Ганцевичские мастера создают уникальные ковры

Тры дні Чарадзейства

На Беларусі ў першай палове мінулага стагоддзя амаль у кожнай сельскай хаце можна было ўбачыць размаляваныя дываны. Альбо, як іх па-простаму называлі, маляванкі, з выявамі кветачак, жывёл ці з рамантычнымі сюжэтамі. Яны павінны былі служыць адной мэце: упрыгожваць сціплы сялянскі побыт. Імёны Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, Фёдара Сухавілы, якія стварылі шмат такіх «простых шэдэўраў», зараз добра вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. На шчасце, сёння тое рамяство не забыта. Карэспандэнт «НГ» завітаў у Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў і ў тым пераканаўся.

Выкладчык Вольга Івановіч і сёстры Марыя, Ганна і Анастасія Занька ўзаемадзейнічаюць у творчым працэсе.

Калі ажываюць малюнкі

Як гэта нярэдка бывае ў нашым жыцці, сапраўдная каштоўнасць незвычайных дываноў многімі была асэнсавана толькі тады, калі значная частка іх была незваротна страчана. Яшчэ крыху — знікла б і арыгінальная тэхналогія іх вытворчасці. На шчасце, знайшліся майстры, якія не толькі здолелі захаваць сакрэты ўнікальнай тэхналогіі для нашчадкаў, але і перадаюць маладому пакаленню свае веды і любоў да гэтага віду традыцыйнага народнага рамяства. Адна з іх — Вольга Івановіч, майстар па роспісе Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў:

Маляванка, на першы погляд, простая рэч, для стварэння якой не патрэбна асаблівага таленту і здольнасцей. Але так падаецца толькі спачатку. Насамрэч гэтыя дываны ствараліся па пэўных канонах, іх сюжэты падпарадкоўваліся строгай кампазіцыйнай пабудове, у якой нярэдка выкарыстоўваліся арнаментальныя элементы традыцыйнай вышыўкі. Як у беларускім нацыянальным адзенні існуюць строі, характэрныя для той ці іншай мясцовасці, так і ў маляванак з розных куткоў Беларусі ёсць свае адметныя рысы. Напрыклад, петрыкаўскі роспіс чымсьці падобны на рускую хахламу, для яго характэрны шырокія мазкі. У нас на Берасцейшчыне, і ў прыватнасці на Ганцаўшчыне, больш распаўсюджаны огаўскі роспіс. Яго вылучаюць больш выразныя контуры, выкарыстанне так званай ажыўкі — калі дзеля таго, каб кветачка на малюнку «ажыла», па яе краях право­дзяць танюсенькі контур альбо фарбай іншага колеру наносяцца кропелькі.

Па словах майстрыхі, на пачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя вясковыя гаспадыні вельмі цанілі гэтыя «стракатыя палотны». Яны былі добрым падарункам, іх часта маці давалі сваім дочкам у шлюбны пасаг, альбо госці дарылі маладым на вяселле. У тыя часы лічылася, што такую прыгажосць могуць дазволіць сабе толькі заможныя людзі. Хаця «заможнасць» гэтая была адноснай. За «асаблівыя карціны» з майстрамі, якія самі хадзілі па вёсках і прапаноўвалі свае паслугі, сяляне разлічваліся тым, што мелі: зернем, яйкамі, бульбай ці іншымі прадуктамі з уласнай гаспадаркі.

Дзверы ў дапамогу

Як і ўсе дэкаратыўныя мастацкія вырабы, арыгінальныя дываны мелі сваю асаблівую тэхналогію вытворчасці. Яна была наступнай: даматканае палатно афарбоўвалі ў цёмна-карычневы, цёмна-сіні альбо чорны колер, каб дэкаратыўныя элементы выглядалі ярка і каларытна. Сюжэт наносілі пры дапамозе трафарэтаў, якія накладвалі на тканіну, а потым дадаткова размалёўвалі. Каб стварыць адзін такі шэдэўр, майстру патрабавалася тры дні, адзначае Вольга:

— У першы дзень наносіўся фон, у другі — асноўны малюнак, а ў трэці — рабілася «ажыў­ка». І яшчэ адна цікавая дэталь: дываны размалёўвалі толькі ў вертыкальным стане. Дзеля гэтага дзе-небудзь, звычай­на ў хляве, здымаліся дзверы, а на праёме замацоўвалася палатно.

На Палессі асноўным сюжэтам такіх дываноў сталі раслінна-арнаментальныя кампазіцыі на цёмным фоне. Тады як на поўначы Віцебшчыны і Гродзеншчыне большае распаўсюджванне атрымалі сюжэтна-рамантычныя кампазіцыі з выявамі птушак і звяроў, нярэдка міфічных, а таксама з краявідамі са старажытнымі замкамі і сядзібамі наіўна-рэа­лістычнага напрамку.

— Маляваныя дываны цяпер з задавальненнем набываюць не толькі прафесійныя калекцыянеры, але і простыя людзі, якія цікавяцца нашай культурнай спадчынай, — працягвае тэму ганцавіцкая майстрыха. — А ў 70—80-я гады многія дзеці і ўнукі першых гаспадароў маляванак, не разумеючы, наколькі каштоўныя рэчы дасталіся ім у спадчыну, выкідвалі іх, а на іх месца вешалі модныя рэпрадукцыі, якія тысячамі штампавалі мастацкія і паліграфічныя камбінаты па ўсім Савецкім Саюзе. Так незаўважна быў страчаны значны пласт нашых культурных здабыткаў.

Работы выхаванцаў гуртка і яго кіраўніка зроблены ў адпаведнасці з традыцыйнай тэхнікай.

 Любоў да сваёй зямлі

Вольга Івановіч упэўнена, што сёння традыцыйны дэкаратыўны роспіс, як і іншыя беларускія рамёствы, пачынае адраджацца і набываць новых прыхільнікаў.

— У нашым Доме рамёстваў я вяду гурток «Рукатвор», які наведваюць дзеці рознага ўзросту, — расказвае Вольга. — На сваіх занятках мы таксама робім традыцыйны роспіс па дрэве і шкле: размалёўваем розныя ­куфэркі, рамкі пад фота — імкнёмся ўпрыго­жыць інтэр’ер так, як у свой час рабілі прабабулі. Пры гэтым мы выкарыстоўваем выключна тыя прыёмы і тэхніку, якія распрацавалі майстры ў мінулым стагоддзі. Я бачу, як дзеткі з задавальненнем і стараннасцю асвойваюць гэтае рамяство, што такая творчасць выклікае ў іх сапраўдную цікавасць.

Тры сястры, аднак не чэхаўскія Празоравы, а мясцовыя 14-гадовая Марыя,13-гадовая Ганна і 9-гадовая Анастасія Занька, якія чатыры гады таму разам упершыню прыйшлі на заняткі да Вольгі Івановіч, у адзін голас пацвярджаюць словы сваёй выкладчыцы:

— Заняткі роспісам патрабуюць засяроджанасці і ўседлівасці, але нам да гэтага не прывыкаць. Мы ж яшчэ ў дадатак займаемся па класе фартэпіяна ў нашай дзіцячай школе мастацтваў. Так што тут, можна сказаць, адпачываем. А калі сур’ёзна, то вельмі ­падабаецца не проста маляваць, а ства­раць нейкія арыгінальныя рэчы. Пры гэтым для нас важна, каб яны былі звязаны з нашай беларускай культурай. Мабыць, гэтая цікавасць да аўтэнтычнасці перадалася нам ад матулі — Любові Занька, па-сапраўднаму творчага чалавека, кіраўніка ўзорнага ансамбля народных духавых інструментаў «Дударыкі». Канешне ж, мы з’яўляемся яго ўдзельнікамі. І вось нашы дываны-набіўкі сталі аднымі з рэчаў, якія дапамаглі аформіць кабінет ансамбля ў традыцыйным беларускім стылі.

Дарэчы, мастацкія рэчы, зробленыя выхаванцамі гуртка разам з яго кіраўніком, атрымалі высокую адзнаку не толькі ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў, але і на тэматычных выставах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню — «Вясновым букеце» ў Мінску, «Славянскім базары ў Віцебску», «Ягелонскім кірмашы» ў Любліне і іншых мерапрыемствах. Ёсць цікавасць да такой творчасці не толькі з боку прафесіяналаў. Як узгадвае Вольга, мінулай зімой да іх спецыяльна на двухдзённы майстар-клас прыязджала жанчына з Мінска. Яна была ў захапленні ад таго, што тут убачыла, паабяцала прыехаць зноў летам і падзялілася сваёй марай — ства­рыць уласную калекцыю адзен­ня з набіўкамі і роспісам па тканіне.

— Традыцыйны роспіс, як і іншыя беларускія рамёствы, — гэта не проста праца рукамі, — упэўнена Вольга Івановіч. — Вывучаючы яго, і дзеці, і дарослыя асвойваюць не толькі тэхналогію вытворчасці, але і спасціга­юць глыбінны сэнс, што закла­дзены ў малюнках на дыванах, куфрах, шкле. Такім чынам яны дакранаюцца да нацыянальнай культуры, пераймаюць светапогляд сваіх продкаў, іх любоў да сваёй зямлі.

Генадзь ПАПЛАЎСКІ.

paplauski@gmail.com


Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter