Горычы больш,чым прыемнага, дараваў лёс старэйшай жыхарцы гарадоцкага аграгарадка Езярышча Наталлі Арсеньеўне Каранчуковай

Тройчы ўдава

Горычы больш,чым прыемнага, дараваў лёс старэйшай жыхарцы гарадоцкага аграгарадка Езярышча Наталлі Арсеньеўне Каранчуковай


АПОШНІМІ дзесяцігоддзямі ў Беларусі колькасць  доўгажыхароў,  якія  адзначылі   векавы юбілей, перавышае паўтысячы. Пражываюць  яны ў розных кутках краіны. Пераважна гэта жанчыны. Наталля КАРАНЧУКОВА з аграгарадка Езярышча Гарадоцкага раёна сустрэла свой дзевяноста сёмы Новы год. Жыццё не песціла Наталлю Арсеньеўну. Перажыла ранняе сіроцтва, раскулачванне сям’і ў гады калектывізацыі, смерць ад голаду і холаду дзвюх маленькіх дачушак на акупіраванай фашыстамі Віцебшчыне, страту ў апошні год вайны мужа-франтавіка. 
Моцная духам жанчына не скарылася. Лёс падараваў ёй у пасляваенны час новую сям’ю. Амаль чатыры дзесяцігоддзі абмервала яна зямельныя надзелы вяскоўцаў у населеных пунктах Гарадоцкага раёна. Узнагароджана юбілейным медалём “За доблесную працу” і медалём “Ветэран працы”, шматлікімі граматамі.

УБЕЛЕНЫ снегам аграгарадок Езярышча патанаў у зімовым ранішнім світанні. Там-сям з комінаў прыземістых дамоў уздымаўся і рассейваўся ў паветры дым. На вузкай вуліцы, што вядзе ад цэнтра да ваколічнага ўзвышша, ярка свяціліся электрычнымі агнямі вокны вялікага драўлянага дома. Насупраць яго быццам драмаў у спакоі мураваны будынак сярэдняй школы. Да пачатку заняткаў заставалася яшчэ больш за гадзіну. Цішыня панавала навокал. Святло з акна высвечвала акуратна агароджаны палісаднік і высокія разныя вароты, за якімі пачынаўся падворак. 

Нават зімовым часам, калі позна світае, гаспадыня дома Наталля Каранчукова прачнулася рана, выпусціла пагуляць на двор жвавага ката Барсіка. У цёмным аконным шкле ўспыхнулі электрычныя агні параднага ганка школы. Мільганула фігура чалавека, які павольна адкідваў снег са сцяжынкі, што вяла да школьнага ганка. 

Наталля Арсеньеўна прысела за засцелены белым абрусам стол, на якім з вечара ляжалі пульхныя папкі з дакументамі, пісьмамі і фотаздымкамі. У прасторных, старанна прыбраных пакоях яе прасторнага дома заўжды парадак. Перад прыездам маскоўскіх гасцей вырашыла перабраць сямейны архіў. Дапытлівыя ўнукі і праўнукі засыпалі яе пытаннямі пра перажытае мінулае. Пажаўцелыя ад часу дакументы, здымкі абуджалі сэрца ўспамінамі.

Наталля КАРАНЧУКОВА (у ніжнім радзе)
 сярод калег-землеўпарадкавальнікаў на курсах у Мінску. 1947 г

ПЯТНАЦЦАЦІГАДОВАЙ дзяўчынкай яна засталася сіратою. Дзвюм малодшым сястрычкам і браціку замяняла раптоўна памерлую маці. Аўдавелы Арсень Грыгор’еў тройчы спрабаваў прывесці ў хату гаспадыню, але як толькі жанчыны даведваліся пра чацвёра сірот, адмаўляліся ад яго прапановы. Худзенькая, невысокага расточку Наталля Грыгор’ева паспявала да школьных заняткаў падаіць карову, накарміць свіней, курэй, прыгатаваць для ўсёй сям’і сняданак у печы. Паспяхова закончыла сямігодку і магла далей працягваць вучобу, але трэба было малодшых падымаць. Упраўлялася дома і бацьку на млыне дапамагала. З навакольных вёсак везлі сяляне збожжа да млынара Арсеня Грыгор’ева. Да позняга вечара круціліся каменныя жорны. Гружаныя мукой падводы, парыпваючы коламі, нетаропка ад’язджалі на бальшак. 

У першыя гады калектывізацыі ўлады раскулачылі дбайнага млынара Грыгор’ева з невялікай вёскі Давыдзёнка былога Мехаўскага раёна Віцебшчыны. Ад высылкі ў Сібір ён цудам уратаваўся. Млын развалілі, у калгас забралі карову, свіней, каня і вупраж. Галодных сірот падтрымлівалі аднавяскоўцы. Старэйшая дачка Наталля паступіла ў Высачанскі педагагічны тэхнікум, што месціўся непадалёк ад гарадскога пасёлка Лёзна. Але з-за беднасці спыніла вучобу. Падала дакументы на курсы тэхнікаў-землеўпарадчыкаў, што адкрыліся ў Горках. Там навучэнцы былі на дзяржаўным забеспячэнні. Акрайчыкі хлеба сушыла для гасцінцаў малодшым сястрычкам і браціку. Праз год атрымала пасведчанне тэхніка-землеўпарадчыка і накіраванне на працу ў аддаленае мястэчка Езярышча, якое ў даваенныя гады было раённым цэнтрам. Старшыня мясцовага калгаса дапамог уладкавацца на кватэру ў сям’ю міліцыянера. Абаяльную кватарантку прыкмеціў брат гаспадыні кватэры Трафім Севасцьянаў.

— У езярышчанскім клубе на танцах яму не было роўных, — узгадвае Наталля Каранчукова. — І я ў танцах нікому не ўступала. Як пойдзем танцаваць — моладзь расступалася. Трафім дамоў стаў мяне праводзіць. Ён на некалькі гадоў малодшы. Моцна загарэўся каханнем, і я ўпадабала яго. Шлюб у сельсавеце не рэгістравалі. Сталі жыць разам. 

Пешшу днямі адмервала кіламетры па навакольных вёсках, дзе абмярала сялянскія сядзібы, чарціла планы падворкаў. У мяне скураных ботаў не было, хадзіла ў брызентавых туфельках, што ўстаўляліся ў гумавыя боцікі на абцасах. Севасцьянаў купіў мне паліто і хром на новыя боты. Кожны закутак у Езярышчы абышла. Мястэчка да вайны было невялікім. Побач з ім гаспадарылі хутаране. 

У летнюю спякоту і зімовую сцюжу ні аднаго працоўнага дня не прапусціла. Усяго некалькі месяцаў пабыла дома пасля нараджэння першай дачушкі. Муж назваў яе Ларысай. Цешыцца немаўляткам яму мала давялося. Пачалася фінская вайна, і яго прызвалі на фронт. Састарэлая свякроў дапамагала па хатніх справах. З раніцы і да вечара я хадзіла па вёсках і абмярала прысядзібныя ўчасткі. Змучаная вярталася ўвечары дамоў, і маленькая Ларыска цягнулася да мяне. Ёй хацелася мацярынскага цяпла.

У пісьмах з фронту Трафім больш цікавіўся нашым жыццём. Пра сябе паведамляў, што надта моцныя маразы і байцы ратуюцца ад іх у зямлянках. Пасля заканчэння баявых дзеянняў у Карэліі яго разам з іншымі служыўцамі дэмабілізавалі. Вярнуўся ў Езярышча, і нам стала лягчэй. 

Сельсавет выдзеліў 25 сотак для сядзібы. Пасадзілі сад, зямлю пад агарод перапрацавалі. Толькі ўзышлі агуркі, буракі, морква, як прыйшла страшная вестка, што нямецка-фашысцкая Германія напала на нашу краіну. Нямецкія салдаты хутка з’явіліся ў Езярышчы. 

У навакольных лясах з першых дзён акупацыі сталі арганізоўвацца партызанскія атрады. Трафім Макаравіч адным з першых пайшоў у народныя мсціўцы. Я была цяжарная другім дзіцем. Пешшу з маленькай дачкой на руках і 85-гадовай свякрывёй пусціліся ў дарогу. Дайшлі да пскоўскага гарадка Себеж. Гэта за кіламетраў дваццаць ад Езярышча. Нас рускія людзі прытулілі. Каб вярнуцца дамоў, трэба было пераадолець лінію фронту. Праходзілі праз вёсачку Курылінкі, і я так знемаглася, што і кроку ступіць не магла. Мяне цяжарную пасадзілі на санкі, а старэнькую свякроў вяла пад руку яе дачка Паша. Перад намі разарваўся снарад і забіў іх. Сіротамі засталіся двое дзяцей Пашы. Я ім замяніла маці. Уратаваць удалося толькі дзяўчынку Ніну, а хлопчык памёр. Цяпер Ніна Сіпачова ў Санкт-Пецярбургу жыве і да мяне як да роднай маці наведваецца. 

Гітлераўцы дазволілі пасля выбуху снарада пахаваць родных. Ледзьве дабраліся дамоў. Муж вярнуўся да нас з партызанскага атрада, каб дапамагаць. Акупанты некалькі разоў арыштоўвалі яго за сувязь з народнымі мсціўцамі. 

Увосень сям’я папоўнілася яшчэ адной дзяўчынкай. Нямецкія салдаты шнырылі па падворках і выганялі жыхароў на працу. Муж ігнараваў іх каманды, і яго білі.

— З партызанамі сувязь не перарывалі?

— Пастаянна інфармавалі пра размяшчэнне фашысцкіх фарміраванняў. Халоднай восенню нас выгналі за Езярышчанскае возера, і ад холаду ў яры мы закапаліся ў зямлю. Чулі кананады гармат Чырвонай Арміі, якая актыўна наступала. Спадзяваліся на хуткае вызваленне ад ворага. Гітлераўцы перад адыходам ачапілі наша прыстанішча і пагналі людзей да чыгуначнай станцыі. Закамандавалі пагружацца ў таварныя вагоны. Эшалон накіравалі ў Гарадок. Мне нейкім цудам удалося знайсці коніка з падводай. Пагрузіла дзяцей, і паехалі ў адваротным напрамку. Начавалі ў бункеры. Ад голаду і холаду ў мяне не было сіл падняцца, і галодныя дзеткі поўзалі па мне. Не было чаго ім даць. Мы дачакаліся наступлення чырвонаармейцаў. Перад адыходам гітлераўцы ў нашым доме пазрывалі сталярку і падлогу на бункеры. Чырвонаармейцы дапамаглі пазабіваць зіяючыя вокны, прыладзілі ўваходныя дзверы. Пачаставалі маіх дзяўчынак сваёй пайкай цукру. Напалілі грубку і сталі грэцца ў сваёй паўразбуранай хаціне. 

Адразу пасля вызвалення мясцовасці мужа прызвалі ў Савецкую Армію і накіравалі на фронт. У баі пад Полацкам быў паранены. Са шпіталя напісаў, што рана невялікая і збіраецца далей ісці ваяваць. Прымаў удзел у аперацыі “Курлянскі кацёл”, вызваляў ад фашыстаў Прыбалтыку. 

На пачатку 1945 года, калі ўжо варожыя войскі па ўсіх франтах масава адступалі, паштальён прынесла пахавальную. Месца сабе не знаходзіла ад смутку. Трафім загінуў у баі на тэрыторыі Латвіі. У паведамленні ўказвалася месца яго пахавання. 

— Гэты дакумент даваў права на адкрыццё хадайніцтва для налічэння пенсіі сіротам загінуўшага франтавіка.

— Налічваць дапамогу не было ўжо каму. Абедзве дачушкі годам раней памерлі ад тыфу. Першай не стала Ларыскі. Я сама ляжала хворая і ад высокай тэмпературы трызніла. Нават не развіталася з ёю. Сусед Мікіта Маісеенка збіў з нейкіх дошак труну, выкапаў на пагосце магілку. На санках адвёз і пахаваў яе. А праз тыдзень і Галінкі не стала. Пераадолела сябе і ледзьве паднялася на ногі, каб пахаваць дзіця. Не стала нашых дзяўчынак. Рука не падымалася пісаць мужу на фронт пра такую страту. Ненавісная вайна забрала ў мяне самых дарагіх людзей.

— Але трэба было жыць...

— Падрамантавала сваю хаціну. Вярнулася на былое месца землямерам, дзе да вайны мы працавалі разам з Феліксам Каранчуковым. Бацьку яго за тое, што трапіў у нямецкі палон, арыштавалі і адправілі як ворага народа ў сібірскія лагеры. Ад яго родных усе адвярнуліся, і мне раілі не сустракацца з яго сынам. Узгадвала палонных чырвонаармейцаў, якіх немцы вялі ў першыя дні вайны па езярышчанскай вуліцы, а я несла кошык з ежай і перадавала худым і знямоглым салдацікам. Уяўляла, што такім палонным быў і радавы Павел Каранчукоў. Праз гады яго рэабілітавалі. Пакарыў маё сэрца яго інтэлігентны сын Фелікс, і мы сышліся. Нарадзілася ў нас дачка.

У пасляваенныя гады масава перасялялі хутаран у вёскі, і я ледзьве паспявала адмерваць новыя зямельныя ўчасткі ў Езярышчы, вёсках Панкры, Лялеўшчына, Канавалава, Віраўля. У раёне стварылі спецыяльную камісію, якая вырашала, дзе і якую гаспадарчую пабудову размяшчаць, каб не было ветрана і не задувала.

— Колькі сотак у той час выдзялялася для сялянскай сядзібы?

— Для спецыялістаў гаспадарак адмервалі па 25 сотак, а для сем’яў калгаснікаў на дзесяць меней. Лішнюю плошчу адбіралі, і гаспадары крыўдзіліся. Днямі мерала сядзібы, а вечарамі да позняй ночы чарціла планы іх. Дапамагала землямерам Віцебскага раёна. Кожны закутак у саўгасе “Рудакова” абышла. Па складзенаму мною зямельнаму плану забудоўвалася гаспадарка. 

— Наталля Арсеньеўна, шмат чаго вы перанеслі за свой доўгі век. Але, пэўна, былі і радасныя моманты ў вашым жыцці?

— Горычы больш, чым прыемнага, выпала мне. З Феліксам Паўлавічам дачку Валянціну выхавалі, замуж аддалі. У Маскве атабарылася. Зяць Мікалай палкоўнік запасу Міністэрства ўнутраных спраў Расіі. Унукі Барыс і Наталля закончылі інстытуты. Унучка абараніла кандыдацкую дысертацыю і працуе ў расійскім Міністэрстве фінансаў. Унук займае адказную пасаду ў Цэнтральным банку Расіі. На святы і ў адпачынак прыязджаюць у Езярышча. Клапоцяцца пра маё здароўе. Пастаянна купляюць арэхі фундук і прысылаюць, каб сілкавалася імі. Дбаюць родныя пра мяне. А вось у пары жыць мне не пашчасціла. Пасля інфаркту памёр Фелікс Паўлавіч. Да мяне ў Езярышча прыехаў з Віцебска сватацца ўдавец Васіль Фёдаравіч Сцяжкін. Некалькі разоў наведваўся і застаўся. У сельсавеце зарэгістравалі шлюб. Амаль трыццаць гадоў пражылі разам. Мае ўнукі для яго сталі як родныя. Дом з ім рамантавалі, праводзілі ваду, цэнтральнае ацяпленне. Сад абмаладзілі. У трэці раз аўдавела. Усіх мужоў паважала. І яны мяне кахалі.

— Суседкі не зайздросцілі, што доўга ўдавою не заставалася?

— У нас многа пасля вайны ўдоў было. Можа, хто і зайздросціў. Да мужоў я паважліва адносілася. Фелікс Паўлавіч у пяцьдзясят шэсць гадоў завочна вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце. Маральна яго падтрымлівала. Самой не давялося вучыцца, радавалася яго поспехам у вучобе.

— Дзе бавілі вольны час?

— Агарод, гаспадарка, клопаты па дому не пакідалі вольнага часу. Гадавалі ў клетках 80 трусоў, трымалі карову, свінаматку, курэй, козачак. Кожнае лета ў нас адпачывае дачка Валянціна з зяцем Мікалаем, унукамі. 

Звольнілася з землеўпарадкавай службы толькі таму, што трэба было вырашаць: пенсію атрымліваць ці заработную плату.

— Адпачынак дзе праводзілі?

— Мой найлепшы курорт у агародзе. Там заўжды спраў хапае. 

— Наталля Арсеньеўна, пражыць век – не значыць быць шчаслівым?

— Жыццё – моцнае выпрабаванне. Маё шчасце, што сустракаліся цудоўныя людзі. У працы адводзіла душу. З дзяцінства, як засталася сіратою, і да сваіх 97 гадоў ніколі з працай не расставалася. Пасля страты дачушак і мужа-франтавіка крычала і плакала наўзрыд, што больш замуж не пайду. Але лёс распарадзіўся інакш. Свае дваццаць пяць сотак зямлі сама штовясны абрабляю. Алеі белай гартэнзіі, півоні з вясны красуюцца ў агародзе. Яблыняў і груш расце больш за дваццаць. Перад домам на вуліцы спілавала старыя слівы і вішні і вясною іх абнаўлю.

Зімовымі вечарамі пастаянна з унукамі і дачкою па скайпе размаўляю. Яны купілі мне ноутбук і навучылі карыстацца ім. 

Маіх аднагодкаў у Езярышчы ўжо няма. Завітваюць землякі. Сем’і былога начальніка лясніцтва Аляксандра Сяргеева, Зоі і Андрэя Дзятковых, Ігара Кайзера частыя госці ў маёй хаце. Сацыяльны работнік Галіна Карповіч дапамагае па гаспадарцы. 

— Наталля Арсеньеўна, якое ваша любімае свята? 

— Працоўныя будні для мяне найлепшае свята. Мо таму і доўгі век у Бога заслужыла.

Уладзiмiр СУБАТ

Гарадоцкі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Наталлі Каранчуковай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter