«Трэба дома бываць не госцем...»

Дзень добры, паважаная рэдакцыя! Мяне завуць Марына...

Дзень добры, паважаная рэдакцыя! Мяне завуць Марына, мне 24 гады. Нарадзілася я ў вёсцы Луцк-Мосарскі, што побач з вёскай Мосар.

Адбітак хараства нашага краю глыбока залёг у сэрца, разам з ім і родная мова. Вершы я пачала пісаць яшчэ ў школе. Пішу пра тое, што хвалюе і аб чым баліць сэрца. Перш за ўсё гэта мова, зямля родная, асабліва вёска.

Каго ні спытай, дзе адпачываеш летам, адказ: толькі ў вёсцы! А чаму там не жыць пастаянна? Чалавек, які хоча працаваць, і ў вёсцы працу знойдзе, а на пражыццё тут не трэба мільёны. Людзі працуюць і зарабляюць, трымаюць гаспадарку і агарод (хапае сабе, а руплівым і на продаж будзе).

У нас некранутая прырода, чыстая вада, багаты лес побач. Касулі прыходзяць амаль да бацькавай хаты, а на полі ходзяць чародкай па 14 галоў. Людзей не надта баяцца, адыдуць і зноў вяртаюцца. Улетку пара лебедзяў гняздзіцца на балоце. Ці ж не хараство?

Птушкі — гэта асаблівая гісторыя, песні іх такія прыгожыя, нібыта жывы аркестр грае. Летнім вечарам, калі сонца садзіцца, а спаць не хочацца, прыемна слухаць прыроду. Зязюлі лічаць гадочкі. Салаўі заводзяць дзівосныя трэлі.

Жыццё тут кіпіць, а што горад… Самі ўсё ведаеце, залiшне паўтараць. Паветра ў нас іншае, дыхаецца лёгка. Можа, таму і пішуцца вершы…

У вёсках жыве родная беларуская мова, яе тут ведае і паважае кожны куды больш, чым у горадзе. Сорамна мне за сваіх равеснікаў: чытаюць мала, дарогі да бібліятэк успамінаюць, калі «прыцісне» патрэба. Аб чым гаварыць, калі настаўнікі бядуюць, што ў вучня слоў не хапае, каб выказацца па-беларуску...

Мова павінна жыць, гучаць што часцей. Сэрца адгукнецца, і роднае слова зноў зацвіце цудоўнай кветкай. Я веру, што мае словы абавязкова спраўдзяцца, бо наша мова — гэта мы, нацыя беларуская!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter