Трайны трыумф

Берасцейскiя лялечнiкi выступiлi на трох мiжнародных фестывалях

Поспех берасцейскiх лялечнiкаў вымушае ламаць традыцыi мiжнародных тэатральных фестываляў

Заслужаны калектыў Беларусi Брэсцкi тэатр лялек паспяхова прадэманстраваў сваё мастацтва на трох мiжнародных фестывалях.

Славенiю берасцейцы адкрылi для сябе яшчэ ў 2005 годзе. Тады яны паказалi ў Любляне i ў Марыборы спектакль-батлейку «Рыгорка – ясная зорка» вядомага нашага паэта i драматурга А.Вярцiнскага. Гэтая работа атрымала самую каштоўную i адзiную ўзнагароду фэсту ў Марыборы – дыплом «25 Залатых зорак», якi прысуджае лепшаму спектаклю дзiцячае журы. Уражанне ад убачанага было такiм моцным, што арганiзатары сёлетнiх фестываляў у гэтых гарадах папрасiлi зноў прывезцi да iх таго ж «Рыгорку» i спектакль для самых маленькiх «Чырвоная Шапачка».

Вельмi аўтарытэтны Мiжнародны фэст тэатраў лялек «PiF» у Заграбе, сталiцы Харватыi, мае 42-гадовую гiсторыю i з’яўляецца адным са старэйшых у Еўропе. Ён збiрае тэатры лялек з усяго свету, i ўжо сам удзел у яго праграме сведчыць пра мастацкую сталасць калектыву. Летась брэсцкi тэатр упершыню ўдзельнiчаў у iм са спектаклем «Халстамер» Л. Талстога i атрымаў адзiн з галоўных прызоў.

— Сёлета мы зноў былi запрошаны на «PiF», — распавёў дырэктар — мастацкi кiраўнiк тэатра Мiхаiл Шавель. – Гэта ў нейкай ступенi парушэнне традыцый, бо ў праграме гэтага фэсту тэатр можа выступаць не часцей, чым раз у тры гады. Але дырэкцыя, уражаная летась творчасцю берасцейцаў, зноў паставiла ў афiшу наш спектакль – на гэты раз «Месяц Сальеры» паводле А.Пушкiна. Арганiзатары не пашкадавалi, што зрабiлi такi крок. Артысты iгралi з неверагоднай аддачай. Мiжнароднае журы, якое павiнна захоўваць нейтралiтэт i не паказваць свае адносiны да прагледжанага спектакля, доўга апладзiравала разам з усёй перапоўненай гледачамi залай. Навiна, што менавiта нашаму спектаклю прысуджаны Гран-пры i прыз за дасягненнi ў мастацтве, дагнала нас у дарозе дадому. Такога, каб адзiн тэатр атрымлiваў адразу дзве галоўныя ўзнагароды, не было яшчэ нi разу за ўсе дзесяцiгоддзi iснавання фэсту!

А берасцейскiя лялечнiкi зноў збiралiся ў дарогу. На гэты раз у Расiю, у Омск, на 1-ы Мiжнародны фестываль тэатраў лялек «У гасцях у «Арлекiна», куды быў запрошаны спектакль «Месяц Сальеры».

Тэатр гэтага сiбiрскага горада добра вядомы берасцейскiм гледачам. Ён тры цi чатыры разы выступаў на «Белай Вежы». Гэта адзiн з самых вядомых i старэйшых расiйскiх тэатраў, з якiм берасцейскiх лялечнiкаў звязвае даўняе сяброўства. Паездка брэсцкiх артыстаў у Омск адбылася дзякуючы падтрымцы абласнога выканаўчага камiтэта, якi палiчыў, што такая сяброўская сутрэча ёсць канкрэтнае напаўненне дамовы, якая падпiсана памiж Омскай губерняй i Беларуссю.

I берасцейцы годна прадставiлi беларускае лялечнае мастацтва, заваявалi адразу два ганаровыя дыпломы. Але самы галоўны вынiк, магчыма, даражэйшы за ўсе ўзнагароды, – шчырае захапленне омскiх гледачоў i ўдзячнасць за сустрэчу з сапраўдным мастацтвам.

На здымку: артысты Брэсцкага тэатра лялек.

Фота: Рыгор БАКIЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter