Чым адгукнулася прыватызацыя шклозавода ў пасёлку Пастаўскага раёна

Труба над Гутай

ГЭТУЮ дату тут не адзначаюць, хаця яе ведае кожны жыхар. Дзесяць гадоў таму тут зачыніўся пасля прыватызацыі вядомы ў нашай краіне і блізкім замежжы шклозавод, які даваў работу ўсяму пасёлку. 

Ад шклозавода засталася адна труба
Ад шклозавода засталася адна труба

ЯШЧЭ Гуту называлі пасёлкам шкларобаў. І ў гэтым не было ніякага перабольшвання. Яшчэ пры цары тут быў пабудаваны завод па вырабе шкла. Тайны майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Прадпрыемства было моцна пашкоджана ў Першую сусветную вайну і наогул разбурана ў Вялікую Айчынную. Пасля вызвалення яго ўзводзілі фактычна нанава. Яшчэ 15 гадоў назад на прадпрыемстве было занята звыш трох соцень чалавек, або амаль палова ўсяго насельніцтва Гуты. 

Завод пачало «ліхаманіць» у гады перабудовы. Некалькі разоў адраджалі вытворчасць ледзь не з нуля пад кіраўніцтвам даволі ініцыятыўнага дырэктара Паўла Фіськовіча, які ездзіў за сыравінай і абсталяваннем ажно за Урал. Але і яго старанняў не хапіла. «Гута» была аб’яўлена банкрутам і выстаўлена на продаж. Набыла яе па тэндары расійская фірма ў кастрычніку 2002 года. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што  новыя  гаспадары  ўзяліся за справу зацята. Пабудавалі плавільную печ, якая абышлася ці не ў паўмільёна долараў, правялі частковую мадэрнізацыю на лініях, каб выпускаць еўраслоік. Набралі рабочых — і ў маі 2004 года выдалі прадукцыю. А праз кароткі час... спынілі вытворчасць. Павесілі на дзверы замок.

Ветэраны шклозавода, жыхаркі Гуты Анфіса ЗЕЛЯНКЕВІЧ і Вера КАЗАРАВЕЦ.
Ветэраны шклозавода, жыхаркі Гуты Анфіса ЗЕЛЯНКЕВІЧ
і Вера КАЗАРАВЕЦ.

Што здарылася, сёння цяжка меркаваць. Кажуць, што не вытрымалі канкурэнцыі, што надта дарагая па кошце аказалася прадукцыя. Як бы там ні было, але гутаўцам ад гэтага стала не лягчэй. Рабочыя аказаліся на вуліцы. 

АЛЯКСЕЙ Аліхвер, былы старшыня Варапаеўскага сельскага Савета, прыгадвае аб тых гаротных днях Гуты:

— Гэта была сапраўды трагедыя. Працавалі на заводзе цэлымі дынастыямі. 

І ў адзін час усё абарвалася. Людзі пратэставалі, абураліся. Дайшло да таго, што 1 верасня многія не пусцілі сваіх дзяцей у школу. На ногі былі падняты і раён, і вобласць: трэба было недзе працаўладкаваць 177 чалавек. У самой Гуце ніякіх прадпрыемстваў, акрамя закрытага шклозавода, не было. Сабралі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў сельскага Савета і папрасілі іх прыняць людзей. Іншага выхаду не было. Нам пайшлі насустрач Варапаеўскі завод жалезабетонных вырабаў, Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат, Варапаеўская дыстанцыя чыгункі, калектывы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясгаса, сельгасфіліялаў Пастаўскага райаграсэрвісу і «Рассвета Поставского» і некаторых іншых. 


Гутаўцы — рабочыя Варапаеўскага завода ЖБВ — Сяргей ГУТНЕЎ, Аляксандр БУЙКА, Таццяна БАРАНОЎСКАЯ, Рыгор БАЛАЙ, Анатоль КУШЭЛЬ, Віктар КАСАРЭЎСКІ.
Гутаўцы — рабочыя Варапаеўскага завода ЖБВ — Сяргей ГУТНЕЎ,
Аляксандр БУЙКА, Таццяна БАРАНОЎСКАЯ, Рыгор БАЛАЙ,
Анатоль КУШЭЛЬ, Віктар КАСАРЭЎСКІ.

Гэта быў нялёгкі крок і для азначаных калектываў, і для саміх гутаўцаў. Большасць з іх ўмелі толькі варыць шкло і рабіць слоікі. Таму давялося навучаць новым прафесіям — будаўнікоў, электраманцёраў, механізатараў... Каго адпраўлялі на вучобу, да каго прыстаўлялі настаўнікаў. 

Улічваючы, што ад Гуты да Варапаева пяць кіламетраў, Уладзімір Андрэйчанка, які на той час быў старшынёй Віцебскага аблвыканкама, распарадзіўся набыць за сродкі абласнога бюджэту аўтобус для перавозкі людзей. Каб зняць праблему з апрацоўкай агародаў, якія раней абрабляліся тэхнікай шклозавода, сельсавету падарылі трактар з усім прычапным інвентаром. Чатыры гады сельсавет выконваў заказы сялян, а пасля перадаў тэхніку жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

І яшчэ. Гута не значылася ў планах на пабудову там аграгарадка, але, дзякуючы намаганням раённай і абласной улады, у ёй паклалі на вуліцах асфальт, капітальна адрамантавалі сярэднюю школу, дзіцячы садок, магазін, пошту. Узноўлены Дом культуры, «бытоўка», іншыя аб’екты.

НАПАМІНАЕ пра тое, што дзесяць гадоў таму ў Гуце быў вядомы шклозавод, цяпер толькі высокая труба і рэшткі разбураных будынкаў. З другой трубы курыцца дым, бо кацельня, перададзеная ЖКГ, дае цяпло пасёлку.

31-3 500.jpg
Катэджы за возерам, якія прыватызавалі былыя работнікі завода.


— Жывуць людзі, як і ўсе нашы, — кажа старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Седзюкевіч, — а іх фельчарска-акушэрскі пункт і сярэдняя школа прызнаны лепшымі ў раёне.

Савет адклікаецца на запытанні жыхароў пасёлка і вырашае іх сам або з дапамогай раённых службаў. Так, у мінулым годзе былі перакладзены трубы ацяпляльнай сістэмы, а сёлета запланавана замена водаправода. У пасёлку ажно тры крамы: адна дзяржаўная і дзве прыватныя. Кожны чацвер у Варапаеве — кірмаш, і тады, для зручнасці жыхароў пасёлка, курсіруе аўтобус Гута — Варапаева. А так тры разы на дзень ходзяць праз Гуту аўтобусы па маршрутах Паставы — Белькі і Паставы — Варапаева. Так што і ў райцэнтр дабрацца не праблема, і ў магазіны, і ў бальніцу. 

Сёння ў Гуце прапісана 616 жыхароў. З іх 89 — дзеці да 18 гадоў і 325 — працаздольныя.

Найбольшая іх колькасць занята на заводзе жалезабетонных вырабаў, дрэваапрацоўчым камбінаце і двух сельгасфіліялах. Напрыклад, Таццяна Сцепанцэвіч, якая была на шклозаводзе майстрам, зараз у сельгасфіліяле райаграсэрвісу выдае запчасткі, запраўляе тэхніку. А вось яе сын Валера ездзіць на работу ў Варапаева — на завод жалезабетонных вырабаў. Тут знайшлі сваю другую прафесію яшчэ каля трох дзясяткаў былых шкларобаў. У тым ліку Таццяна Бараноўская ў аддзеле тэхнічнага кантролю прадукцыі.

— Дзякуй за тое, што паклапаціліся пра нас, далі работу, — гаворыць яна. — Прывыклі ўжо, асвоіліся. І ўсё роўна пры напамінку пра шклозавод сэрца пачынае балець. 

А вось другога работніка завода ЖБВ Васіля Васільева, таксама былога шклароба, убачыў дома — ён карміў сямімесячную дачку:

— Завод перайшоў на трохдзёнку, вось і вырашылі памяняцца месцамі з жонкай, — патлумачыў Васіль. — Яна — повар у аграсэрвісе. Як толькі абстаноўка на заводзе зменіцца, перадам «вахту» ёй. 

Сапраўды, завод жалезабетонных вырабаў з-за недастатковасці заказаў зімой перайшоў на трохдзёнку. Аднак, як запэўніла дырэктар прадпрыемства Алеся Дудалева, гэта з’ява часовая. Пайшлі заяўкі з многіх ПМК трэста «Полацксельбуд», прадоўжаны кантракты з расіянамі на пастаўку слупоў, разгорнута работа з прыватнымі фірмамі-забудоўшчыкамі.

Трэба зазначыць, што Пастаўскі райвыканкам і асабіста яго старшыня Віктар Гутараў трымаюць на кантролі работу дадзенага прадпрыемства, а таксама Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната.

Актыўна заняліся гутчане прыватызацыяй свайго жылля. Але ж калі ў катэджным пасёлку гэта акцыя паспяхова закончана, то па вуліцы Заводскай з афармленнем некаторых, асабліва старых дамоў, узніклі цяжкасці ў выніку адсутнасці дакументаў. Усё з-за той жа прыватызацыі шклозавода, калі новым гаспадарам разам з вытворчымі будынкамі было перададзена і жыллё прадпрыемства.

На высокім пагорку, над возерам, стаіць двухпавярховая Гуцкая сярэдняя школа. У ёй самой і вакол — ідэальны парадак. І галоўнае — пакуль што не стаіць пытанне аб яе закрыцці. Сёння тут займаецца 77 вучняў. Дырэктар Іна Касарэская сказала, што сёлета ў першы клас прыйдуць толькі двое дзяцей, у 2016-м — чацвёра, а вось у 2017-м — ніводнага...

У ЧАС размовы з адной са старэйшых жыхарак Гуты Анфісай Зелянкевіч давялося пачуць:

— Шклозавод — рана, якая ніколі не загоіцца. На ім працаваў мой бацька, я, мой зяць. Помню, пасля вайны, як адбудоўвалі завод, нагамі гліну мясілі. Дырэктар ідзе: «Ой, дзяўчаткі, старайцеся! І дзеткі тут вашы будуць рабіць, і ўнукі!..» Дзеткам цяпер трэба ездзіць, каб дарабіць да пенсіі. А ўнукі — разляцеліся... 

Слухаючы яе, падумаў: трэба сапраўды не сем, а ў некалькі разоў больш адмераць, каб не паўтарыць гэтакай эканамічнай драмы ў Гуце...

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ» 

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter