Трэба ў сваім доме быць гаспадаром

Сямён Шапіра правёў выязны прыём грамадзян у Маладзечне

Кожны павінен дакладна разумець розніцу паміж абавязкамі дзяржавы і ўласнай адказнасцю чалавека

У час выязнога прыёму грамадзян у Маладзечне да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры жыхары горада і раёна прыйшлі са сваім набалелым. Нехта прасіў надзел зямлі, нехта — кватэру, відавочна ў лідарах былі жыллёвыя і зямельныя пытанні. Па кожнаму з iх кіраўнік сталічнага рэгіёна даў дакладныя даручэнні і вызначыў тэрміны іх выканання.

У Маладзечанскім раёне досыць актыўна развіваецца фермерства, і такіх гаспадарак ужо амаль 70. Прадстаўніца адной з іх звярнулася па дапамогу ў набыцці кармоў для статка, які зараз складае больш за сотню галоў. Сялянска-фермерская гаспадарка набірае добрыя тэмпы — тры гады таму пачыналі толькі з шасці кароў. За гэты час рэалізавалі на Маладзечанскі малочны камбінат 646 тон малака, 94 % з якіх — гатункам экстра, сёлета плануюць здаць 400 тон. Напрыканцы мінулага года райвыканкам выдзеліў фермерам дадаткова зямлю, але нарыхтаваць кармы яны, зразумела, не паспелі. Адсюль і просьба. На першы погляд, усё лагічна, але калі пачалі «раскручваць» сітуацыю, высветлілася шмат нюансаў. Заяўніца эмацыянальна апісала свае стасункі з мясцовай уладай, колькі і калі звярталася, што і калі прасіла і атрымала. А вось пра кармы для статка — прыйшла напрамую да старшыні аблвыканкама.

Зямельнае пытанне хвалявала фермера, які займаецца вырошчваннем дэкаратыўных культур, ён прасіў дадатковы надзел для далейшага развіцця. Звяртаўся — прапаноўвалі, але, па яго словах, землі не прыдатныя для такога віду дзейнасці.

Вынікам разгляду гэтых пытанняў сталі акцэнты, якія шмат што расставілі па сваіх месцах. У першую чаргу, патрабаваў Сямён Шапіра, у раёне павінна быць адладжана сістэмная работа з фермерамі. Неабходна падтрымліваць гэты сегмент, ён хоць і дробны, але робіць свой унёсак у эканоміку раёна, ствараюцца працоўныя месцы, выпускаецца якасная прадукцыя, плацяцца падаткі і г.д. З малака гатункам экстра перапрацоўчае прадпрыемства вырабляе і экспартуе сыр, зарабляючы грошы. Цікавы, эканамічна важны накірунак і вырошчванне дэкаратыўных раслін, усе ведаюць, колькі іх увозіцца зараз з Польшчы. Да таго ж і раён можа набываць расліны па прымальнай цане для добраўпарадкавання. Зразумела, кожны фермер хоча займець лепшы кавалак зямлі, атрымаць яшчэ шэраг дапамог. Вось тут павінна прадметна працаваць раённая ўлада, каб вырашэнне гэтых пытанняў ішло не ва ўрон сельгасарганізацыям і на карысць фермерам.

Амаль палова заяўнікаў прыйшлі да старшыні аблвыканкама з жыллёвымі праблемамі. Адны жывуць у ведамасным састарэлым доме і не вельмі намагаліся, каб яго даглядаць: куды цяпер дзецца? Другія не могуць купіць кватэру, бо ўжо не працуюць у гаспадарцы, што з’яўляецца ўласнікам жылля: чаму раней было можна, а цяпер не? Трэціх не задавальняюць умовы, якія ім прапаноўваюцца для адсялення на час рамонту і г.д. Да прыкладу, маладая жанчына, маці трох дзяцей, выбірала больш чым з пяці варыянтаў, але ўрэшце так і не вызначылася, бо яны не адпавядалі яе патрэбам у плане выгод.

З усяго гэтага Сямён Шапіра зрабіў дакладную выснову: з боку ўлады і грамадзяніна павінны быць узаемаразуменне, узаемапавага і канструктыўны дыялог. Вострыя пытанні неабходна вырашаць хутка і вынікова, але і людзі павінны дакладна разумець розніцу паміж абавязкамі дзяржавы і сваёй уласнай адказнасцю. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter