Як новыя тарыфы за вываз смецця паўплываюць на лiчбы ў жыроўках

Труба клiча збор

Навiна: за вываз, перапрацоўку і захаванне цвёрдых бытавых адходаў мінчане будуць плаціць па дыферэнцыраваных тарыфах. Для жыхароў дамоў са смеццеправодам прадугледжаны больш высокія тарыфы. Як новаўвядзенне паўплывае на сумы ў квітанцыях па аплаце жыллёва-камунальных паслуг і ці не падштурхне гэта да масавага заварвання смеццеправодаў, даведалася карэспандэнт «Р».

Справа — труба
Дыферэнцыраваныя тарыфы — стымул для асобнага збору адходаў
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Нагадаем, аплата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі разлічваецца зыходзячы з кубічных метраў адходаў. У кожным раёне і буйных гарадах нормы спажывання розныя. У Мінску, напрыклад, гэта 0,2233 метра кубічнага смецця ў месяц на чалавека, або 2,68 — у год. Тарыф для дамоў без смеццеправода — 5,1143 рубля за адзін кубаметр, са смеццеправодам — 5,5235 рубля. Гэта значыць, што жыхар дома без смеццеправода ўбачыць у жыроўцы суму ў 1,14 рубля. Той, хто карыстаецца смеццеправодам, — 1,23 рубля. Для яго сума ў графе «абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі» павялічыцца нязначна. Сям'я з трох чалавек заплаціць 3 рублі 43 капейкі і 3 рублі 30 капеек адпаведна. Новыя сумы за гэтую паслугу мы ўбачым у квітанцыях аб аплаце за снежань.

Усё лагічна. У паслугу па абыходжанні з ТКА з мінулага года ўключана плата за абслугоўванне смеццеправода — выдаленне адходаў, прыбiранне загрузнага клапана, ствала смеццеправода, бункера. Навошта за гэта аддаваць грошы тым, у чыіх дамах няма гэтай тэхнічнай прылады? Больш за тое, на думку спецыялістаў, дыферэнцыраваныя тарыфы прывядуць арганізацыі ЖКГ да зніжэння выдаткаў. А спажыўца — да раздзельнага збору смецця і вымання з яго другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Толькі ці стане новаўвядзенне прычынай масавага закрыцця смеццеправодаў? Наўрад ці. Таму што мы вельмі неахвотна адмаўляемся ад камфорту. Хоць у многіх паняцце камфорту, на маю думку, некалькі скажонае. Маю на ўвазе тых, хто вывальвае ў ствол смеццеправода адходы без пакета, вылівае туды сапсаваны суп або спрабуе запхнуць стары зэдлік. Заканамерна, што ў пад'ездах узнікае антысанітарыя, чым вельмі незадаволеныя жыхары. І яны часта ініцыіруюць заварванне смеццеправодаў. Пытанне вырашаецца, калі «за» прагаласавала 50% плюс адзін уласнік. Толькі ў Мінску за апошнія некалькі гадоў закрылі больш за 2500 ствалоў смеццеправодаў.

Вопыт пойдзе далей

Яшчэ адзiн момант. Каб заварыць смеццеправод, трэба не толькі жаданне жыхароў. Для пачатку трэба паглядзець, ці можна абсталяваць кантэйнерную пляцоўку ў двары. Да яе шмат патрабаванняў. Пляцоўка павінна быць абгароджана бетонным альбо металічным плотам. Размяшчацца павінна не бліжэй чым за 20 метраў ад жылога дома, а таксама на адлегласці ад устаноў адукацыі і аховы здароўя, аб'ектаў грамадскага харчавання і дзіцячых пляцовак. Кантэйнеры для паасобнага збору смецця (пластыкавага посуду, шкла, паперы і цвёрдых камунальных адходаў) павінны стаяць на цвёрдай падстаўцы. Для абсталявання пляцоўкі патрэбна праектная дакументацыя і ўзгадненне з МНС і архітэктарамі. Не ў кожным двары гэта магчыма зрабіць.

Вернемся да ўвядзення дыферэнцыраваных тарыфаў. Асноўная іх мэта, удакладняе намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Галіна Гілевіч, стымуляваць чалавека да асобнага збору адходаў. Калі мінскі вопыт будзе ўдалым, яго прыменяць у іншых гарадах краіны.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter