Пра што раскажа семечка і дзе атрымаць святлотэрапію?

Тры прычыны завітаць на вернісаж

Адразу тры выставы адначасова адкрыліся ў рэспубліканскім Палацы мастацтва. Яны вельмі розныя, але кожная паасобку цікавая. Невыпадкова ў экспазіцыях мнагалюдна, нягледзячы на лета і сезон адпачынку. 

Па выставачных залах мяне правёў старшыня Беларускага саюза мастакоў, вядомы графік Рыгор Сітніца. Ён дакладна ведае тры прычыны, чаму варта не абмінуць увагай і завітаць на гэты вернісаж.


Почырк Майстра

Самую вялікую экспазіцыйную плошчу — увесь другі паверх галерэі — займае выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі (20.06.1928 — 14.02.2014).

Яго работы захоўваюцца ў калекцыях 28 найбуйнейшых музеяў свету. Яго творы экспанаваліся ў Аўстрыі, Алжыры, Англіі, Балгарыі, Венгрыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, ФРГ, Чэхаславакіі і іншых краінах. 

Партрэты, нацюрморты, пейзажы, тэматычныя карціны. У іх — цесная сувязь Майстра з беларускай зямлёй, з яго родным Палессем. Выстава ўключае ў сябе найбольш цікавыя работы з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея, Гомельскай карціннай галерэі Г.X. Вашчанкі і збору сям’і мастака.

Гаўрыіл ВАШЧАНКА. «Радасці быцця», 1985 год.

Рыгор Сітніца:

— Для мяне Гаўрыіл Вашчанка заўсёды быў і застаецца першай асобай у беларускім мастацтве. Гэта вялікі мастак, грамадзянін, беларус. А разам з гэтай значнасцю — неверагодна інтэлігентны чалавек, высокі інтэлектуал з глыбіннай асабістай культурай у побыце і творчасці.

Зараз Гаўрыіл Вашчанка стаіць у адным радзе са стаўпамі нацыі. Чым далей, тым яшчэ больш значнай і важкай будзе яго постаць у кантэксце агульнанацыянальнай культуры. І калі згадваць нас як нацыю будуць іншыя пакаленні, то найперш праз такіх людзей, як Гаўрыіл Харытонавіч Вашчанка. Гэта не перабольшанне. Гэта відавочна. А каб яшчэ раз пераканацца, варта паглядзець творы Майстра. Сярод іх няма другарадных, у яго такіх не было. У тым і радасць, што нават невялічкія яго эцюды, эскізы для будучых карцін — абсалютна самадастаковыя. І ўсе яны — сапраўдныя творы вялікага Майстра. 

Рыгор СІТНІЦА пра выстаўку Гаўрыіла ВАШЧАНКІ: «Другарадных работ тут няма. Усе яны — сапраўдныя творы вялікага Майстра».

Фантан  эмоцый 

Сваю юбілейную выставу прадстаўляе гледачам Вераніка Віткоўская — мастак-манументаліст, жывапісец, графік, педагог. І тонкі лірык. 

У зале — асалода для вока, палотны ўражваюць насычанасцю фарбаў, яркасцю, святлом, цеплынёй, жыццярадаснасцю. Ад іх цяжка адарвацца, хочацца ўгледзецца ў дэталі, наталіцца пазітывам — прыцягвае нейкі асаблівы магнетызм. Напэўна, якраз пра такія работы гавораць, што яны здольныя пазбавіць ад дрэннага настрою і дэпрэсіі, гэткая своеасаблівая святлотэрапія.

Творы Веранікі Віткоўскай знаходзяцца ў фондзе Міністэрства культуры, у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Францыі, Германіі, Чэхіі, Славакіі, Канады, Японіі. 

Палотны Веранікі ВІТКОЎСКАЙ уражваюць жыццярадаснасцю.

Рыгор Сітніца:

— Персанальная выстава заўсёды паказвае чалавека, які ён ёсць. Іншы раз разумееш, што зусім не ведаеш аўтара. Я Вераніку Віткоўскую ведаю даўно. Гэта фантан, выбух станоўчай энергетыкі. Але знешне, гледзячы на яе, ніколі не скажаш, што ў ёй столькі эмоцый, пазітыву, нават музыкі, калі хочаце. Творы мастачкі ўсё гэта выдатна адлюстроўваюць. 

Прыгожая жанчына, прыгожая дата, прыгожыя работы. Юбілей аўтар сустракае ў выдатных асабістых і творчых якасцях.

Аб’ект для творчых эксперыментаў — семечкі.

Без  банальнасцей

Два гады таму арт-праект «Семечкі» праходзіў упершыню. Сёлета — другая спроба і каля паўсотні работ. Аб’ект для творчых эксперыментаў — семечка сланечніка. Задача ўдзельнікаў — праз нешта, на першы погляд, самае нязначнае стварыць сабе і тым, хто побач, добры настрой, паказаць глыбокі сэнс ці проста паіграць са значэннем слоў: семечкі, насенне, зерне, плод, сланечнік, сонца.

Ідэя праекта не прадугледжвае строгіх абмежаванняў і дае мастакам поўную свабоду для самавыяўлення, яны вольныя імправізаваць літаральна ва ўсім. Вітаюцца пачуццё гумару, добры густ, прасторавае мысленне і прафесіяналізм. Важна — напоўніць наведвальнікаў станоўчымі эмоцыямі.

Рыгор Сітніца:

— Усё жывое, пачатак любога жыцця — ад семечкі. Гэта філасофскае паняцце фактычна. Як адказаць на пытанне «Што такое семечка?» па-мастацку, па-сучаснаму, каб гэта было арыгінальна, нечакана, незвычайна? Не проста ж узяць ды намаляваць семечку. Банальнасці няма месца ў мастацтве! Як асэнсавалі, якія вобразы стварылі і ўвасобілі ўдзельнікі праекта, паяднаныя адной зададзенай тэмай? Розныя ўзрост і мысленне аўтараў, розныя тэхнікі і стылі выкарыстаны ў работах. Уласна мне вельмі цікава паглядзець. 

svirko@sb.by

Фота Аляксея ВЯЗМІНЦІНАВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter