Дорожные службы страны готовятся к предстоящей зиме

Трасам патрэбны клопат

Адзін з найважнейшых скла­даль­нікаў бяспечнага руху зімой — якасць дарожнага пакрыцця. Менавіта над гэтым зараз пра­цуюць дарожныя службы. Акрамя падрых­тоўкі тэхнікі і нарыхтоўкі матэрыялаў для барацьбы са сліз­касцю, гаворка ідзе аб нанясенні дарожнай разметкі, бо зімой, калі светлавы дзень прыкметна карацейшы і бачнасць горшая, яна істотна ўплывае на бяспеку на дарогах. Карэспандэнт «Р» даведалася аб падрабязнасцях.

На выпадак моцнай непагадзі дарожныя службы Мінска могуць прыцягнуць дадаткова каля 650 адзінак тэхнікі.
Фото  БЕЛТА

Дастаткова складаная мінулая зіма паказала, што нашы дарожныя службы здольныя справіцца з любымі капрызамі надвор’я. Начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў — аб падрыхтоўцы да будучага асенне-зімовага сезона:

— У цэлым па арганізацыях рэспублі­канскіх аўтамабільных дарог патрабуецца на зімовы перыяд 2021–2025 гадоў амаль 400 тысяч тон пясчана-салянай сумесі і каля 350 тысяч тон соляў. Праца па нарыхтоўцы пачата і працягваецца. Паралельна рыхтуем дарожную тэхніку. Усяго на зіму мяркуецца задзейнічаць амаль 60 адзінак ротарнай тэхнікі, 650 адзінак пескасолеразмеркавальнай і каля тысячы адзінак снега­ачышчальнай.

— Падрыхтоўка і рамонт снегаўборачнай тэхнікі ідуць па графіку. Плануем завяршыць да 25 верасня і распачаць яе пераабсталяванне пад зімовы перыяд. Усяго ў нашым аб’яднанні знаходзіцца 760 адзінак снегаўборачнай тэхнікі, — агучыў лічбу галоўны інжынер ДВА «Гаррамаўтадар Мінгар­выканкама» Павел Важ­нік. — Аўтапарк рэгулярна абнаўляецца. У мінулым го­дзе, напрыклад, ён папоўніўся 12 адзінкамі спецтэхнікі. Набываем яшчэ 40 адзінак!

На выпадак моцнай непагадзі заключаны дамовы з іншымі арганізацыямі. Гэта дазволіць прыцягнуць дадаткова каля 650 адзінак тэхнікі. Таксама ў Мінску працягне сваю працу снегаплавільны пункт. Яго прадукцыйнасць — 5000 «кубоў» у суткі!

— У гаспадарчым распараджэнні нашага прадпрыемства знаходзіцца 24,6 млн квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі, 105 мастоў і пуцеправодаў, 98 падземных пераходаў, — пералічыў Павел Важнік. — У бягучым годзе ў аб’яднанні былі запланаваны рамонтныя мерапрыемствы на праезнай частцы агульнай плошчай каля 900 тысяч квадратных метраў на 1 жніўня выкананы работы на плошчы 1,036 мільёна квадратных метраў — гэта 116 працэнтаў ад плана.

Пры гэтым, паводле яго слоў, на 58 участках вулічна-дарожнай сеткі плошчай каля 600 тысяч «квадратаў» праведзена поўная замена асфальтабетоннага пакрыцця. Ліквідацыя ямачнасці, калейнасці і рамонт тратуараў выкананы ў поўным аб’ёме.

Напрыканцы размова зай­шла аб экалагічнасці метадаў, якія ўжываюцца для барацьбы з зімовай слізкасцю.

— Мы пастаянна праводзім маніторынг рэагентаў, якія з’яўляюцца, вывучаем іх эфек­тыўнасць, суадносіны цаны і плавячай здольнасці, — адказаў на пытанне журналістаў Аляксандр Галаўнёў. — Быў у нас вопыт прымянення меласы (пабочнага прадукту цукровай вытворчасці. — Заўв. рэд.). Паспрабавалі — аказалася, у яе недастатковая плавячая здольнасць. Даводзілася павялічваць аб’ёмы пасыпак... У яе ёсць яшчэ адзін негатыўны эфект — тлустасць. Абрастанне машын і абутку тлушчам — гэта таксама нядобра. Практыка паказала, што хлорысты натрый падыходзіць для нашых умоў лепш за ўсё. Справа ў нормах высыпак, яны ў нас дакладна вызначаны. Бо не проста так уся пескасолеразмеркавальная тэхніка атэстуецца на нормы высыпу. Калі па нормах належыць сыпаць 25 грамаў, значыць, апарат павінен сыпаць 25 грамаў, а не 40.

— У Мінску выкарыстоўваецца абсталяванне для падрыхтоўкі саляных расолаў, якое зніжае выдзіманне саляных сумесяў на зялёныя зоны, паляпшае працу самой сумесі, — дадаў у канцы Павел Важнік. — За кошт гэтага адбываецца зніжэнне расходу. Сёлета плануем павялічыць парк тэхнікі, якая будзе выкарыстоўваць саляныя растворы.

gorbatenko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter