Судьба трактористки, кавалера двух орденов Трудовой Славы

Трэцi ордэн Iрыны Крышталевiч

Былая трактарыстка і сёння ў Шаркаўшчынскім раёне паважаны чалавек


ВЫПАДАК многае значыць у нашым жыцці. Вось і гэта гісторыя завязана на ім.  Вяртаўся неяк з не вельмі ўдалай камандзіроўкі, і на самай мяжы Шаркаўшчынскага раёна звярнуў увагу на прыгожа ўробленае поле, на ўскрайку якога стаяў магутны “Беларус” з пасяўным агрэгатам. Так пазнаёміўся з механізатарам Дзмітрыем Крышталевічам. Выявілася, што родам  ён з суседняй вёскі Каўшэлева. Трактар гэты, які выглядаў як новенькі, калісьці падарыў яму тагачасны старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка. А вось на пытанне, чаму пайшоў у механізатары, пачуў нечаканы адказ:



— Пераняў эстафету ад сваёй маці, Ірыны Іванаўны. Яна амаль два дзясяткі гадоў адпрацавала на трактары, атрымала два ордэны Працоўнай Славы. Была прадстаўлена і да трэцяга першай ступені, але якраз Брэжнева не стала...
Факты зацікавілі. Па-першае, сама гераіня, жанчына-трактарыстка, а па-другое, што там за праявы з неатрыманым трэцім ордэнам? Так у журналісцкім блакноце з’явіліся першыя запісы.

I вось праз пэўны час накіроўваюся ў тое самае Каўшэлева, дзе жыве тая самая легендарна-загадкавая Ірына Іванаўна Крышталевіч. Ведаючы, што ўжо чвэрць веку яна на заслужаным адпачынку, мяркую ўбачыць  вельмі пажылую жанчыну, якая, можа, і з хаты ўжо  не выходзіць... А таму, калі прыкмеціў у двары рухавую і малажавую  жанчыну, нават спачатку не паверыў, што гэта і ёсць Ірына Іванаўна. А яна ветліва  запрасіла ў хату, правяла  ў лепшы пакой і неяк без усялякай напругі сама сабой пацякла гаворка. 

— Усё на свеце рабіла. І лён у Міёры і Браслаў дастаўляла, і салому сцягвала валакушай да стога, і торф вывозіла з балота. Што даручалі, тое і выконвала. Нічога такога... 

— Але ж ордэны не за так давалі?

— Можа, што я — жанчына, адзіная трактарыстка ў раёне была? — жартуе і  ўсур’ёз дадае: — Работу механізатараў пераводзілі ў эталонныя гектары. Мне ўдавалася неяк іх больш абрабляць, хаця працавала, як і ўсе.

Задумваецца і працягвае:

— Праўда, было аднойчы здарэнне. Памятаю, аміяк  вадкі ўносілі. Мяне паставілі яго падвозіць. Працавалі мы тады суткамі: адны на працу, наступныя — адпачываеш.  І вось ці то не было каму мяне падмяніць, ці то забыліся, але зменшчык мой не з’явіўся. Заступіла я на другія суткі, а затым і на трэція, свае ўжо. Вочы зліпаюцца. Толькі іх заплюшчу — грук-грук у кабіну: “Запраўляй!” Ішла пасля дахаты — зямля калыхалася пад нагамі.

— Відаць, не жаночая гэта работа? — спачуваю.

— Чаму ж? — не пагаджаецца. — Як мне, то з мужыкамі наадварот лягчэй было працаваць, чым з бабамі. Тыя  плёткі плятуць, а мужыкі пагамоняць між сабой, пасядзяць, пакураць, усталі і пайшлі.  Толькі вось мне карову ў абед трэба было даіць. Мужыкі адпачываюць, а я лячу на поле, а потым зноўку на трактар.

— А як з рамонтамі?

— Сама спраўлялася, а калі што цяжкае — кола памяняць ці яшчэ што, — хлопцы пасаблялі. Муж мой Алег дапамагаў. Ён у мяне быў майстар на ўсе рукі: і  сталяр, мы з ім хату гэту ладзілі, дошкі разам габлявалі, і на трактары — зух, і на камбайне, і наладчык адмысловы. Я ў яго нават памочніцай камбайнера была. І сама жала. Баялася спярша, як са жняяркай управіцца,  пасля прылаўчылася.


— А як увогуле сталі  трактарысткай, бо, ведаю, на ферме  даяркай былі?

— Сама не ведаю.  Мела ўжо чатырох дзяцей, малодшаму Дзіму было чатыры гадкі. І вось аб’явілі ў нашым калгасе “За Радзіму” гэты самы набор на курсы механізатараў. І што мне стукнула — запісалася з адной дзяўчынай на іх. У той пасля нічога не атрымалася, а я здала экзамены і атрымала старэнькі трактар  Т-40. Потым, убачыўшы, што з тэхнікай у мяне усё няблага атрымліваецца, далі  такі самы, але навейшы. 

— А што за гісторыя такая, калі  забралі ў сына Дзмітрыя новы трактар?

— Было такое, — усміхаецца. — Сына прызвалі  ў армію, а перад гэтым ён атрымаў новы “МТЗ-82”. Дужа перажываў, каб не трапіў у чужыя рукі. Ну вось і вымушана была я  перасесці на гэты трактар. Ды і ўпэўненасць большая была, што сын вернецца з арміі ў родную вёску. 

— А вы самі родам таксама адсюль?

— Амаль што. Мая вёска, Сынадворцы, непадалёк, за лесам, каля бальшака. Бацька мой Іван быў кавалём. Маці памерла рана ў вайну, яе не памятаю. Бацька расказваў, што ехалі на кані ў Міёры, і пераняла іх ахранка. Стралялі. Маці, Марыяй яе звалі, так перапалохалася, што захварэла, ды так  і не вылечылася. Ды якія там лекі ў вайну былі? Жыла я з мачахай. У пятнаццаць гадоў пайшла на свой  хлеб, у даяркі. Якраз пабудавалі новы кароўнік. Было ў маёй групе 15 кароў. Даілі рукамі. І кармы, і сянаж самі вазілі. Паедзем, накосім рабінкі, травы такой, што расце на балоце. Гэта каб падаслаць жывёле, калі прыедзе камісія... Атрымлівалі ж за работу амаль нічога. Памятаю, у канцы года далі на працадзень па пяць капеек. Паліто зімовае тады купіла на заробак за ўвесь год. 

КАРОВУ, нягледзячы на ўзрост, Ірына Крышталевіч трымае ў гаспадарцы і цяпер. Сена і выпасы выдзяляе  мясцовае сельгаспрадпрыемства ААТ “Жвіранка”. Праўда, як зазначае Ірына Іванаўна, статак усё адно  скарачаецца. Не спрыяе, на яе думку, тое, што за літр малака, які здае, плоцяць усяго 37 капеек: мінеральная вада ў краме даражэй. А яшчэ сёлета нешта і ўвогуле незразумелае прыдумалі. 

— Учора прыходзілі, каб нумар быў у каровы нашай, а калі  не будзе, нікуды карову не прымуць і малака не здасі ад яе. Як быццам ад гэтага нумара малака прыбавіцца.

Як сцвярджаюць старшыня Більдзюгскага сельскага Савета Алена Чарняўская і старэйшына вёскі Ларыса  Шудзель, Ірына Іванаўна вельмі актыўная, удзельнічае ў грамадскіх мерапрыемствах, цікавіцца ўсім, і нават школьнымі справамі. Перажывае,  што ў іх Каўшэлеве зачынілі школу:

— Возяць дзяцей на аўтобусе ў аграгарадок Більдзюгі. Дзецям цяжка: што ішлі тут у школу да 8 ці 9 гадзін, а цяпер аўтобус забірае ў 7 гадзін раніцы. Адвучацца, і трэба зноў чакаць таго аўтобуса гадзінамі, каб вярнуцца дахаты.

Дужа ёй дзіўна і тое, што свет пайшоў такі, што дзяцей вымушаны ў бацькоў адбіраць:

— Даўней  жанчына жыта жала сярпом, дзіця пад бабку пасадзіць, і нікому больш справы да яго не было. І з голаду не памерлі, і дзеці былі як дзеці. А цяпер у бацькоў дзяцей забіраюць, чужым аддаюць. Што робіцца?..

Удзячна яна ўладам за пенсію, якую выдаюць акуратна ў мясцовым аддзяленні пошты, за краму ў вёсцы, фельчарска-акушэрскі пункт.

Шануюць Ірыну Іванаўну ў раёне і ў сваёй роднай гаспадарцы. Вось летась райвыканкам запрасіў яе на свята, дзе ўручылі каштоўны падарунак, а ў сельгаспрадпрыемстве таксама падзякавалі за работу і выдалі грашовую прэмію, на якую яна купіла пыласос.

КАРЦЕЛА даведацца, што  ж там за гісторыя з неатрыманым ордэнам Працоўнай Славы першай ступені? Ірына Іванаўна пра гэта нешта чула, але канкрэтна нічога не ведае. Сын Дзіма, як мы памятаем, сцвярджае, што каб Леанід Брэжнеў даўжэй пражыў, то і трэці ордэн маці атрымала б.

Праліць святло на гісторыю з ордэнам мог бы Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі, які ў той час працаваў першым сакратаром Шаркаўшчынскага райкома партыі. На жаль, гэты цудоўны чалавек-працаўнік, які так шмат зрабіў для гарадскога пасёлка і самой Шаркаўшчыны, пайшоў у мінулым годзе з жыцця. Аднак мне падказалі, што афармленнем усіх папер на ўзнагароды займаўся тады Мікалай Аляксеевіч Макаранка, загадчык арганізацыйнага аддзела райкома партыі:

— А як жа, памятаю і Ірыну Іванаўну, і тое, што сапраўды падрыхтавалі дакументы на ордэн Працоўнай Славы першай ступені. На жаль, ужо было позна, незадоўга да распаду Савецкага Саюза. Тады  ўжо было не да іх. А калі б Ірына Іванаўна атрымала той ордэн, а я не сумняваюся, што так яно і было б, то стала б кавалерам ордэна Працоўнай Славы трох ступеняў, што прыраўноўвалася да Героя Сацыялістычнай Працы.

Але Ірына Крышталевіч дужа не перажывае з-за гэтага. Свой трэці ордэн яна ўсё-такі атрымала. Яна — маці-гераіня. Нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей. Трое з іх  звязалі лёс з вёскай. Сыны Мікалай і Дзмітрый сталі механізатарамі, дачка Зоя — аператарам машыннага даення, Алёнка — поварам, а Марына выйшла замуж у горад.

У Ірыны Іванаўны — 7 унукаў і 8 праўнукаў. Пра ўсіх не раскажаш, а вось з Дзімам мы сустрэліся якраз у яе дома. Гэта яе выхаванец, гэта бабуля наладзіла яго ў Глыбоцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй, а пасля яго заканчэння благаславіла на працяг вучобы ў Гарадоцкім тэхнічна-аграрным каледжы. Пасля заканчэння будзе майстрам-наладчыкам сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён цяпер — прадаўжальнік  сямейнай прафесіі ў трэцім пакаленні.

СЕГОДНЯ Белорусское общественное объединение ветеранов, в рядах которого более 2,5 миллиона человек, отмечает 30-летие. Торжества начнутся на площади Победы в Минске с возложения цветов и венков в память о защитниках Отечества. Затем — торжественное собрание, концерт для делегаций-участников.

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter