Крещение, миропомазание и причастие — три шага, которые проходит человек, чтобы стать христианином

Тры ступені хрысціянства

Многія з нас сутыкаліся з пытаннем, у якім узросце хрысціць дзяцей — калі дзеці маленькія ці калі яны стануць дарослымі і змогуць самастойна выбіраць свой жыццёвы шлях? А таксама нас хвалюе пытанне, як мы поўнасцю становімся хрысціянамі.

Прыхільнікі хросту ў дзяцінстве выкарыстоўваюць простае параўнанне: мы вучым у дзяцінстве сваіх дачок і сыноў самаму асноўнаму, каб яны добра засвоілі гэта ў дарослым жыцці, пры гэтым дзеці зусім не разумеюць значэнне таго, чаму мы іх вучым.

Сапраўды, ніхто не чакае, пакуль яго дзеці стануць дарослымі, каб навучыць іх мыць рукі, размаўляць ці проста ўпэўнена хадзіць. Таму мы хрысцім дзяцей нават немаўлятамі, перадаючы ім фундаментальныя хрысціянскія веды.

Сярод многіх пратэстантаў прынята іншае — прымай хрост, калі станеш дарослым і калі ты гэтага сам захочаш. Мала хто з беларусаў пага­джаецца на такое, паколькі ў нас прынята, што з маленства бацькі перадаюць дзецям свае традыцыі, у тым ліку сваю веру. Ва ўсходнім хрысціянстве немаўлят не толькі хрысцяць, але ўдзяляюць ім яшчэ два сакраманты (таінствы) — Мірапамазанне і святое Прычасце.

У каталіцкай традыцыі склалася тэндэнцыя, што хрост прымаецца людзьмі ў дзяцінстве, паколькі ён чыніць чалавека хрысціянінам і ачышчае душу ад кожнага граху. Бог палюбіў нас без якой-небудзь прычыны і любіць нават тады, калі чалавек у Яго не верыць, таму хрост можа быць удзелены таму, хто яшчэ не ведае, што такое вера.

Іншыя два сакраманты — Мірапамазанне і Прычасце — у католікаў прынята ўдзяляць не ў маленстве, а калі чалавек падрасце. Мірапамазанне ў католікаў называецца канфірмацыяй, ці бежмаваннем, а Прычасце — Камуніяй. Канфірмацыя — памазанне святым алеем, якое, згодна з хрысціянскім перакананнем, дапаўняе хрост і дае хрысціяніну дары Духа Святога, каб яму не збочыць з Божых шляхоў. Як перад выхадам на поле футбаліста трэнер кладзе яму руку на плячо і дае апошнія настаўленні, так у моманце прыняцця канфірмацыі на кандыдата кладуць руку з просьбай, каб Дух Святы даваў яму настаўленні па жыцці. Голас у нашай душы, які падказвае нам выбіраць дабро, гэта і ёсць натхненне Духа Святога.

Хрост, Мірапамазанне і Прычасце — тры прыступкі, якія праходзіць чалавек, каб стаць хрысціянінам. Пра Мірапамазанне мы ведаем мала, але не адзін раз у сваім жыцці мы чулі голас Духа Святога, які даваў нам мудрыя парады, як быць сябрамі Бога і сябрамі людзей. Прыйдзе дзень, і мы зноў пачуем гэты голас, зможам пераадолець свой эгаізм і прыслухаемся да светлых Божых парад.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter