Тры Паўлінкі

Наўрад ці той, хто сабраўся ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы на спектакль па п’есе народнага паэта Беларусі “Паўлінка”, ведае, што гэты драматургічны твор “адзначае” сёлета свой 95-гадовы юбілей. Ды і ці трэба ўзгадваць пра ўзрост п’есы, жывыя, праўдзівыя вобразы герояў, нацыянальны каларыт, сакавіты народны гумар якой замацавалі за ёй званне вечна маладой! І “НГ” узгадвае не столькі ўзрост, колькі герояў. Паўлінак у выкананні купалаўскіх актрыс трох пакаленняў.

Ала ДОЎГАЯ
Яе Паўлінку называюць узвышанай, вытанчанай, летуценнай. А ўсё, мабыць, таму, што Ала Пятроўна ў адрозненне ад папярэдніц шчаслівая не толькі на сцэне, але і ў жыцці.
Я сама!
— Да мяне, як і да Паўлінкі, таксама сваталіся хлопцы, — расказвае актрыса. — І бацька мой быў вельмі строгі. Калі абяцала прыйсці дадому а 10-й гадзіне, а спазнілася хаця б на пяць хвілін — гвалт! Майму бацьку таксама, як і Сцяпану Крыніцкаму, здавалася, што ў яго дачка незвычайная і дастойна самага лепшага жаніха. Аднак я сама выбірала сабе суджанага. І цяпер у нас шчаслівая сям’я! Я падобная ў нечым на Паўлінку: таксама магла б пайсці насуперак волі бацькоў дзеля кахання, але ўсё ж такі спадзявалася б на тое, што яны мяне праз некаторы час прымуць.
Жанчына-агонь
Сядзіш побач з Алай Пятроўнай і здаецца, што ад яе ідуць хвалі цёплай энергетыкі. Можаце сабе ўявіць, што было на сцэне, калі яна іграла Паўлінку!  Нездарма нехта з мастацкага савета  тэатра, упершыню  прагледзеўшы Доўгую ў гэтай ролі, сказаў: “Ды ёй твіст патрэбна танцаваць, а не Паўлінку іграць!” А яшчэ купалаўцы кажуць, што Доўгая адна з самых шчырых людзей у тэатры, заўсёды гаворыць праўду ў вочы.
— Дзякуючы гэтай ролі я перажыла дзве маладосці, — прызнаецца Ала Пятроўна. —Усе мае ролі важныя, але роля Паўлінкі — самая значная. Я атрымлівала цэлыя мяхі лістоў ад прыхільнікаў. Мне не пісалі: “Ах, як добра вы іграеце!” Хтосьці бачыў у Паўлінцы сімвал беларускай дзяўчыны і нават самой Беларусі! Юнакі расказвалі пра свае мары: “Вось бы сустрэць такую дзяўчыну, як Паўлінка!” Вернасць, непасрэднасць, шчырасць душы — хлопцы мараць сустрэць жанчыну свайго жыцця менавіта з такімі якасцямі. Таму і вобраз Паўлінкі, мне здаецца, вечны.
Доўгі час, калі Ала Пятроўна стала іграць ў спектаклі маці Паўлінкі — Альжбету, для ее гэта было сапраўдным выпрабаваннем.
— Калі музыка сціхала і раптам утваралася невялікая паўза, мне здавалася, што я іграю Паўлінку і зараз павінна нешта казаць, — расказвае актрыса. — Заўсёды старалася іграць Паўлінку як у апошні раз. З поўнай аддачай. Губляла за спектакль два кілаграмы вагі. Спадніца падала.
І сёння Ала Пятроўна не страчвае жыццёвага азарту. А калі запытаць у яе аб сакрэтах маладосці і энергічнасці, яна з яснай усмешкай адкажа, што ўся справа ў аптымізме, каве і красвордах.
Нарадзіся прыгожай!
Ала Пятроўна паказвае мне старэнькую каробку з-пад цукерак “Паўлінка”, на якой змешчаны яе фотаздымак.
— Калі іграла, была даволі худзенькая, спачатку была шатэнкай, а потым перафарбавалася ў бландзінку, — гаворыць яна. — Якой  Паўлінка была знешне? Купала піша: “досыць прыгожая дзяўчынка”. А я скажу, што прыгажосць яе вымяралася найперш багатым унутраным светам, ад прыроды дадзеным розумам.
Зоя БЕЛАХВОСЦІК
Менавіта яна была Паўлінкай нумар адзін на беларускай сцэне з пачатку 1980-х і да 2000 года. Для свайго пакалення яна і засталася рамантычнай, трапяткой Паўлінкай. Зоя Белахвосцік пачала іграць гэту ролю, калі яшчэ была чацвёртакурсніцай тэатральна-мастацкага інстытута. І цяпер прызнаецца, што адчувала на той момант увесь цяжар адказнасці за гэтую ролю. І бацька яе, і дзед былі тэатральнымі акцёрамі.
Pavl-1.jpgЗасталася з клункамі
Цяпер заслужаная артыстка Беларусі і Аўтаномнай Рэспублікі Крым Зоя Белахвосцік успамінае, як на прэм’еры здарыўся кур’ёз:
— Я забылася выкінуць клункі праз акно. Хвалявалася дзіка, канешне. Ніхто гэтага з гледачоў не заўважыў. Дзякуй дзядзьку Гене Аўсяннікаву. Ён неяк гэта абыграў. Як потым мяне трасло! Я вельмі самакрытычны чалавек. 500 разоў перастрахуюся, перавяжу чаравікі чатырма вузламі, заўсёды гляджу, каб спадніца не ўпала.
Зоя і Паўлінка —
розныя людзі
— Я зусім не падобная на галоўную гераіню гэтай п’есы, — прызнаецца Зоя Валянцінаўна. — Яна вабіць да сябе ўсю вясковую моладзь, да яе цягнуцца людзі, яна завадатар, лідэр. У мяне ж у жыцці гэтага зусім няма. Па-за сцэнай я сумная, больш маўчу, думаю. Калі пачынала рэпеціраваць, нас з Паўлінкай аб’ядноўвала толькі маладосць. Мне заўсёды здавалася, што, нягледзячы на тое, што “Паўлінка” — гэта камедыя, галоўная гераіня ў гэтым творы з’яўляецца нейкім драматычным цэнтрам. Роля нават трагічная ў чымсьці. Паўлінцы даводзіцца рабіць сур’ёзны выбар. Мне таксама патрэбна было выбіраць у жыцці, але не з такімі стратамі. Упэўнена, што пасля таго як Паўлінка збегла з бацькоўскай хаты разам з Якімам, не атрымаўшы благаславення, яна ўсё роўна будзе шчаслівай. Інакш такая ахвяра не мае ніякага сэнсу.
Роля № 1
— Гэта роля, па якой судзяць аб прафесіяналізме ад “А” да “Я”. Гэта візітная картка нашага тэатра. Я з дапамогай Паўлінкі навучылася многаму. заўсёды найбольш складана іграць  сцэны кахання. Таму што яны павінны быць шчырымі, сапраўднымі, мастацкімі. Няпростай для мяне была і першая сцэна з Якімам. У ёй вялікі сэнс закладзены. Мне пашанцавала, што я працавала з Кармуніным, Макаравай, дзядзем Генам Аўсяннікавым. Наогул, я ведала, што буду актрысай яшчэ ў чатыры гады. Потым, калі даведалася, што бацькам мае мары не падабаюцца, казала, што буду мастачкай. Так, напэўна, усё так і было б, калі б штосьці не атрымалася ў тэатры.
Святлана ЗЕЛЯНКОЎСКАЯ
Яна ў 2000 годзе прыняла ролю Паўлінкі ад Зоі Белахвосцік.
Беларусачка
Pavl-3.jpg— Зоя Валянцінаўна перадавала мне Паўлінку ад свайго сэрца, — расказвае актрыса. — Для мяне кожная роля значная, іх усе я люблю, як дзяцей. Паўлінка любімая мной перш за ўсё за свой смелы характар, дабрыню. У ёй агонь гарыць. І гарыць ярка-ярка. Паўлінка мае поспех не толькі дзякуючы сваёй знешняй прыгажосці, яна да таго ж прыгожа спявае, танцуе, мае выдатнае пачуццё гумару. Яна — чалавек вельмі прынцыповы. Сваім унутраным законам яна ніколі не здрадзіць, ведае, у чым яе сапраўднае прызначэнне. Люблю іграць Паўлінку, таму што яна мне дорыць буру эмоцый. Змена стану душы адбываецца амаль кожную хвіліну на працягу ўсяго спектакля. А пасля яго я падобна на выціснуты лімон.
Адчайная ў каханні
— У сапраўдным каханні не бывае без трагедый, — дзеліцца Святлана. — Імгненні шчасця кароткачасовыя. Я веру ў вечнае каханне ў сэрцы. А бытавыя зносіны ўсё роўна калі-небудзь заканчваюцца. Мне, як і Паўлінцы, таксама прыходзілася рабіць сур’ёзны выбар у жыцці. Яна з галавой акунаецца ў сваё каханне. Яна адчайная, і я таксама.
Разам з гэтай роляй мая душа стала “пералівацца” па-іншаму. Я раскрыла ў сабе смеласць, мэтанакіраванасць. Здавалася б, Якім вядзе за сабой Паўлінку. На самай справе кіруе ўсім яна. У акцёрскім плане гэта роля навучыла мяне быць сабранай на працягу ўсіх дзвюх гадзін, знаходзіцца на піку сваіх эмоцый.
Не магу сказаць з упэўненасцю, што Паўлінка, збегшы з Якімам, зможа быць шчаслівай. Яна — чалавек неспакойны, рашучы, не пусты. Ёй лёсам будзе паслана шмат выпрабаванняў, але яна вытрымае, таму што можа іх вытрымаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter