Тры памінальныя чаркі

Лік “тры” ў абрадах, звязаных са смерцю чалавека і яго пахаваннем, быў асновафарміруючым:
  • Нябожчыка, як правіла, хавалі на трэці дзень пасля смерці. Дзве папярэднія ночы памерлы “начаваў” у роднай хаце.
  • Магілу капалі ў дзень пахавання, раніцай, трое (пяцёра) мужчын, якім ужо споўнілася сорак год.
  • Пры вынасе нябожчыка з хаты труну з ім тройчы апускалі на парог, тым самым продкам давалі знак: сустракайце наступнага прадстаўніка вашага роду.
  • Пры апошнім развітанні з нябожчыкам самая блізкая радня тройчы цалавала яго: у лоб, вусны, рукі.
  • Пасля таго як труну апускалі ў магілу, усе прысутныя (за выключэннем членаў сям’і памерлага) кідалі туды па тры жменькі зямлі.
  • За памінальным сталом па кругу пускалі тры рытуальныя стравы, і кожны з прысутных павінен быў пакаштаваць яе тры разы.
  • Памінальны рытуал прадпісваў выпіць за жалобным сталом толькі тры чаркі і перавярнуць уверх дном.

Нашы продкі былі ўпэўненыя: “Той, хто выпівае за памінальным сталом болей чым тры кілішкі, выракае сваіх нашчадкаў на самую страшэнную хваробу — алкагалізм”. Нездарма на Беларусі лічылі страшным праклёнам менавіта гэты: “А каб твой мужык  у гарэлцы смак знайшоў”.

  • Усе стравы, якія падаваліся на жалобны стол, патроху адкладваліся ў  талерку памерламу. Праз тры дні ўсё гэта аддавалася птушкам.
  • Пасля пахавання на працягу года ў гонар памерлага будуць арганізаваны яшчэ тры памінальныя сталы: на дзевяты, саракавы дзень і роўна праз год пасля яго смерці.
  • Першыя тры гады пасля смерці роднага чалавека ў сям’і абавязкова ладзілі памінальныя вячэры ў дзень яго нараджэння і дзень смерці. Далей пра памерлага ўзгадвалі ў  гадавыя памінальныя дні, напрыклад Радаўніцу, восеньскія Дзяды і г.д.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter