Тройка на вяселлі

У публікацыях рубрыкі мы ўжо адзначалі, што сімволіка ліку “тры” ў кантэксце сямейна-родавай абраднасці беларусаў даволі часта суіснавала ў процідзеянні магічнай сутнасці двойкі (пары).

У публікацыях рубрыкі мы ўжо адзначалі, што сімволіка ліку “тры” ў кантэксце сямейна-родавай абраднасці беларусаў даволі часта суіснавала ў процідзеянні магічнай сутнасці двойкі (пары).

Так, напрыклад, кумам падчас хрэсьбін дазвалялася выпіць толькі цотную (двойчы) колькасць чарак, каб дзіця “жыло ў пары”. Тое ж процістаянне назіралася і ў рытуалах беларускага вяселля. Ролю асноўных вясельных чыноў маглі выконваць толькі тыя, хто быў у пары (за выключэннем шафера і шаферкі, якія самі ўтваралі гэту рытуальную пару), а рэалізацыя патэнцыялу выконваемых рытуальных дзеянняў дасягалася толькі праз іх трохразовае паўтарэнне.
1. Комплекс вясельных святкаванняў складаўся з трох даволі працяглых і складаных рытуальна-абрадавых падзей. У яго структуры вылучаецца перадвясельны перыяд, у якім зноў-такі прасочваецца трохчасткавая структура: сватаўство, заручыны, дзявочы (хлапечы) вечар. Затым трохдзённае вяселле з вялікім мноствам спецыфічных абрадавых дзеянняў, сярод якіх кульмінацыйнымі з’яўляліся выпяканне і дзяльба каравая, выкуп нявесты, вянчанне маладых, першая шлюбная ноч, пераезд нявесты ў дом жаніха. Нарэшце, трэці, заключны этап — паслявясельны, у якім зноў-такі былі тры складовыя часткі: “цыганы”, перазоў і мядовы месяц.
2. Беларускае традыцыйнае вяселле магло доўжыцца да двух тыдняў, аднак кульмінацыйная частка яго разгортвалася часцей за ўсё на працягу трох дзён.
3. Перад выпраўленнем маладых да вянца бацька апаясваў дачку ручніком і тройчы па сонцы абводзіў вакол стала (у хаце маладога маці апаясвала сына-жаніха), што павінна было сімвалізаваць развітанне маладой (маладога) са сваім домам (памятаеце: пасля купання бабуля абносіла дзіця тройчы вакол стала і нават клала яго на стол — далучала да сям’і). Лічылася надзвычай кепскай прыметай, калі хто-небудзь пераходзіў дарогу вясельнаму поезду. Як толькі гэта здаралася, вяселле спынялася і дасведчаная свацця саскоквала з воза і тройчы перабягала дарогу перад спыненымі конямі, пры гэтым яна прамаўляла адпаведныя словы-абярэгі.
4. Перад тым як вясельны картэж адправіцца ў дарогу, маці з бацькам (толькі парай!) тройчы абыдуць вакол яго і асыплюць зернем жыта (замкнуць у непарушанае кола, якое не павінна разрывацца ні ў адным месцы. Якраз таму бацькам маладых не дазвалялася ехаць у загс або ў храм — каб самім жа не разарваць узведзенае толькі што сімвалічнае кола!). Перад тым як маладыя пойдуць за парог, усе прысутныя тройчы благаслаўляюць іх на добрае жыццё. А ў некаторых мясцінах маці тройчы “абтанцоўвала” хату, за кожным разам па тры разы перакручваючыся.
5. У храме сватар падчас заручын будзе тройчы мяняць пярсцёнкі маладых, а затым падчас вянчання столькі ж разоў абвядзе іх вакол аналоя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter