Тры разы па сем

Прачнуўшыся сёння ўранку, вы нічога незвычайнага не адчулі? А дарэмна! Дата, паглядзіце якая: 7 ліпеня 2007 года, а калі карацей — 07.07.07. Такое раз у сто год толькі бывае! Зрэшты, як і кожны дзень стагоддзя, цалкам справядліва запярэчыце вы. Але ж тут тройчы паўтараецца лічба 7, а яна, як лічаць і астролагі, і навукоўцы, па энергетыцы, па значнасці з усіх лічбаў — самая-самая моцная. Чаму? Мяркуйце самі.

Колькі доўжыцца фаза Месяца? Правільна: 7 дзён. Колькі зорак у самым вядомым, самым заўважным сузор’і на нашым небасхіле — Вялікай Мядзведзіцы? Калі лічылі — ведаеце, калі не — паверце на слова: іх там таксама 7. Тое, што ў вясёлкі 7 колераў, камусьці даказваць наўрад ці патрэбна...
Ад нябеснага — да духоўнага, рэлігійнага. Бог стварыў зямлю з усімі насельнікамі за 7 дзён (на семы Ён адпачываў, але гэта таксама ўлічваецца). Хрысціянскіх таінстваў таксама 7. 7 студзеня — Раство Хрыстова, 7 красавіка — Благавешчанне, 7 ліпеня — Раство Іаана Прадцечы. Па старым стылі ці па каталіцкім календары гэтыя “сямёркі” несапраўдныя: усё прыпадае на 25 чысло. А колькі будзе 2 плюс 5? Вось так! І гэта яшчэ не ўсё. Ад Масленіцы да Вялікадня — 7 тыдняў. Столькі ж — ад Вялікадня да Тройцы. Супадзенне? Наўрад ці.
Наогул спалучэнне трох “сямёрак” лічыцца лікам Анёла. Тлумачэнне таму — у Адкрыцці Іаана: “Семь звезд суть ангелы семи церквей”. Да таго ж у біблейскай нумаралогіі лік 21 (7+7+7) — азначае таінства духоўнага росту.
Што датычыцца народнай культуры — і тут “сямёркі”. І ў песнях, і ў казках, і ў замовах 7 — самая паўтараемая лічба (спрачацца з ёй тут можа толькі не менш значная “тройка”). Калі чалавек рашаецца на які-небудзь важны крок, прыказка раіць: “Сем разоў адмерай — адзін раз адрэж”. Ні больш ні менш — іменна сем! На выпадковасць, пагадзіцеся, не вельмі падобна.
І, нарэшце, самае галоўнае для ўсіх нас: слова “сям’я” — гэта не што іншае, як “сем я”. Так што вясельны бум ва ўсёй Беларусі і ва ўсім свеце ў гэты дзень — добрая прыкмета.
Адчулі, які сёння незвычайны дзень? Яшчэ не позна вырашыць, чым важным адзначыць яго ў жыцці. Толькі спачатку сем разоў адмерайце — адзін адрэжце. Яно, вы ведаеце, ніколі не пашкодзіць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter