Як не стаць злачынцам, абараняючы сябе ад хулігана з дапамогай электрашокера

Трэба разрадзіць сітуацыю

Электрашокер тыпу «ліхтарык» — адзін  з самых распаўсюджаных на рынку.
Вяртаецеся вы ўвечары дадому, падыходзіце да свайго пад'езда, а там — п'яная кампанія. «Гэй, прыгажуня!» — пачынаюць дамагацца вас, вашых упрыгажэнняў, тэлефона, кашалька… Бывае і такое. Са сродкаў самаабароны ў сумачцы жанчыны знойдуцца хіба што манікюрныя ножанкі ці самы доўгі ключ у звязцы. Некаторыя пускаюць у ход «цяжкую артылерыю» — электрашокер. Карэспандэнт «Р» даведалася, дзе можна яго легальна набыць і як законна ўжываць пры самаабароне.
— Электрашокеры належаць да грамадзянскай зброі, іх рэалізацыя без спецыяльных дазволаў на тэрыторыі краіны забаронена, — адразу расстаўляе кропкі над «і» начальнік аддзела экспертыз радыёэлектронных прылад і электрабытавых прыбораў ДКСЭ Максім Каляда.

Аматары дэтэктыўных серыялаў ведаюць, што шокеры бываюць двух відаў. Кантактныя — падносім прыбор да агрэсара, ціснем на кнопку, назіраем, як ён падае і б'ецца ў канвульсіях. І дыстанцыйныя — ціснем на кнопку, з прыбора вылятаюць дроцікі і паражаюць злачынцу, нават калі ён знаходзіцца на некаторай адлегласці ці ўцякае з вашым кашальком.

— У аснове абодвух відаў прылады ляжыць адзін прынцып, — дзяржаўны судовы эксперт Аляксандр Куля разбірае кантактны электрашокер тыпу «ліхтарык», дэманструючы яго «начынку». — Паміж двума электродамі ўзнікае электрычны разрад у выглядзе дугі сіне-фіялетавага колеру. Мускулы, якія трапілі ў зону паражэння, пачынаюць скарачацца з частатой, роўнай частаце электрычнага разраду, а нервовыя клеткі адклікаюцца болем. Так можна абезруховіць злачынцу на некаторы час.

На які менавіта — залежыць ад магутнасці разраду. У асноўным у нашых магазінах можна знайсці прылады магутнасцю да 3 ват. Для параўнання: амерыканскія паліцэйскія выкарыстоўваюць дыстанцыйныя шокеры магутнасцю, у восем разоў большай — 24 ваты. Але і 3 ват цалкам дастаткова для самаабароны без прычынення сур'ёзнай фізічнай шкоды злачынцу.

Выпрабоўваць разрад электрашокера на сабе я, вядома, не рызыкнула. Спрабую ягоную сілу на лісце паперы. Адразу чуецца гучны трэск, і паветра напаўняецца спецыфічным пахам азону. Непрацяглага кантакту хапіла, каб прапаліць у лісце дзве дзіркі ў тым месцы, дзе да яго дакрануліся электроды, і абпаліць іх па краях. Была б на месцы паперы чыясьці рука — і лёгкага пашкоджання скуры не пазбегнуць.

Легальна набыць электрашокер можна выключна ў магазінах, якія маюць спецыяльную ліцэнзію МУС. Кошт — каля 30 рублёў. Прыборы прадаюцца і на замежных гандлёвых платформах тыпу aliexpress. Аднак увоз і вываз грамадзянскай зброі на мытную тэрыторыю ЕАЭС забаронены. Мытныя службы адбяруць пасылку. Канфіскуюць шокер і пагранічнікі, калі паспрабуеце правезці яго праз мяжу.

— Параметры кітайскіх электрашокераў могуць адрознівацца ад заяўленых вытворцам у меншы бок, — Аляксандр Куля праводзіць замер магутнасці электрашокераў, канфіскаваных у нелегальнага прадаўца на рынку «Ждановічы».

На корпусе прыбора паказана нібыта напружанне: 75000KV, 50000KV. На справе гэта, хутчэй, мадэль шокера. Пры азначанай маркіроўцы вымеранае намі напружанне прыбора склала каля 11,69 кілавата. Пры прымяненні нагрузкі 1 кОм, якая характэрна для скуры чалавека, напружанне склала 0,29 вата. Гэта менш, чым абяцаў вытворца.

Дзеяння маламагутнага шокера можа не хапіць супраць «качкоў», чые мышцы цяжка выключыць. Парог болевай адчувальнасці зніжаны таксама ў людзей пад градусам і наркаманаў пад апіятамі. Яны могуць адабраць шокер і апрабаваць яго на вас. Затое маламагутны прыбор — класны адпуджвальнік сабак. Ён добра іскрыць і трашчыць. Чацвераногія хуліганы палохаюцца і разбягаюцца.

Напрыканцы Аляксандр Куля закрануў пытанне, ці можа электрашокер забіць:

— Класічны шокер з ражкамі-электродамі паражае толькі невялікія ўчасткі цела, да якіх дакранаюцца электроды. Небяспеку прыборы ўяўляюць для людзей з кардыёстымулятарамі. Але яны, як правіла, не займаюцца вулічнымі рабаваннямі, згвалтаваннямі і хуліганствам. Смяротныя выпадкі адзначаны ў сітуацыях, калі шокер прыстаўлялі да галавы і ціснулі на кнопку болей чым тры секунды.

Пытанне прымянення шокера даволі спрэчнае. Па-першае, можна перабраць з самаабаронай і прычыніць непапраўную шкоду здароўю злачынцы. Па-другое, для прымянення шокера трэба дакрануцца ім да цела саперніка. Прычым абодвума электродамі, і пажадана ў не закрытае тоўстым адзеннем месца, і ўтрымліваць разраднік на працягу хаця б секунды. Інакш ён проста кусне праціўніка. На шчасце, хуліганы дрэнна знаёмыя з дзеяннем электрашокераў. Адно толькі грознае іскрэнне прыбора можа прымусіць іх трымацца на адлегласці.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter