Археалагiчны музей «Бярэсце» прыхарошваецца да 1000-годдзя горада

Троя на беразе Буга

Брэст рыхтуецца да мiленiума. Маштабныя работы ўжо пачаліся. Плануецца не толькі пабудаваць новыя дарогі, школы, садкі, але і абнавіць візітныя карткі горада. Напрыклад, археалагічны музей «Бярэсце» не абмінуць увагай. Як і легендарная цытадэль, ён — адзін з галоўных сімвалаў горада.

Кожны год з экспазіцыяй музея «Бярэсце» знаёміцца больш за 60 тысяч наведвальнікаў.

Экспазіцыю адкрылі 2 сакавіка 1982 года на месцы раскопак, якія праводзіў прафесар Пётр Лысенка. Менавіта ён з паплечнікамі знайшоў старажытны горад — нашу Трою: дзясяткі драўляных пабудоў ХІ—ХІІІ стагоддзяў, вуліцы, агароджы, шматлікія прадметы таго часу. Тыя раскопкі — аснова цяперашняга музея. Вакол яго прадстаўлены прадметы быту тагачасных славян. У экспазіцыі і фондах музея захоўваецца 43 тысячы прадметаў.

Музей на беразе Заходняга Буга — тое нямногае, што звязвае сучасны Брэст са старажытным горадам.

За 35 гадоў існавання музей грунтоўна не рамантаваўся. Мінулым летам яго закрылі для наведвальнікаў на чатыры месяцы. За гэты час паспелі замяніць шкляныя фасады на шклопакеты, усталявалі сістэму відэаназірання, замянілі праводку, падрыхтавалі залы для новай экспазіцыі, зрабілі новую агароджу вакол раскопкі.

Аснова экспазіцыі — не толькі хаты і вуліцы 800-гадовай даўніны, але і шматлікія прадметы быту старажытных славян.

Час не стаіць на месцы. За тры з паловай дзесяцігоддзі змяніліся і тэхналогіі, і падыходы да музейнай справы. Унікальны па мерках не толькі нашай краіны, але і ўсёй Еўропы музей павінен выглядаць сучасна. Супрацоўнікі музея ўжо ведаюць, чым здзівяць наведвальнікаў у хуткім часе: 

4 метры. На такой глыбіні некалi знайшоў старажытныя пабудовы прафесар Пётр Лысенка разам з паплечнікамі.

— «Бярэсце» ажыве. Спосабы будуць розныя. Макеты, манекены, відэарад, віртуальныя пляцоўкі, святло, гук, галаграмы... Наведвальнік стане не толькі гледачом, але і жывым удзельнікам, даследчыкам тых падзей. Здзейсніць падарожжа ў часе. Гэта прынцыпова іншыя ўражанні.

У музеі можна ўбачыць, як жылі нашыя далёкія продкі. Хаткі і падворкі здзіўляюць зусім невялікімі памерамі.

Музейныя залы будуць абнаўляцца паступова. Мастак-музеязнаўца Юрый Сухаў ужо пачаў працаваць у першых трох. Да канца года разлічваюць скончыць работы ў сямі залах, столькі ж застанецца на 2019 год. Адзін з залаў стане невялікім кінатэатрам. Тут будуць паказваць стужкі пра «Бярэсце». Але ж самыя вядомыя экспанаты застануцца на сваіх месцах. Сярод іх — знойдзеная каля Свята-Мікалаеўскага сабора печ, якая тапілася, што называецца, па-чорнаму. Або, напрыклад, створаны па тэкстах летапісаў макет старадаўняга паселішча. 

Аснова музея — вялізны раскоп. У ім — каля трох дзясяткаў жылых і гаспадарчых драўляных будынкаў. Пабудовы і дэталі маставых былі закансерваваны спецыяльна распрацаванымі сінтэтычнымі рэчывамі.

— У асноўным экспанаты застануцца тыя ж самыя, што былі і раней — найбольш важныя, унікальныя рэчы былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак Пятра Лысенкі. Аднак мы дабавім прадметаў з нашых музейных фондаў, якія тычацца кавальскай і гарбарнай справы, ганчарства. Якія з гэтых экспанатаў найбольш цікавыя — пакуль сакрэт: прыходзьце і ўсё ўбачыце самі, — запрашае дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

losich@sb.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter