Тры факты для разважанняў

Супастаўленне некаторых, на першы погляд, не звязаных паміж сабою фактаў і дзеянняў, прымусіла мяне задумацца аб актуальнасці і запатрабаванасці беларускай геапалітычнай ініцыятывы “Хельсінкі-2”: правядзенні на еўрапейскім субкантыненце дыялогу паміж Усходам і Захадам па праблемах глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Падчас фактычнага разгортвання ў свеце новай халоднай вайны. Аднак не ўсе ўплывовыя міжнародныя ігракі і цэнтры сілы зараз маюць намер актыўна ўключыцца ў гэты, па сутнасці, безальтэрнатыўны для будучыні народаў працэс. Вядома, што наша краіна станоўча зарэкамендавала сябе ў якасці надзейнага донара бяспекі ў рэгіёне, забяспечыўшы няспынны працэс перамоў па сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.      

Усяму гэтаму папярэднічаў шэраг негатыўных працэсаў у міжнародных стасунках. Сярод іх — далейшае прасоўванне НАТА на Усход і ўмацаванне ваеннага блока на заходніх межах краіны-суседкі, адмова ад эфектыўных кантактаў у зонах міжнародных канфліктаў, у барацьбе з тэрарызмам, іншыя выклікі. Асаблівы ціск цяпер аказваецца на нашага стратэгічнага саюзніка — Расію: беспрэцэдэнтныя санкцыі ЗША і ЕС, ад якіх усе бакі супрацьстаяння нясуць значныя маральныя і матэрыяльныя выдаткі. 

Факт першы. Днямі Пентагон заказаў Абароннаму лагістычнаму агенцтву ЗША прааналізаваць інфраструктуру пяці еўрапейскіх краін —  Беларусі, Украіны, Малдовы, Фінляндыі і Польшчы — наконт гатоўнасці тэрыторый апошніх да ўмоў ваеннага часу. Вядома, дзеянні партнёраў былі ўспрыняты ў Расіі як вывучэнне магчымага тэатра ваенных дзеянняў. Масла ў агонь падліла нядаўняя прамова Дональда Трампа ў амерыканскім кангрэсе, дзе Расія і Кітай вызначаны як сапернікі, якія кідаюць выклік інтарэсам, эканоміцы і каштоўнасцям ЗША.    

Факт другі. У падобных жорсткіх умовах існавання некаторыя “эксперты” нават надзейных партнёраў могуць абвінаваціць у нечым нядобрым. Вось што днямі напісала ў каментарыі на старонках “Независимой  газеты” аглядальнік Святлана Гамава: “Адносіны Расіі з суседзямі на заходніх межах пагоршыліся настолькі, што іх можна лічыць адкрытымі. Нават Беларусь, якая надзейна, як лічылася, прыкрывала нашу краіну на гэтым напрамку, ужо нельга лічыць заходнім шчытом РФ. Крыўды Мінска на непаразуменне саюзніка, якія неаднойчы выказваў Прэзідэнт Аляксандр 

Лукашэнка, курс краіны на наладжванне добрасуседскіх стасункаў з Еўрасаюзам дазваляюць выказаць здагадку, што з цягам часу і гэта — апошняя — частка заходніх межаў РФ перасунецца ў бок ЕС”. Аўтар, такім чынам, робіць выснову: заходнія межы Расіі аказаліся без замка, а нашы суседзі могуць прапусціць на сваю тэрыторыю любых няпрошаных гасцей. У публікацыі Святланы Гамавай таксама згадваюцца Пётр Парашэнка з яго чарговай ініцыятывай аб стварэнні “новай кааліцыі” супраць Расіі і магчымым наладжванні праз Украіну бясплатнага транзіту для войск Паўночна-Атлантычнага альянсу, краіны Балтыі і Польшча з іх рэзкай антырасійскай рыторыкай, а таксама пералічваюцца праблемы палітычнага выбару Малдовы паміж Расіяй і ЕС, урэгуляванне замарожанага канфлікту ў Прыднястроўі і трывожная сітуацыя ў Данбасе.

На жаль, на многія высновы ў згаданым артыкуле пакуль няма адказаў у большасці пералічаных еўрапейскіх сталіц. Пакуль недавер бакоў толькі расце, а пошук ворагаў працягваецца.

Факт трэці. Што датычыцца Мінска, тут я дазволю сабе не пагадзіцца з пазіцыяй выдання. Наша краіна, нягледзячы ні на што, застаецца шчырым саюзнікам і сябрам Расіі як у эканамічным, так і ў ваенна-палітычным плане (вучэнні “Захад-2017” яшчэ раз гэта пацвердзілі). Ужо больш за дваццацігоддзе наша краіна найперш — праз чалавечае вымярэнне будуе разам з Расіяй Саюзную дзяржаву, уваходзіць у ЕАЭС, іншыя інтэграцыйныя фарматы. Мы ніколі раней не давалі падстаў нашым самым блізкім суседзям рабіць такія незразумелыя высновы. Нагадаю:  Беларусь будзе заўсёды праводзіць шматвектарную палітыку на наладжванне шматбаковых добрасуседскіх адносін з усімі сваімі суседзямі і партнёрамі, у тым ліку з Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі. І гэты дыялог нясе сёння беларусам не толькі пэўны палітычны плён, але і дае значны эканамічны вынік. Значыць, Беларусь на правільным шляху.       

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter