54,5 тысячы чалавек сёлета плануюць прыняць у ВНУ краіны

Трэба паступаць правільна

Апошні званок, выпускны, ЦТ — настаў такі доўгачаканы момант для тысяч абітурыентаў! Прыём дакументаў у ВНУ ў самым разгары. Ля карпусоў універсітэтаў і інстытутаў шмат юнакоў і дзяўчат. Мы даведаліся, з якім настроем яны выбіраюць будучую прафесію.

Без пяці хвілін студэнты не вельмі гаварлівыя з журналістамі перад працэдурай падачы дакументаў: кажуць, прымета такая.

Дзевяць гадзін раніцы, ля галоўнага корпуса БДУ сабраліся дзясяткі чалавек — і гэта нягледзячы на тое, што прыёмная камісія штодня працуе да 18.00. Не дзіўна: у гэтым годзе адна з вядучых ВНУ краіны плануе прыняць больш за 5 тысяч студэнтаў.

— Вырашыла не цягнуць ката за хвост. Навошта ісці ў апошнія дні? — разважае абітурыентка, якая ў такі знакавы дзень у якасці каманды падтрымкі прывяла бацькоў і сяброў.

Абітурыенты ў такія знакавыя дні ў якасці каманды падтрымкі прыводзяць сяброў і бацькоў.

Каля ўвахода ў корпус хлопцы і дзяўчаты стаяць невялікімі групкамі. Адны ўсё яшчэ вызначаюцца з выбарам факультэта і спецыяльнасці, іншыя ўжо выходзяць са шчаслівай усмешкай — дакументы пададзены! Ганна Савянкова не сумняваецца — прыйшла па адрасе:

— Мне падабаецца юрыспрудэнцыя, таму і паступаю на такі факультэт. Мой выбар таксама падтрымліваюць бацькі, хаця многія адгаворвалі: маўляў, юрыстаў у краіне вельмі шмат. На мой погляд, добрых юрыстаў шмат не бывае. І я паспрабую быць у іх ліку. У сям’і ўжо ёсць практыкуючы прадстаўнік гэтай прафесіі — мая цётка. Бяру з яе прыклад. Не выключана, што пасля ўніверсітэта практыкаваць свае веды буду ў яе арганізацыі.

Адны ўсё яшчэ вызначаюцца з выбарам факультэта і спецыяльнасці, іншыя ўжо ўсё вырашылі.

Чарга на падачу дакументаў доўгая — цягнецца па ўсім фае і выходзіць нават на вуліцу. Там абітурыенты чакаюць пад пякучым сонцам. Хвалююцца, нервуюцца — зараз вырашаецца лёс. Пераправяраюць дакументы — важна нічога не забыць. Перагаворваюцца з бацькамі.

— Мне здаецца, я ўжо пісаць развучыўся за гэты месяц, што ад вучобы адпачываў, — скардзіцца маме будучы студэнт. Тая просіць супакоіцца — усё будзе добра.

У гэтым годзе БДУ плануе прыняць больш за 5 тысяч студэнтаў.

Заўважаю дзяўчыну, якая ў адрозненне ад астатніх паводзіць сябе досыць упэўнена і спакойна.

— З выбарам прафесіі я вызначылася даўно — хачу паступаць на факультэт міжнародных адносін. Там прахадны бал высокі, але я старанна рыхтавалася не адзін год. Спадзяюся, усё атрымаецца, — дзеліцца Дар’я. Дзяўчына ў Мінск прыехала з Гомеля, падтрымліваць абітурыентку падахвоціўся бацька.

Ідзе час, павольна крочу па памяшканні. Студэнты БДУ, якія агітуюць паступаць на іх факультэт, памылкова мяне прымаюць за абітурыентку. А што, прыемна.

— Я задаволены і выбарам прафесіі, і выбарам ВНУ. Перайшоў ужо на трэці курс — тут адчуваю сябе як дома. Але добра памятаю сябе абітурыентам, таму стараюся як мага больш расказаць былым школьнікам пра будучую вучобу. Неяк дапамагчы з выбарам, — расказвае Уладзіслаў Шышко, студэнт факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.

Чарга на падачу дакументаў доўгая — цягнецца па ўсім фае і выходзіць нават на вуліцу.

Тым часам напал эмоцый і ў галоўным корпусе БНТУ. Абітурыентаў таксама шмат. Мабыць, самымі спакойнымі можна лічыць толькі тых, хто многа і старанна рыхтаваўся да ЦТ, таму так упэўнены ў сваіх сілах.

— У мяне ёсць сярэдняя спецыяльная адукацыя, зараз хачу атрымаць дыплом ВНУ. Буду паўнавартасным інжынерам-тэхнолагам. Трэба шмат вучыцца, каб вырасці прафесійна і стаць кіраўніком — гэта мая мэта, — планамі на будучыню дзеліцца Барыс Навасад.

Дарэчы, у гэтым годзе па ўсёй краіне цэнтралізаванае тэсціраванне здавалі каля 85 тысяч абітурыентаў. Канкурэнцыя вялікая. Для паступлення ў ВНУ без пяці хвілін студэнту трэба асабіста падаць у прыёмную камісію пасведчанне асобы, заяву, дакумент аб адукацыі, на падставе якога ён паступае. Таксама сертыфікаты ЦТ, меддаведку, дакументы, якія пацвярджаюць ільготы, калі такія ёсць, і фатаграфіі. Іх форма і колькасць вызначаюцца ВНУ.

ypopko@sb.by

Фота Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter