Трэці званок

Купалаўскі тэатр адкрыецца пасля рэканструкцыі на гэтым тыдні

Купалаўскі тэатр адкрыецца пасля рэканструкцыі на гэтым тыдні

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрыецца пасля рэканструкцыі на гэтым тыдні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

«Тэатр расчыніць свае дзверы ў канцы месяца. Мяркуецца, што гэта будзе 29 сакавіка. А з красавіка Купалаўскі тэатр пачне працу», — дадаў намеснік міністра.

Адкрыецца тэатр візітнай карткай беларускай драматургіі — спектаклем «Паўлінка», дарэчы, таксама абноўленым. У пастаноўцы асвяжылі касцюмы, дэкарацыі і акцёрскі склад. У новым вобразе ўпадабанай гледачамі галоўнай гераіні паўстануць маладыя актрысы Кацярына Алейнікава і Марта Голубева.

Сцэна тэатра ўглыбіню павялічылася на 4 метры. Колькасць месцаў у глядзельнай зале паменшылася з прычыны сучасных патрабаванняў пажарнай бяспекі з 500 да 360, пры гэтым паміж радамі з’явіліся зручныя шырокія праходы. Тэатральны інтэр’ер выкананы ў гістарычнай сіне-бірузовай каляровай гаме. Акрамя таго, за сцэнай з’яві-ліся так званыя кішэні — памяшканні, дзе падрыхтоўваюцца дэкарацыі да спектакля. Вялікай радасцю для купалаўцаў сталі тры рэпетыцыйныя залы, адна з якіх па памерах цалкам дубліруе асноўную сцэну. Кожная з грымёрак абсталявана душавой кабінай і туалетам.

Аднаўленне Купалаўскага тэатра пачалося ў 2010 годзе. Рэканструкцыя прадугледжвала вяртанне будынку яго гістарычнага выгляду, а таксама аснашчэнне самым сучасным абсталяваннем.

Будынак тэатра быў узведзены ў 1890 годзе па праекце польскага архітэктара Караля Казлоўскага. Яго аўтарству належаць таксама будынкі тэатра ў Любані, кансерваторыі ў Варшаве і іншыя. У 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр’ераў па праекце Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе рэканструяваны галоўны фасад па праекце архітэктара Абрама Духана: былі надбудаваны бакавыя крылы да другога паверха і праведзена перапланіроўка некаторых падсобных памяшканняў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter