Трэцi

Iгнат сядзеў на ўслончыку на падворку, прытулiўшыся да шула хаты, старой, як i ён сам...

Iгнат сядзеў на ўслончыку на падворку, прытулiўшыся да шула хаты, старой, як i ён сам, i, жвава слiзгаючы нажом, абразаў лазовыя дубцы. Як яшчэ змалку прызвычаiўся плесцi кошыкi, так i не развiтваўся з гэтым сваiм заняткам i дасюль. Ды i кошык — рэч такая, у вёсцы без яго нельга. Здаецца, колькi тае работы, нават iншы раз у ахвотку, а карысць вялiкая. Глядзiш, папросiць нехта, зробiш, а ён табе з сенам дапаможа ўправiцца цi бульбу на сотках увосень выкапаць. Праўда, было, што Iгнат i проста за «дзякуй» кошыкi вяскоўцам дарыў — аняго ж не збяднееш: былi б сiлы, а лазы на Гарэлым балоце, покуль жыць, усю не зрэзаць. Так што, лiчы, Iгнатавы кошыкi ледзь не ў кожнай хаце ў iхнiх Галах былi. 

Не пакiнуў свайго занятку Iгнат i калi пачалася вайна. Хай сабе i не да кошыкаў вяскоўцам, калi не ведаеш, што цябе заўтра чакае, аднак i без справы сядзець Iгнат не мог. Ды i вайна ж — не на ўсё жыццё, скончыцца — вось i спатрэбяцца кошыкi. А цi здолее ён ужо тады выбрацца ў тое балота па лазовыя дубцы — аднаму Богу вядома: што нi кажы, а сiлы пакiдаюць. Хоць яшчэ, мусiць, i не такi стары — год назад як шэсцьдзесят стукнула, ды, вiдаць, паднасiўся за жыццё гаротнае. Не мёд жа лыжкай сёрбаў штодня, было, што i на бясхлебiцы перабiваўся. А тут яшчэ радыкулiт насеў — не ношка ж сена, не скiнеш з плячэй. З-за радыкулiту праклятага i ў партызаны не падаўся, як Захар, яго сусед-аднагодак, бо ведаў: у той лясной-балотнай сырасцi i вокам не мiргнеш, як скруцiць. А якi з яго, скручанага, ваяка. Адны толькi клопаты партызанскаму начальству. Дый што тады застанецца рабiць у атрадзе: сядзець ля цёплага вогнiшча ды плесцi кошыкi? Але каму яны там патрэбны ў лесе, ягоныя кошыкi? Ды i вогнiшча не заўсёды запалiш. Так што, разважаў, няхай ужо сыны (а iх у Iгната двое — i абодва зараз на фронце) ваююць i за сябе, i за бацьку. 

Iгнат падраўняў дубцы i акурат узяўся выгiнаць апорную дужку пад будучы кошык (здаецца, iмгненне — i пачне нанiзваць на яе гонкiя карычневата-зялёныя дубцы), як зводдаль, з кожнай хвiлiнай наблiжаючыся да двара, пачулася картавая нямецкая гаворка ўперамешку з местачковай. Напачатку не звярнуў увагi, бо за апошнiя месяцы, калi ў iх вёску пачалi наязджаць немцы, прывык ужо, але ж, калi галасы сталi больш выразнымi, насцярожыўся. I так заўсёды: хоць i не ўпершыню сутыкаўся з немцамi, аднак прывыкнуць да чужой гаворкi не мог. Штосьцi ненатуральнае было ў гэтым, нязвыклае для вёскi, дзе здалёк пазнаваў голас таго цi iншага вяскоўца. 

Параўняўшыся з дваром, фурманка, на якой, акрамя вазака, сядзелi два немцы, спынiлася. Але, як заўважыў Iгнат, гэта былi не ўсе «госцi». Па дарозе, што вынырвала з-за суседавай хаты, падцягвалiся да двара яшчэ дзесятка паўтара—два ўзброеных мужчын, вiдаць, палiцаяў, бо былi апрануты хто ў што. Калi яны падышлi да фурманкi, двое немцаў, што сядзелi на возе, саскочылi долу i няспешна накiравалiся ў двор. Даўгалыгi палiцай, якi тым часам паспеў забегчы наперад, пiхнуў нагой брамку, i яна, заскавытаўшы, з ляскатам расчынiлася. Але заходзiць у двор немцы не сталi. Загергеталi аб нечым сваiм, а потым той, што быў з аўтаматам, звяртаючыся да Iгната, гукнуў: 

— Фатэр, ком цу мiр! 

Iгнат апусцiў у кiшэню ватоўкi нож, зняў з прыполу i кiнуў на прызбу лазовыя дубцы. Абапёршыся далонню аб край услончыка, цяжка крэкчучы, прыўзняўся. 

«Цу мiр, цу мiр», — засвiдравала ў галаве. Ведаем мы гэты ваш «мiр», — iдучы насустрач немцам, Iгнат адчуў нешта няладнае. 

Рыжы, танклявы, як качарга, аўтаматчык, якi клiкаў Iгната да сябе, тым часам дастаў з-за пояса бiклагу i, высока закiнуўшы, быццам гусак, галаву, каўтнуў. Потым перадаў бiклагу немцу, якi стаяў побач. Той, зрабiўшы глыток, вярнуў пасудзiну назад, не зважаючы на палiцая, якi, вiдаць, таксама быў не супраць прыкласцiся да металiчнай гарлянкi. 

Iгнат падышоў, сказаўшы ўжо завучанае «гутэн так», але яму нiхто не адказаў. Аўтаматчык штурхнуў пад бок палiцая, якi ў адно iмгненне выцягнуўся, быццам толькi i чакаў гэтага штуршка, i зычна скамандаваў: 

— Бацька, каня трэба напаiць! Ды хутчэй шавялiся, а то як нежывы! 

Немцам спадабаўся тон, з якiм гэта вымавiў палiцай, — i яны зарагаталi. 

Iгнат пашкандыбаў у хату i неўзабаве вынес вядро. Хацеў адразу падацца i да студнi, аднак, бачачы, як марудна ён рухаецца, Ганс (так звалi, як пачуў Iгнат, другога, нiжэйшага ростам, з пабiтым воспай тварам немца) выхапiў з рук вядро i перадаў палiцаю: 

— Шнэль сам! Няма калi зiтцэн! 

I той борзденька засiгаў па вулiцы да студнi. 

Iгнат агледзеўся навокал, i толькi зараз яго позiрк выхапiў двух чалавек, якiя ляжалi на павозцы. Твары ў iх былi збiтыя да крывi, рукi заламаныя назад, вiдаць, звязаныя вяроўкай цi дротам — гэтага Iгнат не бачыў. 

Пакуль палiцай паiў каня, Iгнат стаяў ля брамкi, не ведаючы, што рабiць i цi трэба ён увогуле тут. Аднак запытаць пра гэта не адважваўся, дарэчы, як i ў двор сунуцца без каманды. А немцы i палiцаi на яго не зважалi — быццам i не iснавала для iх Iгната. 

Конь, пэўна, дабраўся да дна, бо чулася, як прысёрбваў ваду. Палiцай, выцягнуўшы з-пад конскай пысы вядро, шпурнуў яго да Iгнатавых ног. 

Iгнат сагнуўся, падняў вядро, але iсцi ў двор па-ранейшаму не рашаўся. Толькi калi тыя немцы, Ганс i аўтаматчык, скiравалiся да воза, Iгнат таксама крануўся з месца. Ды не паспеў зрабiць i двух крокаў, як зноў гукнулi: 

— Эге-гей, давай збiрайся! З намi паедзеш... 

Чаго-чаго, а гэтага Iгнат не чакаў. «З чаго б гэта, — падумаў, — я iм спатрэбiўся? Можа, учулi, што да мяне ноччу партызаны прыходзiлi, бульбы прасiлi? Але ж наўрад цi... Бо, каб ведалi пра гэта, размова б iншай была. Доўга б не чыкалiся, адразу б пад пахi i на воз, побач з тымi двума. Тады што? Няўжо хочуць у палiцаi сасватаць? Але ж якi з мяне, старога ды нездалячага, палiцай?» 

Хацеў паскардзiцца на немач сваю, папрасiць, каб кiнулi яго, не валаклi з сабой, аднак ад нечаканасцi не мог варухнуць языком — нiбы праглынуў. Так i стаяў памiж брамкай i возам, пакуль той, з аўтаматам, не сказаў, паказваючы на воз: 

— Бiттэ зiтцэн! — I, звяртаючыся да палiцая, што быў за возчыка: — Генуг! Фатэр павязе... 

Iгнат, не ачомаўшыся ад усяго, моўчкi ўскараскаўся на воз i сеў у перадок на месца, якое саступiў яму палiцай, узяў у рукi лейцы. 

«А вось усё будзе добра, — падумаў. — Адвязу iх, куды трэба, i адпусцяць. Навошта ж я iм, стары, нездалячы! Як пiць даць, адпусцяць». 

Да Коршунаўкi, дзе стаяў палiцэйскi гарнiзон, ехалi добрых паўтары гадзiны. Мусiць, i хутчэй дабралiся б, каб гнаць каня, але дарога была грузкая, i асаблiва разагнацца не выпадала. Ды i каб можна было, наўрад цi рабiлi б гэта, бо адрывацца ад палiцэйскiх, што шкандыбалi ззаду, вiдаць, было ўсё ж рызыкоўна. 

Уехаўшы ў вёску, адразу завярнулi на школьны двор. Праўда, школьным ён быў да вайны, а калi прыйшлi немцы, тут атабарылiся палiцаi. 

Пасярод двара спынiлiся. Двое фашыстаў з Iгнатавага воза — яны, пэўна, былi ў абозе галоўнымi — падалiся да школьнага ганка. Курт — так звалi таго, што з аўтаматам (аб гэтым Iгнат даведаўся, калi ехалi), — на хаду скамандаваў, паказваючы на воз, дзе ляжалi звязаныя: 

— Партызанен цу мiр! 

Трое палiцэйскiх падышлi да воза, паднялi партызан. Штурхаючы iх вiнтоўкамi ў спiны, скiравалi ў будынiну. Туды ж, пакiнуўшы двух чалавек на варце, пацягнулiся i амаль усе астатнiя палiцаi. 

Iгнат, нейкую хвiлiну пасядзеўшы на возе i не ведаючы, што рабiць далей, бо на яго ўсе раптам забылiся, няспешна злез i, узяўшы з драбiн ахапак сена, кiнуў каню. Ды так i застаўся стаяць, падштурхоўваючы нагой сена блiжэй да конскай пысы. Колькi так стаяў — не памятаў, як i не памятаў, пра што думаў. Можа, пра тых двух, з якiмi зараз невядома што рабiлi ў будынку, цi, мо, пра сыноў, што ваююць недзе на фронце, не падазраючы нават, у якую недарэчную сiтуацыю трапiў iх бацька. 

Ачомаўся, калi недзе за вуглом школы пачуў галасы, пераважна жаночыя i дзiцячыя. А ўзняўшы галаву, убачыў i самiх местачкоўцаў. Крыху зводдалi заўважыў i палiцаяў, якiя скiроўвалi жанчын, дзяцей i старых — а хто ж яшчэ ў мястэчку застаўся? — у школьны двор. Чаму iх сюды зганяюць, зразумеў хiба, калi з будынiны вывелi двух расхлiстаных партызан i павялi да школьных варот, на якiх палiцаi ладкавалi дзве вiсельнi. Стала жахлiва — хоць ты скрозь зямлю правалiся, каб нiчога не бачыць i не чуць. 

— А ты што, бацька, стаiш? — гукнуў, выходзячы з будынка школы, ужо знаёмы палiцай. — Давай з намi. 

Iгнат нехаця пасунуўся ўслед. Хацеў стаць у людскi натоўп, але ўсё той жа палiцай спынiў яго: стой, маўляў, з намi. Для чаго, Iгнат не разумеў. 

Калi наперад выйшаў франтаваты афiцэр (вiдаць, самы галоўны, якi сядзiць тут, у штабе гарнiзона, вырашыў Iгнат, бо ў абозе, у якiм яны прыехалi сюды, яго не было), натоўп, i без таго напалоханы, раптам сцяўся. Нават дзецi перасталi румзаць, ухапiлiся за падолы матчыных сукенак. 

Афiцэр гаварыў па-нямецку. I калi б перакладчык i не перакладаў старанна кожнае слова, усiм было б зразумела, што сагналi iх сюды, каб паглядзелi, як немцы распраўляюцца з тымi, каго называюць ляснымi бандытамi... 

Калi прамова была скончана i партызан падвялi да вiсельнi, натоўп зноў заварушыўся, зарумзалi дзецi, усхлiпнулi бабы. Палiцаi, якiя перад гэтым майстравалi вiсельнi, падштурхнулi партызан да табурэтак. 

«Хутчэй бы скончыўся ўвесь гэты кашмар», — думаў Iгнат, стараючыся не глядзець у натоўп, каб, крый Божа, не натыкнуцца на чый-небудзь позiрк. I калi афiцэр — нядаўнi прамоўца — самазадаволена ўсмiхаючыся, кiўнуў яму на вiсельню i рэзка махнуў нагой, як бы жэстам паказваючы тое, што павiнен зрабiць Iгнат, старога аж страх прабраў. 

«Дык вось для чаго мяне цягнулi за сабой, — змiкiцiў Iгнат. — О, не, хай заб’юць, хай павесяць побач з гэтымi двума, толькi не гэта». Гледзячы ў вочы афiцэру, крутнуў галавою. 

— Вас? — гаркнуў афiцэр, ухапiўшыся за пiсталет: здаецца, iмгненне — i Iгната наскрозь прашые куля. I раптам быццам нейкая невядомая сiла прымусiла яго паддацца загаду. Нiчога не бачачы наўкол, акрамя табурэтак, як ачмурэлы, Iгнат пасунуўся да вiсельнi. 

Дахаты Iгната не пусцiлi — адвялi на ноч баковачку ў школьным будынку. Ды яму i не вельмi хацелася дамоў, бо нешта ўмомант надламiлася ў Iгнатавым жыццi, кiнула ў нязнаны дагэтуль вiр. 

Перад вачыма стаяў сённяшнi дзень. Дзiўная рэч: як правiла, пражыты дзень помнiш поўнасцю, да самай маленькай драбнiцы. З часам, праўда, многае забываецца, цэлыя днi, а то i месяцы, але, каб вечарам не помнiць таго, што было з табой ранiцай, такога з Iгнатам яшчэ не здаралася. А тут, хоць галаву адсячы, не помнiць. 

Iгнат асцярожна, каб нiкога не разбудзiць, выцягнуў з-пад галавы ватоўку, накiнуў на плечы. Гэтак жа асцярожна вышмыгнуў на двор. У грудзi адразу ўдарыла свежым паветрам, з цеплынi аж перасмыкнула ўсяго. 

Ноч была ядраная, бралася на восень. Хмары, якiя з вечара густой коўдрай-навiссю зацягнулi неба, зрабiлi ноч бяззорнай, i ад гэтага станавiлася яшчэ больш непрыемна. Але разам з тым такая акалiчнасць, калi навокал цемень — хоць вока выкалi, i радавала Iгната. «У цямрэчы знiкнеш, дык шукаць нiхто не адважыцца, — думаў ён. — Пастраляюць, вядома, для адводу душы, калi спахопяцца, што яго няма, але што з таго, калi ён будзе ўжо далёка». 

I наколькi гэта ўзрадавала Iгната, настолькi i засмуцiла. Падумалася: а што калi i страляць не будуць, нiхто шукаць не ўздумае. Зробяць выгляд, што нiбыта i не заўважылi, знiк, дык знiк — не вялiкая бяда. Справу сваю зрабiў — i няхай iдзе. Маўляў, паглядзiм, куды ён пойдзе. Дахаты пабаiцца, знойдзем жа. Тады куды? У лес, да партызан? Няхай паспрабуе. Там яго не дужа каб па галоўцы пагладзiлi за такое. Ля першай жа сасны i шпокнуць. 

Знiкнуць незаўважна Iгнату якраз i не хацелася. Не жадаў ён пакiнуць гэтае страшнае месца непрыметна, не мог. Зусiм не дзеля гэтага стаiць цяпер, прытулiўшыся да вугла школы. 

Вядома, ён можа знiкнуць цiшком, з будынка ж вунь выслiзнуў, у рэшце рэшт зможа дайсцi да партызан (а ў гэтым Iгнат не сумняваўся, бо ведаў, што яны недзе тут, непадалёк, ды i сам учора чуў, як палiцаi гаварылi пра дыверсiю на чыгунцы пад Рудняй, што кiламетрах у пятнаццацi адсюль). Але ж местачкоўцы... Местачкоўцы так нiчога i не даведаюцца аб iм. Iгнат прыйшоў сюды з немцамi-палiцаямi, тут зрабiў сваё цяжкае злачынства i няўжо пакутуе зараз толькi таму, каб уцячы незаўважаным? Гэта значыць застацца ў вачах коршунаўцаў назаўсёды здраднiкам? 

Iгнат разгублена застыў пасярод двара i не ведаў, як быць далей, што рабiць. Аж самому не верылася: няўжо гэта ён, шасцiдзесяцiгадовы мужчына, якi выгадаваў пяцёра дзяцей, дажыў да ўнукаў, ён, хто за сваё вялiкае жыццё прыняў не адно рашэнне, зараз такi бездапаможны, як малое дзiця. Няўжо нiчога болей не застаецца, як зноў сунуцца ў тую ненавiсную будынiну, дзе, нажлукцiўшыся з вечара самагонкi, храпуць асалавелыя фашысты i iх памагатыя — палiцаi. А што заўтра, ранiцай? Прывязуць новых «бандытаў», i зрабi ласку, Iгнат, выштурхнi з-пад iх табурэцiкi. Няўжо толькi гэта i застаецца? 

«Не, — падумаў Iгнат, — цяпер у яго адна дарога — туды, да павешаных... I выбар адзiн: стаць трэцiм сярод тых двух, што развiталiся з жыццём не без яго ўдзелу, iншага няма. Так, павешаным ён ужо не дапаможа, але ж, можа, хоць iх душы даруюць ягонай, калi спаткаюцца там, за мяжой небыцця. Хаця цi даруюць? Але ж у чым яго, Iгнатава, вiна? У тым, што паставiў апошнюю кропку на жыццi тых двух? Дык калi б не ён, гэта б зрабiлi iншыя. Канец бы ўсё роўна быў адзiн. Хiба што тут жа знайшлi i трэцi табурэцiк — для яго, Iгната. I адляцелi б iх тры душы разам. А так прыйдзецца даганяць...» 

Iгнат азiрнуўся i нетаропка — вочы ўжо крыху прывыклi да цеменi — пасунуўся да воза, ля якога адзiнока хрумстаў сена конь. Правёў старэчымi пальцамi па драбiнах, адвязаў лейцы. «Самае тое», — падумаў. Паспрабаваў зняць аброць з каня, але той адхiснуўся ўбок i наступiў на аглоблю — i яна загайдалася, задрыжэла. На нейкую хвiлiну знерухомеў. Потым, бы праясненне якое, прыйшла згадка: нож! Так, так, недзе ў кiшэнi ватоўкi павiнен быць нож. Iгнат жа якраз сядзеў у двары i плёў кошык, калi яго заграблi. I сапраўды, нож быў у кiшэнi. 

Дастаўшы яго, асцярожна абрэзаў лейцы, зматаў, каб было ямчэй, i, камнечачы ў руках, завярнуў за вугал школы. Зiрнуў у той бок, дзе на перакладзiне школьных варот матлялiся целы павешаных учора партызан, стаiўся, агледзеўся вакол. Апрача гэтых двух нябожчыкаў, нiчога чалавечага паблiзу не было. 

«Значыць, не выставiлi аховы, — падумаў Iгнат. — Ведаюць жа, што i так наўрад цi асмелiцца хто сунуцца». Што-што, а закон нямецкi ён ведаў: калi хоць адзiн павешаны прападзе, не мiнуць бяды нiкому. Нiводны местачковец не выйдзе жывым. Каменя на каменi не пакiнуць, усё мястэчка зруйнуюць. 

Тое, што няма аховы, супакоiла. Iначай Iгнат не змог бы здзейснiць свой план, а прыдумаць нешта iншае быў ужо не здатны, бо ўсе думкi адно i вярцелiся вакол задуманага. Таму i хаваўся, каб, крый Божа, нiводным рухам не выдаць сябе, не ўзняць вэрхал. Нават тое, што яго застрэляць, Iгната не радавала, бо ён хацеў менавiта той смерцi, якую наканаваў лёс тым двум, побач з якiмi ён жадае стаць трэцiм. 

Моцна сцiскаючы ў руках лейцы, Iгнат скiраваў да павешаных. Не ўзнiмаючы ўгору вочы, быццам баючыся ўбачыць нейкi нямы дакор у васковых тварах тых, з-пад чыiх ног учора выбiваў табурэткi, перакiнуў канец лейцаў цераз перакладзiну, замацаваў iх вузлом i, блытаючыся i спяшаючыся, пачаў рабiць пятлю. Аднак рукi былi непаслухмяныя, пальцы штось задзеравянелi, i Iгнату здавалася, што неўзабаве i развiднее, а ён так i не паспее нiчога. 

Раптам адчуў, што ў рэшце рэшт нешта атрымалася. Трымаючы адной рукой пятлю, нiбы абруч той, Iгнат стаў на ўскрай табурэткi, перахрысцiўся. 

Перш чым пятля сцiснула горла, перад вачыма мiльгануў далёкi сямейны фотаздымак: у цэнтры — яны з нябожчыцай Марфай, а вакол — iх пяцёра дзяцей. На руках дачок — лялькi, а сыны ашчаперылi аўтаматы, i зусiм, здаецца, не самаробныя, а самыя што нi ёсць сапраўдныя. I раптам здалося, што фотакартка прама на вачах пачала ажываць. Быццам сыны з падшыванцаў-падлеткаў пераўтварылiся ў мужных воiнаў i вось ужо бягуць да вiсельнi, вунь i агеньчыкi ад аўтаматных чэргаў мiльгаюць. 

Iгнат не ведаў, што гэта, хапiўшыся яго, паляць ва ўсе бакi п’яныя палiцаi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter