Тры сэрцы ваўка

Сумесны праект “Народнай газеты”, Гродзенскага аблвыканкама, Ваўкавыскага райвыканкама і рэдакцыі ваўкавыскай раённай газеты “Наш час” Экспрэс-тур на машыне часу ў 2009 год да нашай эры з прыпынкамі ў 1914, 1912, 1386-м і іншых векапомных датах Вандроўка па Ваўкавышчыне адкрые перад намі шахту, дзе жыў першы вядомы нам у твар беларус. Наведаем гатычны касцёл і храм з дрэва, якому ўжо некалькі соцень гадоў. Даведаемся, як на Шведскай гары літоўскі князь стаў польскім каралём. Зазірнём у эпоху Напалеона. Бярыце цікаўнасць з сабой -- і паляцелі!

Краснасельск -- Рось

Чалавек-выкапень, які ўваскрос праз чатыры тысячы год

Рогі аленя цяпер аздабляюць дамы зацятых паляўнічых. А ў 2009 годзе да нашай эры імі карысталіся як шахцёрскімі прыладамі. У наваколлі пасёлкаў Краснасельскі і Рось археолагі знайшлі радовішчы крэменю, разведаныя яшчэ ў бронзавым веку. Прычым гэта адзінае месца, дзе выкапаны шахты. Рабочыя, дарэчы, і жылі побач, выяўлены нават іх пахаванні. Але многія гінулі ў забоях. Аднаго такога небараку засыпала, здавалася, назаўсёды. Аднак археолагі знайшлі астанкі першага беларускага шахцёра ў 1962 годзе на адной з лінзаў на паўднёвы захад ад Краснасельскага. На глыбіні пяць метраў чалавек загінуў паўсагнутым -- мабыць, працуючы. Побач з ім ляжала касцяная голка, стаяў ляпны гаршчок. Дзякуючы пасудзіне даследчыкі вызначылі ўзрост шкілета ахвяры небяспечнай прафесіі: мяжа ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да нараджэння Хрыста. Антраполагі па чэрапе рэканструявалі аблічча краснасельца. Нягледзячы на трагічны лёс продка, для нас яго смерць у шахце стала адзінай магчымасцю ўявіць, як выглядалі беларусы ў дагістарычную эпоху. Нашы папярэднікі з дахрысціянскіх часоў звычайна спальвалі сваіх нябожчыкаў, таму да нас даходзяць чарапы і косткі продкаў толькі тысячагадовай даўнасці, калі людзей пачалі хаваць у курганах -- прататыпах сучасных могілак. Калі б краснасельца хавалі паводле звычаю яго племені, то таксама спалілі б на агні -- і не ведалі б мы, ці былі падобныя першыя беларусы на нас з вамі. А так, здаецца, нічым і не адрозніваліся…

Краснасельск

Рэйды па крэйду

На тэрыторыі шахцёрскага пасёлка бронзавага веку цяпер размешчаны цэментны завод. Прадпрыемства найстарэйшае ў краіне -- дзейнічае з 1914 года, цяпер над маркай “Краснасельсбудматэрыялы” вырабляюцца вапна, шыфер, тратуарная плітка, цэмент і розныя будаўнічыя сумесі. Сучасныя рабочыя здабываюць мел. Яго прынёс сюды ледавік. А ў крэйдзе схаваны кавалкі крэменю, які цікавіў здабытчыкаў да нашай эры. Што ні час -- то свой інтарэс.

Ваўкавыск

Як Ягайла захацеў ажаніцца

Кожны горад мае свой гістарычны цэнтр, сваё сэрца. Звычайна гэта ўзвышша, якое ў народзе называюць замчышчам або гарадзішчам. У Ваўкавыску ж тры такія гары: Шведская, Муравельнік і “класічнае” Замчышча. Калі ўявіць Ваўкавыеск эпохі Кіеўскай Русі, калі ўзніклі тры яго “мікрараёны”, дык горад дасць фору трохі фанабэрыстаму Навагрудку. Бо жыў на берагах Ваўкавыі свой князь, і нават мелі гараджане такую раскошу, як мураваны храм. Пра ўзровень культуры тысячагадовай даўнасці мяркуйце самі -- дзеля гэтага завітайце ў ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна. Тут пад шклом на ўсенародны агляд выстаўлены красамоўныя артэфакты: пісалы -- а значыць, ваўкавысцы былі людзьмі пісьменнымі, абразкі -- а значыць, тутэйшы люд верыў у Хрыста, залатыя і сярэбраныя жаночыя і мужчынскія аксесуары -- а значыць, кожны імкнуўся да хараства.
Ад пачатку сваёй гісторыі Ваўкавыеск быў памежнай крэпасцю на граніцы з Літвой, што праходзіла ў гэтых мясцінах. Але ў XIII стагоддзі горад увайшоў у склад Літоўскай дзяржавы, і тамтэйшыя князі зрабілі тут сваю рэзідэнцыю. Менавіта тут, на самай высокай Шведскай гары Ягайла прыняў прапанову ад польскіх паслоў узяць шлюб з іх каралеўнай Ядвігай і ўзысці на трон суседняй дзяржавы. Здарылася гэта 12 студзеня 1386 года.

Гнезна

Мелодыя готыкі

З таго часу як Ягайла стаў польскім каралём, жыццё Літвы і Беларусі стала ў многім залежаць ад заходняга суседа. Адтуль жа прыйшло на нашы землі і хрысціянства рымскага абраду. Невыпадкова таму адзін са старажытнейшых касцёлаў заснаваны недалёка ад Ваўкавыска -- у размешчаным на захад ад райцэнтра Гнезне, некалі вёсцы, а цяпер аграгарадку. Храм у стылі готыкі, чый вонкавы выгляд перагукаецца са стромкімі лініямі фасаду славутага касцёла святой Ганны ў Вільні, з’явіўся ў беларускім сяле ў пачатку XVI стагоддзя. Неўзабаве гаспадарамі храма сталі кальвіністы, а з сярэдзіны XVII стагоддзя тут славяць пана Бога зноў каталікі.

Ваўкавыск

“Недаром помнит вся Россия…”

Пра дзень Барадзіна, -- вядома ж, дадасце вы. А я раскажу пра яшчэ адну цікавостку, звязаную з вайной 1812 года. Каля ваўкавыскага касцёла святога Вацлава мяне здзівіў указальнік: “Вуліца Баграціёна”. Выйшаўшы “па стрэлцы” на асфальтоўку, я ўрэшце ўбачыў сціплую шляхецкую сядзібу. На дамку прымацавана ахоўная шыльда, што сведчыць: будынак пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя. Такіх зусім мала ацалела ў Беларусі, скажу вам. І гэта ўражвае. Але галоўнае адкрылася, калі я ўвайшоў у сярэдзіну. Тут працуе машына часу: абмундзіраванне, зброя часоў змагання Расіі з Напалеонам сапраўдныя, на сценах арыгінальныя карціны і гравюры двухсотгадовай даўнасці. І здаецца, што зараз за спінай з’явіцца сам Баграціён -- палкаводзец Айчыннай вайны 1812 года, што спыняўся ў гэтых пакоях у трывожныя дні французскай агрэсіі. Цяпер у будынку размешчаны Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя Пятра Баграціёна. Яго цяперашні дырэктар Ала Іванаўна Суята кажа, што расійскія турысты здзіўляюцца, што ў кунсткамеры сабраны сапраўдныя рэчы вайны з Напалеонам. А ўсё дзякуючы заснавальніку і першаму дырэктару музея Георгію (Ежы) Пеху. Ён збіраў калекцыю яшчэ за польскім часам, а ў гады савецкай улады здолеў ажно з Масквы і Ленінграда прывезці шмат рарытэтных экспанатаў.

Воўпа

Дрэва жыцця Яна Хрысціцеля

Старажытным мураваным будынкам, такім як у Гнезне, можна захапляцца. Але сапраўднае здзіўленне выклікаюць помнікі дойлідства з дрэва, якім не сто, а некалькі разоў па сто гадоў. Такі -- касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Воўпа. Пабудавалі храм у канцы XVIII стагоддзя, а аздобілі… у пачатку XVIII. Як так можа быць? Мабыць, выпадак сапраўды рэдкі: у далёкія часы з папярэдняга цяперашняму касцёлу будынка знялі старыя ўпрыгажэнні, захавалі і пасля ўстанавілі ў новым доме Божым. Алтар у стылі барока захапляе багатай разьбой і скульптурамі -- усе дэталі выразаны з дрэва, а многія пазалочаны.

Цёмныя алеі

Краскі як у казцы

Вандруючы па Ваўкавышчыне, здзіўляешся: як многа тут рэшткаў былога -- сярэднявечча, міжваеннага перыяду “панскай” Польшчы. Думы ад гэтага наведваюць розныя. Шкада занядбаных палацаў, цешышся красой ацалелых шэдэўраў. У вёсках Краскі і Падароск яшчэ стаяць палацы, у якіх некалі пад святлом жырандоляў ладзіліся балі, збіраліся бібліятэкі і мастацкія калекцыі. Цяпер тут ціха, бо пуста. У падароскай сядзібе забіты вокны… Цешыць, аднак, што ўжо некаторыя сучасныя пабудовы варты захаплення. Напрыклад, ваенны гарадок у Росі, які ўдала ўпісаўся ў краявід даўняга паселішча, а яго праект уганараваны Дзяржаўнай прэміяй. Тут жа зачароўвае сваёй паставай зусім новая царква святога Георгія Перамаганосца. Яе купалы ўзняліся да неба ў новы час гісторыі краю -- у III тысячагоддзі. Казачны храм разам з гатычнымі касцёламі раёна стварае яму непаўторны імідж. Тут паўсюль хораша -- бо паветра напоўнена хараством.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter