Калі Анатоль-малодшы сеў за руль свайго “Фіята”, які бацька ў канцы 80-х прывёз з Польшчы, хлопцу было ўсяго восем год. У спорт можна ісці толькі з дзесяці. А гэты хлапец, звонку спакойны, ганяў апантаны па Баравой з першых класаў школы.
Малы Ягор у свае восем год прызнаецца, што ні на якія цацкі не прамяняе корпанне ў дзедавай майстэрні з машынамі. А любы сучасны аўтамабіль яшчэ здалёк вызначае: якой маркі, якія тэхнічныя характарыстыкі. Ну як тут не паверыш, што адчуванне машыны перадалося праз гены?
— Аўтамабіль трэба адчуваць, кожную дэталь, як яна гучыць, звініць, — Анатоль-малодшы засвоіў не толькі дзякуючы навуцы ў політэху, як “размаўляць” з тэхнікай. Гэтая асаблівая праніклівасць — ад прыроды. — Матор барахліць ці з падвескай нешта не тое — я гэта тонка ўлоўліваю, сам не ведаю як — чую і ўсё. Таму, мабыць, мая машына і псавалася ўсяго раз-другі. А ў кагосьці ўжо з дзесятак паломак было...
Анатоль-старэйшы мяркуе, што нездарма пачынаў з музыкі, а прыйшоў у аўтаспорт, бо і іншыя яго калегі маюць добры слых: “Слушна кажа сын — матор трэба чуць, як тую ж скрыпку: як “гудзе”, ці не фальшывіць. А з сябрамі мы маглі б скласці паўнацэнны аркестр — ёсць сярод нас і трубачы, і піяністы, і віяланчэлісты”.
З апорай на ўласныя сілы
Аўтаспорт — хобі хай і цудоўнае, аднак ці застаецца час на сям’ю?
— Мы з хлопцамі сапраўды вельмі многа часу прысвячаем аўтамабілям, — кажа Анатоль-старэйшы. — Цяпер я займаюся з Ягорам, а сын з картынгу перайшоў у аўтаралі. Спорт, які б ён ні быў, мае вялікі сэнс. Спорт дысцыплінуе, робіць з хлопца сапраўднага мужчыну. Мабыць, гэта адчула мая жонка Людміла, бо выйшла за мяне праз дзесяць дзён пасля знаёмства. І ніколі не спрабавала мяне “зламаць”, прызвычаіць да іншага ладу жыцця: ездзіла са мной на спаборніцтвы, дапамагала ва ўсім. Дачку я таксама выхоўваў на аўтаспорце, але яна ўрэшце выбрала прафесію юрыста. А як толькі нарадзіўся сын — я ўсклаў усе свае спадзяванні на яго. І не памыліўся. Мне ніколі не трэба было сваіх дзяцей падстройваць пад сябе: ні разу нікога не ўдарыў, не накрычаў. Дый навошта? Мы ж сям’я — заўсёды знойдзем агульную мову!
Анатоль-малодшы, нягледзячы на тое што не раз быў чэмпіёнам Беларусі па картынгу, цяпер разам з бацькамі ўсё больш часу прысвячае сямейнаму бізнэсу. Толькі Ягор яшчэ не вызначыўся з будучымі прыярытэтамі. Ці працягне аўтамабільную традыцыю, ці стане футбалістам, а мо і банкірам — усё яму цікава.
Дарэчы, вось вам і сакрэт дабрабыту: моцная сям’я здатная горы зрушыць. Здаровая ж амбіцыйнасць, без якой ніякі бізнэс немагчымы, бярэцца з упэўненасці ў сваіх сілах. Адчуванне ўласнай годнасці тым часам можа быць толькі ў чалавека, які мае побач чыёсьці моцнае плячо. А чыё плячо мацнейшае, як не роднага чалавека?
Спаткаўшы кагосьці з “клана” Шымакоўскіх у горадзе, вы, магчыма, іх не адразу пазналі б. Звычайныя людзі, з першага погляду. “Нармальныя”, як кажуць. Але далёка не “шараговыя”. Ад гэтай сям’і яшчэ можна чакаць “неспадзяванак”. Яны не спыняцца на дасягнутым — наперадзе новыя рэкорды. І не толькі спартыўныя. Бачачы, як гараць вочы ў Ягора, я падумаў: “Гэтая дынастыя яшчэ сябе праявіць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter