Компьютеры, ПИ-трубы и GSM-контроллеры: смогут ли высокие технологии в перспективе сократить сроки летнего отключения горячей воды

Труба iграе душ

Неабходнасць пражыць два тыдні без гарачай вады штогод выклікае бурныя эмоцыі ў жыхароў шматпавяр-ховых дамоў. Кожны раз людзі задаюць адно і тое ж пытанне: няўжо нельга абысціся без адключэння або скараціць яго часавыя рамкі? Спецыялісты адказваюць: тэхналагічна гэта магчыма. Але не ўсё так проста. У пытаннi адключэння гарачай вады разбiралася карэспандэнт «Р».

За станам і бяспечнай эксплуатацыяй цепласеткі спецыялісты зараз сочаць на адлегласці.

Труба пасылае сігнал

Служба дыягностыкі цеплавых сетак і абсталявання філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга». Начальнік службы Дзмітрый Волчэк уважліва разглядае карту на маніторы. На ёй  змейкай жоўтага колеру ўецца вуліца Чырвонаармейская. Для спецыяліста гэта магістраль цепла­сеткі № 30, стан якой ён кантралюе на адлегласці. Магістраль перакла­дзена папярэдне ізаляванымі трубамі і абсталявана сістэмай аператыўнага дыстанцыйнага кантролю. У арсенале спецыялістаў сёння — кантролеры, якія дазваляюць здымаць паказанні ў рэжыме анлайн. Яны ўсталёўваюцца ў цеплавых вузлах жылых дамоў, цэнтральных цеплавых пунктах, квартальных пунктах уліку цяпла, падключаюцца да сігнальных праваднікоў ПІ-трубаправодаў і па канале GSM бесперапынна перадаюць звесткі аб стане іза­ляцыі трубы ў службу дыягностыкі. Таксама ін­фар­мацыя паступае на працоўныя месцы інжы­нераў раённых цеплавых сетак (а іх у філіяле «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» восем). Дарэчы, адзін мадэм можа кантраляваць да двух кіламетраў сетак, якія ўтвараюць агульную сетку.

Пакуль мы размаўляем з Дзмiт­ры­ем, адзін з участкаў карты па­чыр­ванеў, а ў графе паказанняў супра­ціўлення праваднiкоў выскачыла слова «абрыў». Сістэму, якая выйшла са строю, з дапамогай вымяральнага прыбора агледзіць спецыяліст дыягностыкі. Ён жа на месцы ўсталюе прычыну пашко­джання. Часта праблемы бываюць дробнымi, нязначны рамонт можна зрабiць без дапамогi.

З падрабязнасцяў даведваюся, што сігнальны праваднiк, які выводзіцца ў адмысловыя вымяральныя тэрміналы, пракладзены па ўсёй даўжыні трубаправода. Сістэма дазваляе адшукаць месца ўвільгатнення трубы. І, такім чынам, прадухіліць далейшае развіццё вонкавай карозіі і пашкоджанняў. Дарэчы, больш за 90 працэнтаў пашкоджанняў адбываецца з-за вонкавай карозіі трубаправода. Іржу ўтварае антыгалалёдная сумесь з вялікай колькасцю солі. Каб папярэдзіць падобную непрыемнасць на кіламетрах падземных сетак, патрэбныя сучасныя тэхналогіі.

— Сістэму перадачы паказанняў па каналах GSM мы ўкараняем апошнія тры гады. Сёння ёй абсталяваны 130 кіламетраў ПI-труб, дарэчы iмi перакладзена ўжо 800 кіламетраў цеплатрас. Усяго на балансе прадпрыемства — 2600 кіламетраў труб,
— удакладняе намеснік галоўнага інжынера філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Андрэй Жэшко. Камунальнікі гавораць, што перакладваць трубы новымі — вельмі дарагія праекты, таму з распаўсюджваннем такіх тэхналогій прыйдзецца пачакаць.

Скараціць тэрміны планавага адключэння гарачай вады можна. Першыя вынікі ў Мінску ўжо ёсць. Сёлета жыхары дамоў у межах вуліц Сурганава — Бяды — Някрасава — Багдановіча атрымалі гарачую ваду праз 7 дзён. Але для гэтага спатрэбілася перакласці ўсе цепласеткі ПI-трубамі. Мерапрыемства дарагое і не імгненнае.

Не трэба спяшацца

Такім чынам без штогадовых выпра­баванняў цепласетак усё роўна не абысціся. А правяраюць іх на трываласць і шчыльнасць высокім ціскам гідраўлічнай апрасоўкі. На гэта можа спатрэбіцца да трох сутак. Раней цепланосьбіт астуджваюць. Гэта яшчэ суткі. На ліквідацыю пашко­джанняў, якія могуць «стрэліць» у любы момант, таксама патрэбны час. І неабходнасць гэтая тым часцей узнікае, чым старэй квартал горада і чым больш зношаныя ў ім цепласеткі. Трэць участкаў гарадскога трубаправода не праходзіць выпрабаванні з першага разу. Вось вам і два тыдні без вады. А яшчэ ў гэты тэрмiн уваходзяць рэгламентныя і рамонтныя работы. Бо цепласетка не проста сталёвая труба, па якой бяжыць вада, на ёй шмат іншага абсталявання, якое патрабуе абслугоўвання.

Прыбор для дыягностыкі сістэм кантролю.

Адключэнне гарачага водазабеспячэння і выпрабаванні пра­водзяцца яшчэ і таму, што гэта патрабаванні нарматыўных дакументаў. Так што мы можам казаць пакуль толькі аб скарачэнні тэрмінаў. Тым больш такое ў гісторыі ўжо здаралася. Некаторыя гараджане памятаюць, як калісьці адключэнне гарачай вады доўжылася не 14, а 28 дзён.

КАМПЕТЭНТНА

Святлана ЦІМОШКІНА, начальнік аддзела энергетыкі і надзвычайных сітуацый Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— На балансе арганізацый ЖКГ — 15,2 тысячы кіламетраў цеплавых сетак. Больш за 9 ты­сяч з іх заменена з выкарыстаннем ПІ-труб. З 2007-га штогод мяняецца не менш за 4 працэнты цепласетак ад агульнай працягласці. У планах на гэты год — перакласці 649,2 кіламетра.

Адключэнне гарачага водазабеспячэння пры прафілак­тычным рамонце цеплавых сетак максімум на 14 дзён — норма. Гэтых тэрмінаў прытрымлі­ваюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Толькі ў выключных выпадках іх можна павялічыць. Напрыклад, пры правядзенні вялікага аб’ёму рамонтных або будаўнічых работ. Новыя тэрміны абавязкова ўзгадняюцца з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

ФАКТ

У гэтым годзе філіял «Мін­скія цепласеткі» абвясціў тэх­на­лагічны перапынак выпра­баванняў трубаправода на час правядзення II Еўрапейскіх гульняў-2019.

ДАРЭЧЫ

Сёлета спісы адключэння гарачага водазабеспячэння ў мінскіх дамах апублікаваны на ўвесь сезон, а не на месяц, як раней.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter