Объемы производства КУСП «Дуниловичи-Агро» в 2018 году выросли на 20%

Трапная пастушыная логіка

Папрасіў намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Пастаўскага райвыканкама Эдуарда Януковіча назваць сельгаспрадпрыемствы, у якіх адбываюцца істотныя зрухі ў эканоміцы. Пачуў  пра дзве вядомыя гаспадаркі ў раёне і вобласці — ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра» і... КУСП «Дунілавічы-агра». Наконт апошняй падумаў, што суразмоўца памыліўся, бо яшчэ пару гадоў таму яна мела статус банкрута. Аказалася, усё правільна: за 2018 год аб’ёмы вытворчасці выраслі на 20 працэнтаў у параўнанні з папярэднім, ёсць істотная прыбаўка па малаку, рэгулярна выплачваюцца падаткі, заработная плата. Што ж здарылася, адкуль такія крутыя перамены?

Дырэктар КУСП «Дунілавічы-агра» Андрэй САРАПЕНЕНКА.

У двухпавярховым адміністрацыйным будынку ў Дунілавічах паведамілі, што дырэктар Андрэй Сарапененка ў канторы бывае рэдка. Адшукалі яго па мабільніку: аб’язджаў выпасы, куды выгналі на кругласутачнае ўтрыманне кароў. І мне прапанаваў глянуць яшчэ на адзін, самы аддалены, па дарозе коратка расказаў пра сябе.

Трынаццаць гадоў назад ён скончыў сельгасакадэмію ў Горках, працаваў аграномам, загадчыкам аддзялення і дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Камайскі» гэтага ж раёна. Каля двух гадоў кіруе КУСП «Дунілавічы-агра». Гаспадарка невялікая: 3 тысячы гектараў воранай зямлі, 1600 галоў буйной рагатай жывёлы, з якой 600 — дойны статак. Самыя лепшыя землі разам з жывёлай — аддзяленне «Стары Двор» — незадоўга да прызначэння яго кіраўніком перададзены суседняму ААТ «Навасёлкі-Лучай» за 300 тысяч рублёў. Гэта дазволіла па першым часе выплаціць зарплату і трохі стаць на ногі. Праўда, напачатку 2018-га гэтыя грошы закончыліся, аднак людзі ўжо самі сталі зарабляць. У асноўным на малацэ.

Летась, да прыкладу, надой ад каровы ўзрос на 775 кілаграмаў: з 2450 да 3225. І калі напачатку сярэдняя зарплата была ўсяго 200 рублёў, то сёлета ўжо дасягнула 450, а да канца года будзе 500 рублёў. Асобныя катэгорыі работнікаў атрымліваюць куды больш: сёлета на пасяўной некаторыя механізатары зарабілі па 1200—1500 рублёў, аператар машыннага даення на раздоі першацёлак Святлана Косінец — да 800—1000.

— З чаго пачыналі? — задаю традыцыйнае пытанне дырэктару.

— З дысцыпліны — як працоўнай, так і тэхналагічнай. Некалькі чалавек па іх згодзе закадзіравалі за кошт гаспадаркі ад алкагольнай звычкі. Хто не захацеў падпарадкоўвацца новаму распарадку, з кім не змаглі знайсці агульнай мовы, развіталіся. Работнікаў стала менш, усяго 87, але яны спраўляюцца. Што, напрыклад, было на фермах? Кармоў нібыта і хапала, а жывёлу кармілі адзін раз: дзень давалі сянаж, на другі — сілас. Было вялікае выбыццё цялушак, кароў. Адрэгулявалі і гэты працэс: выбракоўка жывёлы толькі ў выключных выпадках. Адноўлены на малочна-таварнай ферме «Сяргеевічы» малакаправод, які быў закансерваваны пяць гадоў.

Пастухі Генадзь РЫХЛІЦКІ і Віктар СВЯДЗЕВІЧ.

Урэшце дабраліся да выпасаў каля ўрочышча Лісіца. Першым, каго сустрэлі, быў механізатар Віктар Урублеўскі, які прывёз на трактары каровам ваду. Ён у гэтай гаспадарцы трэці год. У нядаўнюю пасяўную шчыраваў на полі, а цяпер вось часова пераключыўся на жывёлагадоўлю. Задаволены і кіраўніцтвам, і заробкам. Праўда, хацелася б перасесці на новую тэхніку: ягонаму МТЗ-82 дванаццаты год ужо.

Падышлі пастухі Віктар Свядзевіч і Генадзь Рыхліцкі. Дзяжураць па чарзе: суткі на рабоце, суткі дома. Аднак загоны на выпасах, хоць трава і шуганула ў рост пасля дажджу, імкнуцца рабіць часцей. Таму і дапамагаюць адзін аднаму. Будзе больш малака, атрымаюць і больш грошай. Зарплата ў канцы месяца, а пакуль што адкрыты на іх імя аванс у краме, на выпасы рэгулярна дастаўляюць смачныя абеды.

Разам са статкам кароў пад 200 галоў выпасваюцца і нецелі. У гаспадарцы для павышэння прадукцыйнасці дойнага статка, яго папаўнення ўсур’ёз заняліся вырошчваннем цялушак. Толькі за зіму раздаілі на малочна-таварнай ферме «Сяргеевічы» 100 першацёлак, якія даюць па 20 і больш кілаграмаў малака ў суткі. А за лета на выпасах прыбавіцца яшчэ 150 галоў. Такім чынам, да наступнага года малочны статак абновіцца поўнасцю і вырасце колькасна.

Калі вярталіся, нельга было не звярнуць увагу на даволі вялікае чыста апрацаванае поле.

— Правялі меліярацыю на 100 гектарах, — патлумачыў дырэктар. — І толькі пасеялі на іх кукурузу. Увогуле пад яе адвялі 250 гектараў. Без кармоў нам аніяк. Летась нарыхтавалі на ўмоўную галаву па 25 цэнтнераў кармавых адзінак. Сёлета плануем атрымаць не менш. Капітальна адрамантавалі сянажную траншэю на 3 тысячы тон. Нядрэнныя перспектывы і наконт ўраджаю зерневых. Летась пасеялі 1100 гектараў азімых і 381 — азімага рапсу. Гэта ў тры разы больш, чым яравых. Азімыя выйшлі з зімы у цудоўным стане, своечасова падкормлены. І калі не здарыцца нічога звышнатуральнага, то зерня хопіць, каб здаць дзяржаве, і на камбікорм жывёле.

Механізатар Віктар УРУБЛЕЎСКІ дастаўляе ваду для кароў на выпасы.

За першы квартал 2019-га калектыў гаспадаркі спрацаваў таксама прыбыткова: чыстая выручка склала 50 тысяч рублёў.

— Магло быць і больш, — уздыхае Андрэй Сарапененка, — калі б не «гіры» на нагах.

Высвятляю, што дырэктар мае на ўвазе. Аказваецца, прыняў ён прадпрыемства з даўгамі ў 11 мільёнаў рублёў. Расплаціцца было нерэальна, адно выйсце — банкруцтва. Але якраз падаспеў Указ Прэзідэнта № 399, згодна з якім на тры гады даецца адтэрміноўка ў пагашэнні запазычанасці. Гэта было вельмі дарэчы. Паявілася магчымасць своечасова выплачваць зарплату, падаткі, адлічэнні ў сацыяльны фонд. А вось за электраэнергію поўнасцю разлічыцца не ўдаецца. У эканамічным судзе 180 спраў крэдытораў, і штомесяц праз суд даводзіцца ім выплочваць ад 15 да 20 працэнтаў выручкі. Па-ранейшаму замарожаны рахунак у банку, нельга ўзяць крэдыт на новую тэхніку, а запчасткі для старой вымагаюць вельмі шмат грошай. З павелічэннем колькасці жывёлы ўзрастае неабходнасць і ў будаўніцтве яшчэ аднаго памяшкання для яе ўтрымання.

Вядома, гаспадарка не застаецца без увагі мясцовага кіраўніцтва. І райвыканкам, і ўпраўленне сельскай гаспадаркі, заўважаючы імкненне кіраўніка, усяго калектыву да плённай, стваральнай працы, дапамагаюць у правядзенні пасяўной, касавіцы, уборачнай і ў іншых пытаннях. Добра, што вельмі ўдала супалі ў часе дзяржаўныя меры падтрымкі сельгасвытворцаў і знайшліся людзі, якія гэтыя меры ажыццяўляюць.

Тады здымуцца і ўсе астатнія вострыя праблемы ў КУПС «Дунілавічы-агра».

saulich@bk.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter