Яны якраз і складаюць жыццё намесніка старшыні Беларускага сялянскага савета Лявона Матусевіча

Тры колы каштоўнасцей

МНАГАДЗЕТНЫЯ сем’і не рэдкасць у беларускіх вёсках. На невялікім налібоцкім хутары Гурнаўшчына восем дзяцей выхавала рана аўдавелая Яніна Матусевіч. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць і працуюць у роднай Беларусі, часта збіраюцца ў бацькоўскім доме. Заўтра на роднай сядзібе будзе прымаць віншаванні 60-гадовы юбіляр Лявон МАТУСЕВІЧ, якому з дзяцінства знаёма тут кожная хутарская сцяжынка. Паспяхова вучыўся ў школе і з адзнакай закончыў факультэт эканомікі сельскай гаспадаркі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі. Вярнуўся эканамістам у стаўбцоўскі калгас “Шлях да камунізму”. Узначальваў раённую камсамольскую арганізацыю, працаваў у партыйных і савецкіх органах. Па накіраванні ЦК КПСС закончыў Акадэмію грамадскіх навук Польскай а’бяднанай рабочай партыі ў Варшаве. Спрабаваў сябе ў фермерстве. Дзесяць гадоў Лявон Іванавіч намеснік старшыні—сакратар цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі сялянскі савет”.


З ХУТАРСКОЙ сядзібы Матусевічаў, што разам з сямю суседнімі падворкамі месціцца на адным з самых высокіх беларускіх узвышшаў каля Налібоцкай пушчы, як на далоні відаць навакольныя краявіды. Палова сялянскіх хат стала лецішчамі для мінчан. Толькі пяць састарэлых жыхароў у Гурнаўшчыне. Здзічэлі некалі ўрадлівыя сады, у якіх стылым асеннім часам пануе мёртвая цішыня. Калі-нікалі грукне долу пераспелы яблык ды закружыць у паветры запознены жоўты ліст. На гэтым узвышшы, якое толькі на некалькі метраў саступае першынство суседнім Якуцкім гарам, раней агаляюцца дрэвы і вясна пазней усыпае кветкамі шырокую лугавіну. Раздзяляе ўзвышшы юрклівая рэчка Сула, якая нястомна нясе даніну крыштальных пушчанскіх крыніц бацьку-Нёману. 

Вякамі на навакольных землях гаспадарылі хутаране і жылі заможна вялікімі сем’ямі. Але так сталася, што за сваю руплівасць і адданасць зямлі дарагой цаной давялося расквітацца. Самых заможных сялян у перадваенную кампанію раскулачвання саслалі ў Сібір. Цудам абмінула такая доля сям’ю Алеся Тарасевіча. Васьмідзесяцічатырохгадовая яго дачка Яніна Аляксандраўна з дзяцінства памятае горкае развітанне родных з бацькавымі братамі Уладзіславам і Канстанцінам, якіх толькі за тое, што за польскім часам мелі свой магазін і трыццаць гектараў зямлі, адправілі па этапе. Праз дзесяцігоддзі бацькавыя сёстры Марыся і Яніна змаглі адзіны раз убачыцца з імі ў Польшчы. 

У Вялікую Айчынную вайну Уладзіслаў і Канстанцін Тарасевічы з сібірскіх лагераў уступілі ў армію генерала Андэрсана і змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі на Заходнім фронце. Выпадкова яны сустрэліся ў Рыме. Перад адпраўкай на баявую аперацыю каля манастыра Монтэ-Касіна падафіцэр Уладзіслаў Тарасевіч вырашыў забегчы ў фотаатэлье і зрабіць здымак, каб адправіць сваякам. Адчыніў дзверы і ўбачыў знаёмы надта схуднелы твар. Позіркамі сустрэліся. Скура і косці тырчэлі. Па вачах ледзьве пазнаў брата Канстанціна, які таксама перад боем пад Монтэ-Касіна вырашыў сфатаграфавацца. Сустрэча была нядоўгай. Абняліся і зняліся разам на фота. Дамовіліся, калі застануцца жывымі, адшукаюць адзін аднаго. 

Тысячы салдат арміі генерала Андэрсана палеглі пры штурме сцен святой мясціны. Братам Тарасевічам удалося цудам застацца жывымі. Прымалі яшчэ ўдзел у вызваленні народаў Еўропы ад нямецка-фашысцкай навалы. Дамоў вяртацца было небяспечна. Уладзіслава Тарасевіча лёс закінуў у амерыканскі горад Чыкага, а Канстанціна — ў англійскі Велінгтон. Толькі ў марах і снах бачылі свой хутар. Так і не давялося прайсціся па родным падворку. На сустрэчу з братамі ў Польшчы Алесь Тарасевіч дазволу не атрымаў, і толькі на фотакартках бачыў родныя твары.

– ЗДЫМКІ сваіх дзядзькаў Уладзіслава і Канстанціна Тарасевічаў захоўвае мая матуля, — адзначае Лявон Матусевіч. — Побач з нашай хутарской сядзібай у дзедавай хаце жыве брат мамы Ясь Аляксандравіч, які настаўнічаў, быў дырэктарам вясковай школы. У нашым садзе яшчэ добра родзяць яблыні і грушы, пасаджаныя бацькамі. Асабліва шчодрая на ўраджай стогадовая дзедава груша, камель якой не ахапіць удваіх. Кожную вясну, як маладая пад вянцом, накідвае белы вэлюм квецені. Глядзець — не наглядзецца. Пад ёю мы рабілі першыя крокі. Кожны раз, калі пад’язджаю да родных мясцін, здалёк над садам бачу грушу. Вітаюся з ёю. 

— А ў вашых дзяцей ёсць жаданне бываць на хутары?

— Абедзьве мае дачкі закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Варшаве і там засталіся жыць і працаваць. Маюць сем’і, дзетак. Прыязджаюць на радзіму, наведваюць бабулю Яніну, якая частуе іх мядовымі грушамі. Дзеці маіх братоў і сясцёр таксама завітваюць на хутар. Усё лета тут звіняць іх звонкія галасы. Здаецца, зусім нядаўна і мы так шчабяталі на падворку. Павырасталі і птушанятамі разляцеліся па свеце. 

— Лявон Іванавіч, што з вашага дзяцінства больш запала ў душу?

— Як мы з братам зусім малыя  на кухні лезлі ў шафку дастаць скарынку хлеба, а яна перавярнулася і накрыла нас. На грукат кінуліся да нас перапужаныя бацькі. Усё абышлося. Толькі посуд разбіўся. 

З малых гадоў увосень дружна ўбіралі бульбу. Маці і сёстры капалі, а мы, хлапчукі, цягалі поўныя кашы ў склеп. У такі час паспявала садавіна, і мы частаваліся жоўтымі салодкімі грушамі, якімі быў усыпаны дол пад высачэзным дрэвам. І цяпер родзяць антонаўкі, папяроўкі, ранет, шмат вішань і сліў, і над імі ўзвышаецца дзедава груша. 

Наш дзед Алесь нарыхтоўваў ад райспажыўсаюза грыбы, ягады, садавіну, лазовую кару. І мы з братамі дралі лазу, сушылі і здавалі яму. У другім класе зарабіў 18 рублёў, а ў шостым за лета атрымаў ад дзеда аж 106! Гэта былі вялікія грошы. Бацькі за догляд сотні калгасных цялушак  за месяц столькі не атрымлівалі. Усёй сям’ёю пасвілі статак, а ў абед нарыхтоўвалі кару. Кілаграм сушанай лазовай кары каштаваў дзесяць капеек. Дзед з мяне браў яшчэ і скідку — плаціў менш. 

— Крыўдавалі на яго за гэта?

— Крыху паляжу на вышках, пазлуюся, а потым пайду і некалькі пукоў сушанай кары забяру і ў наступны раз здаю. Дзед хітрыкі заўважыў, але не ганіў, а прыдумаў скідку. Шкадаваў мяне. Толькі пазней прыйшло разуменне, што ён стымуляваў мяне зарабляць грошы самастойна. Мудрае сялянскае выхаванне.

Восенню дзядуля вызваляў мяне ад гаспадарчых заняткаў і браў на кірмаш у Івянец ці Ракаў, дзе даручаў гандляваць садавінай. З боку назіраў, як спраўляюся, падыходзіў і гладзіў па галаве за старанне.

— У каго спасцігалі сялянскае ўменне?

— Бацька вучыў касу і сякеру трымаць у руках. Дзед Алесь і бабуля Браніслава таксама многае падказалі. Свойскую жывёлу самі пасвілі. Летнім вечарам вяртаю кароў з пашы, а бабуля чакае каля падворка і хутчэй за стол, частаваць цёплымі блінамі і саладухай. 


— Снежнымі зімамі бацька пратупваў сцежку да школы?

— Праз лагчыну блізка было да Ціскаўшчынскай васьмігодкі. Раней нас жывёлаводы крочылі на ферму, а мы за імі. З нашай сям’і ў кожным з першага па восьмы клас былі вучні. Пасля школы спяшаліся даглядаць калгасны статак. Бацька працаваў конюхам, а потым з маці ўзяліся даглядаць сто цялушак. Кармілі іх і чысцілі памяшканне ўручную. Звычайна ў пачатку восені і ў канцы вясны мы праз дзень хадзілі ў школу. 

— На вучобе гэта не адбівалася?

— Вучыліся добра і, нягледзячы на ранняе сіроцтва, закончылі сярэднюю школу і атрымалі вышэйшую адукацыю. Аднойчы сястры Галіне паставілі тройку за верш, і маці прымусіла яе вучыць на каленях. Пашчасціла, што не бацька правяраў дзённік. Ён больш сурова выхоўваў. Калі брат атрымаў двойку, то два дні на жываце ляжаў і ў школу не хадзіў. Для ўсіх гэта была навука. Як у хату заходзіў бацька і бачыў непарадак, здымаў папругу і па некалькі разоў паласаваў старэйшых. Даставалася і мне, а малодшых не кранаў. Мы павінны былі сачыць за парадкам.

У пачатку восьмага класа пасля чарговага бацькавага пакарання я напісаў развітальную запіску, ціхенька забраў шэсць рублёў і сорак капеек, што брат Вацлаў сабраў у класе на падпіску газеты “Чырвоная змена”, і падаўся ў сталіцу.

— Што прымусіла пакінуць родны хутар? 

— З малодшай сястрою пасвілі цялушак, і яны кінуліся праз сабраны ў пукі лён на лубінавы палетак. Увесь лён перавярнулі і патапталі. За гэта атрымаў суровае пакаранне ад бацькі і ў знак пратэсту вырашыў папрасіцца ў школу-інтэрнат. Прыхапіў на дарогу слоік малінавага варэння і кавалак самаробнага масла. Начаваў у Івянцы, а раніцай адправіўся ў Мінск. Амаль тыдзень перабіваўся на сталічным чыгуначным вакзале, пакуль мяне не затрымаў міліцыянер. Ад яго ўцёк і ў другога паставога распытаў, дзе знаходзіцца школа-інтэрнат. Дабраўся да яе, але мяне адтуль накіравалі ў Міністэрства адукацыі, дзе пазнаёміўся з Вольгай Мароз, якая дапамагла ўладкавацца ў Стаўбцоўскую школу-інтэрнат. Паабяцаў Вользе Цімафееўне, што пасля заканчэння школы сустрэнемся. Выхавацельніца інтэрната Марфа Мікалаеўна Война называла мяне сынам. За месяц вучобы нагнаў упушчанае. Падымаўся а пятай гадзіне і да заняткаў рыхтаваў урокі. Прыехала маці з угаворам вярнуцца дамоў. Восьмы клас паспяхова закончыў, і ў дзявяты мяне перавялі ў Валожынскую школу-інтэрнат. Усе канікулы праводзіў на хутары.

— З бацькам знайшлі агульную мову?

— Пра той выпадак са статкам не ўзгадвалі. Калі малодшаму брату Генадзю было ўсяго тры гады, бацькі не стала. Сямейныя клопаты леглі на плечы маці, якой было ўсяго сорак гадоў. Падыходзіў час думаць пра будучае кожнага з нас, васьмярых дзяцей. Вяртаючыся са школы дамоў на канікулы, завітаў у вёсцы Буцькавічы да сваячкі Марысі. Але дома яе не было. Імгліў дождж, і я каля падворка чакаў гаспадыню. У гэты час прыехаў з Мінска сваяк Браніслаў Рослік. Размаўлялі з ім, і ён параіў паступаць у Інстытут народнай гаспадаркі, які сам заканчваў. Так я і зрабіў.

— А з Вольгай Цімафееўнай з міністэрства сустрэліся?

— Не атрымалася. Гэтая цудоўная жанчына адыграла вялікую ролю ў маім лёсе. У Інстытут народнай гаспадаркі я паступіў па накіраванні нашага калгаса, дзе мы ўсёй сям’ёю працавалі. Два гады атрымліваў з гаспадаркі стыпендыю, а з трэцяга курса стаў Ленінскім стыпендыятам. Закончыў інстытут з адзнакаю. 

— Зубрылі эканамічныя дысцыпліны?

— Лёгка давалася вучоба. Асабліва спецыяльныя і матэматычныя прадметы. Як і ў школьныя гады, падымаўся на золку  і да лекцый самастойна займаўся. На размеркаванні прапанавалі вучобу ў аспірантуры. Але трэба было дапамагаць маці падымаць малодшых братоў і сясцёр. Прафесар Віктар Танковіч паціснуў руку, калі размеркаваўся ў свой калгас. Віктар Сцяпанавіч кіраваў маім дыпломным праектам. 

Старшыня Сцяпан Сабко як камуністу прапанаваў пасаду галоўнага эканаміста калгаса.

— Членам партыі сталі ў час вучобы?

— У інстытуце праводзіўся мітынг салідарнасці з палітычнымі выгнаннікамі Уругвая, і мне даручылі выступіць з асуджэннем сусветнага імперыялізму. З трыбуны ўся зала падалася пад белым покрывам, бо гарэў ад высокай тэмпературы. Але выступіў пераканаўча. Уругвайскія камуністы назвалі мяне сапраўдным байцом з імперыялізмам. Пасля гэтага прынялі ў партыю.

Калі ўзначаліў эканамічную службу калгаса, зверху даводзіліся планавыя лічбы, не заўсёды з гэтым пагаджаўся. Вышукваў найбольш спрыяльныя варыянты вытворчай дзейнасці гаспадаркі.  Распрацоўваў методыкі па перспектывах развіцця Стаўбцоўскага раёна і перадаваў іх начальніку раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Сяргею Нупрэйчыку, які абураўся і папракаў, што гэта не мая справа. Доўга ў калгасе не затрымаўся і перайшоў у інструктары райкама партыі, быў першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама камсамола, загадчыкам райсельгасаддзела райкама партыі. З Мінскага абкама партыі па рашэнні Палітбюро ЦК КПСС накіравалі на вучобу ў Акадэмію грамадскіх навук Польскай аб’яднанай рабочай партыі.

— Вы яшчэ сям’і не мелі?

— Ажаніўся ў калгасе. На навагодняе свята трэба было развезці дзецям падарункі. Мароз трашчаў небывалы. Нават прапанаваныя 20 рублёў не заахвоцілі жадаючага на ролю Дзеда Мароза. Паехаў я развозіць на брычцы падарункі. Па глыбокім снезе конік ледзьве прабіраўся да падворкаў. Апоўначы завіталі ў апошнюю хату Рудовічаў у вёсцы Гудзелі. Уручыў меншай дзяўчынцы Марыне падарунак і ўбачыў прыгожую старэйшую сястру. Коніка паставілі ў цёплы хлеў і засталіся сустракаць Новы год. Хрысціне было 18 гадоў. А ў канцы наступнага лета згулялі вяселле. Два дні гоцалі ў Гурнаўшчыне і Гудзелі. З Хрысцінай ужо чатырох унукаў маем.

— Цікавай была вучоба ў Варшаве?

— Шмат карыснага атрымаў і пасля завяршэння вучобы: чатыры гады працаваў у Польскім інстытуце сельскагаспадарчай палітыкі, быў прадстаўніком беларускай кампаніі “Белфакс” у Польшчы. Вярнуўся ў Мінск і заняўся арганізацыяй вучобы беларускіх кадраў за мяжою. Супрацоўнічаў з Беларускім сялянскім саветам — правапераемніцай Беларускага савета калгасаў, заснаванага ў 1969 годзе. Дзесяць гадоў працую намеснікам старшыні—сакратаром Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі сялянскі савет”, якім кіруе старшыня брэсцкага СВК “Астрамечава” Аляксей Скакун. 

— Як супрацоўнічаеце з прадстаўнікамі розных форм гаспадарання на зямлі?

— У Беларусі дзве аграрныя грамадскія арганізацыі. Аграпрамысловы саюз аб’ядноўвае калектывы розных форм уласнасці, а Беларускі сялянскі савет займаецца арганізацыяй удзелу ў міжнародных выставах, наведвання гаспадарак Еўрасаюза.

— Лявон Іванавіч, што лічыце найбольшым шчасцем?

— Нараджэнне дзяцей, унукаў. У маім гасцінічным нумары ў Варшаве на кніжнай паліцы стаялі тамы Маркса, Энгельса, Леніна і побач кніга Папы Рымскага Паўла Другога “Тры колы каштоўнасцей”, дзе канстатуецца, што першае кола — ты, які створаны па боскім падабенстве, другое — сям’я, род, і трэцяе кола каштоўнасцей — праца і грамадскія абавязкі. Усё гэта і складае жыццё.

У гады масавага атэізму з кіраўніком раёна прыехалі на хутар, перад якім стаяў крыж. Загадалі яго знесці, але маці спыніла і сказала, што пад гэтым крыжам без бацькі васьмярых дзяцей выхавала, дала ўсім вышэйшую адукацыю. І яшчэ два новыя крыжы паставілі. 

Дзядзька Уладзіслаў пасля смерці бацькі з Амерыкі турбаваўся, што сіратамі пойдзем па свеце. У нашай дзяржаве такога проста быць не можа. Старэйшы брат Станіслаў стаў старшынёю калгаса на Кругляншчыне, брат Вацлаў звыш дваццаці гадоў кіруе аддзелам адукацыі ў Дзяржынскім раёне, сястра Галіна выкладае ў Клічаўскім аграрным каледжы. Кожны ў сям’і знайшоў свой шлях.

— Аб чым шкадуеце?

— Што не стаў фермерам. Меў 300 гектараў зямлі ў Смалявіцкім раёне і два гады атрымліваў добрыя вынікі. Вырошчваў збожжавыя і рапс, але зямлю вымушаны быў аддаць у гаспадаркі і стаў працаваць у Беларускім сялянскім савеце. Ідэя фермерства мяне не пакідае і зараз.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter