У 1-й мінскай клінічнай бальніцы ўрачы ўпершыню правялі серыю ўмяшанняў па прафілактыцы ўтварэння тромбаў, небяспечных для жыцця

Тромбам паставілі пастку

У 1-й мінскай клінічнай бальніцы ўрачы ўпершыню правялі серыю ўмяшанняў па прафілактыцы ўтварэння тромбаў, небяспечных для жыцця. Адарваўшыся і трапіўшы ў крывяноснае рэчышча, яны могуць закупорыць сасуд, у тым ліку галаўнога мозга. Асаблівасць у тым, што на гэты раз не давялося задзейнічаць хірургаў і прымяняць агульны наркоз. А пяць пацыентаў, мужчыны і жанчыны сярэдніх гадоў, хутчэй пайшлі на папраўку. Бальнічныя палаты яны пакінулі літаральна на другі-трэці дзень.



 Размова пра новую эндаваскулярную, унутрысасудзістую методыку — аклюзію вушка левага перадсэрдзя (у тым месцы часцей за ўсё і ўтвараецца тромб). Яна становіцца літаральна выратаваннем пры парушэннях рытму сэрца — трапятанні перадсэрдзяў і мігальнай арытміі. Першапачаткова такім пацыентам урачы назначаюць лякарствы, якія разрэджваюць кроў. “Аднак у пэўнага працэнта людзей эфект ад іх прымянення нізкі або недастатковы. Для некаторых гэтыя сродкі і зусім небяспечныя, паколькі могуць справакаваць не толькі алергічныя рэакцыі, але і крывацёкі, — расказвае загадчык ангіяграфічнага кабінета 1-й бальніцы, галоўны пазаштатны рэнтгенэндаваскулярны хірург камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Павел Чарнаглаз. — Таму выхад быў адзін — аперацыя. Але калі раней, працуючы на апярэджанне, хірургі праводзілі альбо складанае ўмяшанне з разразаннем грудной клеткі, альбо аперыравалі без скальпеля пры дапамозе эндаскопа, то сёння з’явілася альтэрнатыва”.

А яна ў тым, што ў верхняй частцы сцягна ў вобласці пахвіны ўрач робіць невялікі пракол, уводзіць у яго ме­дыцынскія інструменты і пад кантролем рэнтгена вядзе іх праз сцегнавую, а пасля полую вену да самага левага перадсэрдзя. Сюды і дастаўляюць так званы парасонік, або аклюдар, які раскрываецца і запаўняе знутры сабою вушка. Гатова — надзейную “заглушку” паставілі! Цяпер у тромба няма шанцу нашкодзіць. І на ўсё пра ўсё — толькі 40-50 хвілін. Дарэчы, расходы па такім ювелірным умяшанні цалкам бярэ на сябе дзяржава, хоць кошт толькі выратавальнага парасоніка — каля 10 тысяч даляраў.

Раней такія высокатэхналагічныя ўмяшанні былі выключна прэрагатывай РНПЦ “Кардыялогія” і Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта. Цяпер па-новаму ратаваць пацыентаў будуць і ў гарадскіх бальніцах. У 1-й мінскай клініцы прарыўной тэхналогіяй валодаюць ужо чатыры спецыялісты.

Ала Марцінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter