Ля тэлевiзара з паэткай Аксанай Спрынчан

Тры праграмы, якiя мяне ўсхвалявалi

фото Виталия Пивоварчика.
Беларуская кухня — тое, без чаго ў святы не абысцiся


Люблю глядзець тое, што звязана з маiм жыццём, з’яўляецца ягоным працягам цi адным з цудаў, тое, што не забярэ мой час, а працягне яго ўглыб ды ўвышыню. Тое, што дапаможа стварыць свята iншым. I тут акурат пасуе перадача канала «Беларусь 3» «Беларуская кухня», якая iдзе кожную ранiцу. На гэтым тыднi гадавiна майго таты, i можна навучыцца гатаваць новую страву. Яму як вегетарыянцу падыходзiць толькi «Карп у вяршках». Але ж у нас прынята болей пра гасцей думаць, таму я абрала выпуск «Беларускай кухнi», якi iдзе ў пятнiцу i прысвечаны страве «Дзiчына, тушаная з грыбамi i гароднiнай». Мужаў тата — паляўнiчы, i таму дзiкi i казулi вартыя таго, каб гатаваць iх паводле спрадвечных беларускiх рэцэптаў. Грыбы я вельмi люблю збiраць, асаблiва на знакамiтай Лысай гары. Ад сiнюх да белых — яны нададуць чароўны смак усялякай страве. Гароднiну вырошчваю сама, без шкодных рэчываў i з любоўю. Таму гэтая страва не толькi атрымаецца княжацкай, але i не запатрабуе грошай, што нячаста i бывае.

Таямнiцы легендарнага архiтэктара

Нельга прапусцiць на канале «Беларусь 3» дакументальны фiльм з цыкла «Зваротны адлiк» пра архiтэктара Iосiфа Лангбарда. Першую частку пакажуць у чацвер а 10.05 i паўтораць а 22.45, працяг — у пятнiцу а 10.05 i 22.35. З Мiнскам у мяне своеасаблiвыя адносiны. Бацькi жылi ўжо тут, але мама вырашыла, што нараджаць на радзiме будзе лягчэй, i нарадзiла мяне ў Лунiнцы. Часам я нават кажу, што люблю Мiнск толькi за тое, што пачала пiсаць у iм вершы. Але ўсё ж створанае Iосiфам Лангбардам мяне прыцягвае, як i ягоны лёс. Тэатр оперы i балета памятаю з маленства, бо жылi непадалёку, i глядзелi балеты, i слухалi оперы, у кiнатэатры «Перамога» гэтулькi фiльмаў перагледжана. У галоўным корпусе Акадэмii навук я часцяком бывала, калi навучалася ў аспiрантуры iнстытута лiтаратуры. А ў Доме афiцэраў 16 лютага будзе канцэрт музычнай школы № 10 iмя Яўгена Глебава, i ў iм будзе iграць на цымбалах дачка Альжбэта.

Абрад «Цары»

Я дужа люблю вандраваць па Беларусi, ездзiць у навуковыя экспедыцыi, запiсваць песнi, легенды, паданнi, сустракацца з людзьмi. Мая мара — аб’ехаць усе вёсачкi, мястэчкi i месцы роднай краiны. Таму «Жывая культура» — гэта шчасце сустрэчаў, калi ты не можаш паехаць сам. Калядны абрад «Цары» ў мястэчку Семежава Капыльскага раёна Мiнскай вобласцi — цуд, з якiм я абавязкова сустрэнуся 18 студзеня а 10.00 дзякуючы перадачы на «Беларусь 3». Цуд, якi занесены ў спiс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Я была ў Семежаве, але ўлетку. Таму дзякуй тэлебачанню!



Нiбыта тры праграмы абрала, але жыццё ў рамкi не ўплiшчыш. Акурат на гэтым тыднi перадачы з людзьмi, якiх люблю i ведаю. Перадача «Суразмоўцы», якую цiкава i непаўторна вядзе Навум Гальпяровiч. Яго дзень нараджэння ў адзiн дзень з маiм татам — 14 студзеня. Мяркую, што як вы паглядзiце ягоныя перадачы на «Беларусь 3» з Уладзiмiрам Марозам (14 сту­дзеня а 20.00) i Вiктарам Праўдзiным (18 студзеня а 20.00), дык гэта будзе найлепшым падарункам для вядучага. А сустрэча з Вiктарам Праўдзiным мяне цiкавiць яшчэ i праз тое, што ён не толькi пiсьменнiк, але i пчаляр, таму мне iстотна, чый мёд мяне мацуе.

I жанчыны ў нас творчыя i прыгожыя. Таму нельга абмiнуць на тым жа канале перадачы «Майстэрня. Гiсторыя аднаго мастака. Зоя Луцэвiч» (17 студзеня, 16.45) i «Майстры i кумiры. Мархель» (19 студзеня, 16.10).

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter