Трэба прыходзіць да агульнай эканамічнай базы і адзіных сацыяльных стандартаў

Пра галоўныя тэмы Форуму наш аглядальнік пагутарыла з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Расійскай Федэрацыі ў Мінску Аляксандрам Сурыкавым
— Аляксандр Аляксандравіч! Якую ролю адыгрываюць форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі? І чаму, на Ваш погляд, варта і далей развіваць рэгіянальныя сувязі, у чым Вы бачыце іх значнасць і выніковасць? 

— Як Вы ведаеце, цяперашні Форум ужо трэці па ліку. Яго арганізатарамі былі і працягваюць заставацца Савет Федэрацыі і Верхняя Палата беларускага Парламента. Першы Форум, які прайшоў у Мінску, быў “прыстрэлачны”. Другі — у Сочы — атрымаўся больш шырокім і прадстаўнічым. Яго значнасць падкрэслівае і той факт, што ў рабоце Форуму прынялі ўдзел Прэзідэнты нашых краін. На трэцім форуме, які будзе праходзіць у Мінску, мы чакаем яшчэ большага расійскага рэгіянальнага прадстаўніцтва і, натуральна, на ім будуць прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі. Падрыхтоўка ідзе вельмі сур’ёзная. Думаю, што, акрамя зацікаўленага абмеркавання многіх наспелых пытанняў, на ім магчыма падпісанне шэрага пагадненняў паміж беларускімі абласцямі і расійскімі суб’ектамі федэрацыі. 

Калі гаварыць пра эфектыўнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва, то і Расія, і Беларусь адносяцца да гэтага вельмі сур’ёзна. Мне даводзілася прымаць удзел у такім фармаце яшчэ ў канцы 90-х гадоў, калі я быў кіраўніком адной з тэрыторыі РФ. Ужо тады было зразумела, што, акрамя міждзяржаўных эканамічных і сацыяльных аспектаў узаемадзеяння, беларускія ўлады фармаціруюць яшчэ і сувязі рэгіянальныя, паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. Такім чынам, існуюць два ўзроўні супрацоўніцтва. Гэта даволі незвычайна, нейкае падабенства такога ўзаемадзеяння існуе паміж рэгіёнамі Расіі і Казахстанам, але не так шырока. 



І вось што мы бачым на справе: 80 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі з 85, пры тым, што два нядаўна сталі суб’ектамі, гэта Рэспубліка Крым і Севастопаль, маюць тыя ці іншыя дагаворы аб эканамічным, сацыяльным і культурным супрацоўніцтве з урадам Беларусі або з абласцямі. Паміж пераважнай большасцю рэгіёнаў Расіі і ўрадам Беларусі або беларускіх рэгіёнаў створаны рабочыя групы, якія працуюць і вызначаюць развіццё падпісанага імі пагаднення. 

Паглядзім, як усё гэта развіваецца — паспяхова, не паспяхова — з пункту гледжання міждзяржаўнага эканамічнага супрацоўніцтва. Мне гэта лягчэй параўноўваць, бо я працую тут даволі вялікую колькасць гадоў. Дык вось, у 2006 годзе тавараабарот паміж Расіяй і Беларуссю складаў 15 мільярдаў долараў ЗША, прычым з іх 9 мільярдаў долараў ЗША прыпадала на вуглевадароды, а 6 — на тыя самыя рэгіянальныя сувязі паміж прадпрыемствамі. Гэта тое, што можна назваць чыстай вады бізнесам з высокай дабаўленай вартасцю. 

Мы накіравалі свае намаганні на вытворчую кааперацыю і інтэграцыю канкрэтных беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў. І вось вынік нашага ўзаемадзеяння — тавараабарот у 2012 годзе склаў 44 мільярды долараў ЗША, з якіх 15 — прыпадала на вуглевадароды, усё астатняе дасягнута ў асноўным за кошт рэгіянальнага супрацоўніцтва, г.зн. атрымалі рост з 6 да 29 мільярдаў долараў ЗША. Сувязі прадпрыемстваў, міжрэгіянальныя і кааперацыйныя ў тым ліку, выраслі ў пяць разоў. Гэта жывая эканоміка.

У Расіі за гэты час створана каля 30 сумесных прадпрыемстваў, у якіх выкарыстоўваюцца беларускія камплектуючыя. Напрыклад, Саранскі трактарны завод у садружнасці з МТЗ выпускае да 5 тысяч трактароў. Бранскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, у кааперацыі з “Гомсельмашам”, — да 3000 камбайнаў. Ніжненаўгародскі ліфтабудаўнічы завод і Магілёўліфтмаш — сумесна робяць тысячу ліфтаў. Расійскі завод тэхнічнага вугляроду з Омска заканчвае будаўніцтва завода тэхнічнага вугляроду ў Магілёве. Усё гэта прыклады кааперацыі і эканамічнай інтэграцыі. 

Гэтыя сувязі сфарміравалі каласальную колькасць новых працоўных месцаў, лік на сотні тысяч. Яны даюць даходы адпаведным бюджэтам: сямейным, раённым, гарадскім, дзяржаўным, пенсійнаму фонду і г.д. 


Саранскі трактарны завод працуе ў садружнасці з МТЗ

На рэгіянальных сувязях таксама выраслі 2,5 тысячы сумесных прадпрыемстваў з расійскім капіталам у Беларусі і больш за адну тысячу з беларускім капіталам у Расіі. Усё гэта і дапамагло павялічыць тавараабарот паміж нашымі краінамі, не ўлічваючы вуглевадароды, з 6 мільярдаў долараў ЗША амаль да 30 мільярдаў. 

Цяпер на сусветных рынках цэны на вуглевадароды, наогул на сыравіну, на метал, на лес і на харчаванне падаюць. Тавараабарот паміж Расіяй і Беларуссю крыху зніжаецца. Але рабочыя месцы застаюцца. Гэтыя прадпрыемствы працуюць, вытворчасці не спыняюцца, тым самым захоўваюцца базавыя эканамічныя асновы ў абе­дзвюх дзяржавах. 

— Тым не менш, на Форуме сфармулявана задача разгледзець узаема­дзеянне па пераадоленні негатыўных наступстваў у эканоміцы. Гэта зна­чыць падкрэслена заклапочанасць...

— Напэўна, заклапочанасць у нас з вамі ёсць. Безумоўна. Мы павінны разумець, што ўпалі цэны на вуглевадародную сыравіну і на ўсе астатнія віды сыравіны. Адстымуляваць спажывецкі попыт у свеце мы не ў стане. Але ёсць нашы ўнутраныя пытанні, якія могуць стаць тэмай абмеркавання на гэтым форуме, у тым ліку праз прадстаўнікоў рэгіёнаў Расіі і Беларусі. 

Мы даволі актыўна працуем для аднаўлення і ўдасканалення індустрыяльнага аблічча Расіі і Беларусі. Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза таксама трэба далучаць да гэтага працэсу. Так што ёсць пра што падумаць. У Расіі трэба аднавіць, у Беларусі прыпадняць існуючы прамысловы ўзровень, інакш мы не “ўскочым” у новы тэхналагічны ўклад. Пры гэтым базавыя галіны застаюцца. Не ведаю, можа быць, шкарпэткі пачнуць хутка друкаваць на прынтары, але трактар, сілавую машыну, жыта або пшаніцу на прынтары не надрукуеш. Таму індустрыялізацыя і агракомплекс стаяць на парадку дня. Так, мы змянілі сваё індустрыяльнае аблічча ў параўнанні нават з савецкім перыядам, у тым ліку і выкарыстоўваючы рэгіянальнае супрацоўніцтва. Але свет не стаіць на месцы.

Мы бачым, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы. На глабальнай эканамічнай арэне ўсё больш пераважаюць буйнейшыя транснацыянальныя кампаніі. А ў апошнія гады адбываецца геапалітычнае афармленне гэтага дамінавання. Напрыклад, трансатлантычнае гандлёвае пагадненне, якое ЗША абмяркоўваюць з Еўрасаюзам. Трансціхаакіянскае пагадненне ўжо падпісана. Атрымліваецца, што нас, Расію і Беларусь, а таксама нашых еўразійскіх партнёраў, з двух бакоў будуць “сціскаць” транснацыянальныя гіганты. Не будзем забываць, што Расія — член СГА, Беларусь хутка ім будзе, нашы партнёры па Еўразійскім саюзе таксама знаходзяцца ў гэтай арганізацыі. Мы не можам ігнараваць правілы СГА. І, цалкам верагодна, мы гэтым гігантам можам пачаць праігрываць рынкі на сваёй тэрыторыі. Яны, вядома ж, маюць большы разбег — інавацыйны, інвестыцыйны, рэсурсавы. 

Наша задача — інтэграваць нашы прадпрыемствы. Не вельмі ўдалыя пакуль дзеянні Расіі і Беларусі па аб’яднанні МАЗа, КАМАЗа. Проста трэба сесці, уважліва разабрацца, што такое інтэграцыйны праект і аб’ядноўваць намаганні для канкурэнцыі з транснацыянальнымі карпарацыямі. Вось што трэба рабіць. І ўсе абмеркаванні будаваць так, каб выгадна было абедзвюм дзяржавам. Неабходна далей нарошчваць інтэграцыйныя сувязі, якія мы пачалі. 


 “Брянсксельмаш” — у супрацоўніцтве з “Гомсельмашем”

— Але чаму расіяне часта гавораць “беларускі” або нават “замежны беларускі прадукт”? Ён жа ўжо шмат у чым агульны. З таго, што Вы гаварылі, відаць, што грань сціраецца...

— Канкурэнцыя па некаторых таварах, напэўна, неабходная. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы. Не створыш жа адзіны беларуска-расійскі калгас. Будуць канкурыраваць паміж сабою дробныя прадпрыемствы. Гэта трэба для паляпшэння якасці прадукцыі. Такая ўнутраная канкурэнтная работа важная і для выхаду на знешнія рынкі, дзе з намі канкурыруюць ужо заходнія прадпрыемствы. 

Ну а наогул трэба прыходзіць да разумення, што ўвесь прадукт, выраблены ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, а ў недалёкай будучыні ў Еўразійскім саюзе, сапраўды з’яўляецца агульным, як у Еўрасаюзе. Хоць і ў ЕС не так проста, каб прадукт, выраблены ў Прыбалтыцы, трапіў у Францыю... 

Адным словам, тут ёсць шмат эканамічных тэм для абмеркавання. Мы павінны запоўніць рынак прадуктамі ўласнай вытворчасці, у тым ліку і па мясе, малацэ, збожжы... Мы павінны заняцца складаннем балансаў, прагназаваць выпуск прадукцыі.

— Мінулы Форум якраз быў прысвечаны фарміраванню адзінай прамысловай і аграпрамысловай палітыкі. Дык усё-такі яна ў нас сфарміравана ці не?

— Асноўныя пытанні былі абмеркаваны. І цяпер Саюзная дзяржава, яе апарат, урады дзвюх дзяржаў займаюцца фармулёўкай гэтых дакументаў. 

— А ў чым галоўная загваздка?

— Галоўнае, што ў нас ёсць праціўнікі гэтых пытанняў. Паняцце прамысловай палітыкі ў Расіі да нядаўняга часу наогул адсутнічала. Не разумелі — а навошта нам гэта трэба, рынак усё адрэгулюе. Але ж сусветны рынак рэгулююць транснацыянальныя карпарацыі, і ў іх ёсць адпаведная ўласная палітыка. 

— А калі коратка сфармуляваць, што ёсць агульная прамысловая палітыка ў Вашым разуменні?

— Гэта адзіная сістэма льгот, прэферэнцый, тэхналагічных стандартаў. Гэта балансы. 

— Гэтым разам на Форуме рэгіёнаў будзе вялікая ўвага нададзена сацыяльнай і гуманітарнай тэматыцы. Шчыра кажучы, можа быць менавіта цяпер з-за эканамічнага спаду не самы час разглядаць сацыяльныя бонусы?

— Сацыяльная палітыка — не толькі бонусы. Сацыяльная палітыка — гэта ўсё, што ўваходзіць у сферу жыцця грамадства. Пачынаючы з адукацыі, аховы здароўя, культуры, пенсій і гэтак далей. Справа не толькі ў грашах, а яшчэ ў эфектыўнасці іх выкарыстання. А ў канчатковым выніку, у эфектыўнасці самой сацыяльнай сферы. Напрыклад, мы з вамі спрабуем сфармуляваць адзіны адукацыйны стандарт. У Расіі да Адзінага дзяржаўнага экзамену падыходзілі ў асноўным з пазіцый барацьбы з карупцыяй. Напэўна гэта не самае галоўнае ў адукацыі. У Беларусі ўвялі тэсціраванне. Такім чынам, у Расіі і Беларусі да падыходу ў гэтым пытанні існуюць разыходжанні. Але трэба да чагосьці прыходзіць, ствараць агульныя адукацыйныя стандарты, а гэта значыць, што неабходна напрацоўваць агульныя падыходы да прадметнага напаўнення ў школах. Трэба сесці і абмеркаваць, якія базавыя веды варта мець выпускніку школы. Не аддаваць гэтае пытанне на водкуп толькі міністэрству адукацыі Беларусі і Расіі, а сесці і абмеркаваць з агульных пазіцый. 

Тое ж у сферы аховы здароўя. У нас хутка будзе агульны рынак медпрэпаратаў. Нядаўна два вытворцы “Арпетола” скандалілі — беларускі і расійскі... Дзве фабрыкі выпускаюць адно і тое ж лякарства. Так што ёсць пытанні. Гэта і замяшчэнне замежных прэпаратаў, і пытанні па субстанцыях, і падыходы да здаровага ладу жыцця. Тут тая ж задача — зблізіць стандарты. Нядрэнна таксама, раз мы ў Саюзнай дзяржаве, каб у нас былі аднолькавыя падыходы ў пенсійным абслугоўванні. Па расійскай Канстытуцыі, прымаючы любы закон, улада не можа пагоршыць якасць жыцця. Цяпер у Расіі мужчына выходзіць на пенсію ў 60 і яшчэ шэсць гадоў у яго, у сярэднім, застаецца так званы час дажыцця. Значыць, гэта павінна захавацца. 

— На Форуме пойдзе размова таксама аб выхаванні моладзі. У чым тут галоўныя задачы?

— Летась міністэрствы адукацыі Расіі і Беларусі прынялі рашэнне наконт маладзёжнай палітыкі. А нядаўна ў Беларусі праходзіла маладзёжная канферэнцыя, на якой разглядаліся сумесныя падыходы ва ўмацаванні брацкіх сувязяў моладзі Беларусі і Расіі. Пакуль гэта арганізацыйныя рэчы, але хацелася б усё-такі прыйсці да разумення і садружнасці маладзёжных арганізацый. У Беларусі існуе БРСМ, у Расіі ёсць маладзёжнае крыло Агульнанацыянальнага фронту. Трэба, каб яны супрацоўнічалі.

Пачаў развівацца беларуска-расійскі праект “Студэнцкія атрады”. І добра б, каб студэнцкі будаўнічы рух атрымаў больш шырокі размах. Гэта жывыя зносіны моладзі. І да таго ж ёсць магчымасць зарабіць крыху для новага навучальнага года. Так што трэба ўсё гэта пашыраць. Але самае галоўнае — пашыраць зносіны. І не толькі па такіх прагматычных тэмах, дзе можна зарабіць, але па культурных, ваенна-гістарычных. Мы ж адзін народ. Рускі, беларускі — карані ў нас адны, у аснове — Кіеўская Русь. Таму трэба асэнсавана падыходзіць да гэтых рэчаў, не ламацца пад націскам нашых калег з Захаду, таму што яны не зацікаўленыя, каб славянскае адзінства працягвала мацнець. Прыклад таму — Украіна. 

— І яшчэ адна цікавая тэма заяўлена на гэтым Форуме — тэма навукі і навуковага супрацоўніцтва. Мы ў Беларусі ганарымся, што ў нас ёсць Парк высокіх тэхналогій, які прадае праграмны прадукт па ўсім свеце. Вялікі навуковы патэнцыял ёсць і ў Расіі. Якія існуюць сёння магчымасці для таго, каб Беларусь і Расія змаглі выходзіць на рынкі трэціх краін з сумесным высокатэхналагічным, навукаёмістым прадуктам? 

— У нас ужо ідзе навуковае супрацоўніцтва ў ядзернай сферы. Расія, як вядома, прадае інавацыйны прадукт у ядзернай энергетыцы па ўсім свеце. Упэўнены, што Беларуская атамная станцыя, якая будуецца сумесна, дасць выхад на новыя тэхналогіі. Далей, космас. Расія на адной з першых касмічных пазіцый у свеце. І Беларусь таксама па­чынае развіваць касмічныя тэхналогіі. 

Каб выйсці на сумесны прадукт, трэба аб’ядноўваць намаганні. Трэба далей думаць. Таму што інавацыі не замыкаюцца толькі на ядзерных або касмічных справах ці толькі праграмаванні. Яны могуць быць увасоблены, напрыклад, і ў звычайным машынабудаванні. Інавацыі ў жыллёва-камунальнай сферы, у грамадскім транспарце таксама прывядуць да паніжэння кошту паслуг для чалавека. Нам трэба падумаць, як нашы навуковыя патэнцыялы, аб’ядноўваючы, развіваць дпсягненні і ўкараняць у практыку. Тады гэтая практыка, але ўжо ў выглядзе тавараў, пойдзе і на рынкі трэціх краін. Гэта задача і акадэмій навук, і ўрадаў, і самога бізнесу. Чаму я гавару ўвесь час пра неабходнасць буйнога, транснацыянальнага бізнесу? Таму што ён будзе сур’ёзней займацца інавацыямі. А калі я шыю ў майстэрні толькі дзве пары ботаў у месяц, то грошай на інавацыі не будзе. 

— Толькі ў саюзнай дзяржаве можна развіваць такія праекты?

— У саюзнай дзяржаве іх можна лепш развіваць. Таму што гэта аб’яднанне патэнцыялаў, аб’яднанне намаганняў, аб’яднанне думак. Палітычная воля ёсць. Трэба настроіцца на практычныя дзеянні. 



У Расіі за гэты час створана каля 30 сумесных прадпрыемстваў, у якіх выкарыстоўваюцца беларускія камплектуючыя. Гэтыя сувязі сфарміравалі каласальную колькасць новых працоўных месцаў, лік на сотні тысяч. Яны даюць даходы адпаведным бюджэтам: сямейным, раённым, гарадскім, дзяржаўным, пенсійнаму фонду і г.д. 

Мы накіравалі свае намаганні на вытворчую кааперацыю і інтэграцыю канкрэтных беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў. І вось вынік нашага ўзаемадзеяння — тавараабарот у 2012 годзе склаў 44 мільярды долараў ЗША, з якіх 15 — прыпадала на вуглевадароды, усё астатняе дасягнута ў асноўным за кошт рэгіянальнага супрацоўніцтва



Ніна Раманава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter