У пастаўскіх Каптарунах ствараецца першая ў краіне арт-вёска. Хто стаіць ля вытокаў?

Трапілі ў кадр і зажылі на ўсе хаты

СЁННЯ культурнае жыццё сканцэнтравана ў асноўным у Мінску. Большасць самых яркіх і прывабных падзей — няхай гэта выставы, спектаклі або канцэрты — ладзяцца менавіта там. У тым, што гэта няправільна, перакананы мастак і пісьменнік Артур КЛІНАЎ. I на працягу пяці гадоў увасабляе ў жыццё сваю смелую мару — стварае ў Лынтупскім сельсавеце, што на Пастаўшчыне, першую ў Беларусі арт-вёску. Сюды ўжо цяпер прыязджаюць вядомыя творцы з усёй краіны і з-за мяжы. I гэта толькі пачатак…

Заснавальнік арт-вёскі Каптаруны Артур КЛIНАЎ з куратарам фотавыставы Таццянай АРЦIМОВIЧ

Вёску Каптаруны часта называюць не інакш як “край зямлі”. Яна знаходзіцца на самай граніцы Беларусі і Літвы (да мяжы ўсяго адзін кіламетр), істотна аддалена ад райцэнтра і славіцца надзвычай маляўнічай некранутай прыродай. Вялікае прыгожае возера, дзікія жывёлы, якія зусім не баяцца, прыходзяць пад вокны дамоў, а да тутэйшага жыхара Мечыслава Мамчыца касулі завітваюць нават у склеп. Багатыя дарамі навакольныя лясы, авеяныя легендамі старажытныя камяні.

У мінулым стагоддзі жыццё ў вёсцы віравала: пасля вайны тут жылі амаль паўтары сотні чалавек. Сёння з карэнных жыхароў засталося ўсяго чатыры чалавекі, а дакладней — дзве сям’і пенсіянераў: Станіслава і Разаліі Рымша і Мечыслава і Ганны Мамчыц. I на 10 хат, а калі лічыць з хутарамі, то на 17.

Мечыслаў, які ў свой час працаваў тут і начальнікам участка калгаса, і старшынёй прафкама, і старшынёй Лынтупскага сельсавета, можа расказваць пра сваіх продкаў, сябе і вёску хоць цэлы дзень. Зямлю з лагодай называе “маці багацця”. Прыгадвае, як дзед Адам, не маючы зямлі, хадзіў па людзях і шыў цудоўныя кажухі і армякі, а заадно іграў на вяселлях. Бацькі Мечыслава, каб займець свой надзел, батрачылі пры панскай Польшчы ў багатых гаспадароў. Спачатку купілі на заробленыя грошы 3 гектары зямлі, а затым яшчэ 7. Аднак пакарыстацца ёй не паспелі. Пачалася вайна, а пасля яе калектывізацыя...

— Сучаснаму чалавеку складана ўявіць, — уздыхае Мечыслаў Iванавіч, — што значыла мужыка адарваць ад сваёй зямлі. Доўга душа балела. У нас таксама і інвентар забралі, і жывёлу. Закончыліся кармы для яе – саламяныя стрэхі з хат здымалі, кармілі сечкай такой коней і кароў. Аднак перажылі і гэта. Ад працоўных клопатаў умелі каптарунцы заўсёды адпачыць. Спачатку моладзь збіралася па хатах, а ў сярэдзіне 60-х у Каптарунах з’явіўся клуб (раней у яго будынку была льносушылка, пасля — птушнік). Моладзі – не злічыць. Наймалі музыкантаў і танцавалі па чарзе, бо месца адразу ўсім не хапала. Асаблівай падзеяй быў паказ індыйскіх фільмаў. Плаціць асабліва не было чым, дык кінамеханікі бралі і яйкамі.

Удзельнікі пленэру мастакоў

У будынку клуба працавала бібліятэка. Яе былая гаспадыня Нэлі Лось згадвае, што чытачоў у яе з Каптарунаў і бліжэйшых вёсак было за тры сотні чалавек. Найбольш цікавіліся мастацкай літаратурай.

АЛЕ міналі гады, сельскія жыхары станавіліся гараджанамі. Знікалі з карты невялікія вёсачкі. Такі ж лёс чакаў, відаць, і Каптаруны, каб не адзін выпадак. Аднойчы ў гэтыя мясціны завітаў здымаць кіно “Беларусьфільм”. Артур Клінаў, які быў галоўным мастаком стужкі, зразумеў адразу: сюды яшчэ вернецца. Так і выйшла. Выкупіў дом (і гэта за 200 кіламетраў ад Мінска!), актыўна пачаў яго рэканструкцыю. З часам набыў яшчэ адзін — зрабіў яго гасцявым. Побач пасяліліся і іншыя творцы. Напрыклад, філосаф Таццяна Шчыцова, архітэктар Андрэй Каравянскі.

Нямала крэатыўных і грамадска актыўных людзей набылі дамы ў суседніх вёсках. Амбіцыйныя ідэі гараджан падтрымалі мясцовыя жыхары і ўлада.

Сёння ўжо смела можна гаварыць: арт-вёска існуе не на словах, а на справе — так многа зроблена. Толькі мінулым летам у Каптарунах адбыўся шэраг значных культурных падзей. Так, у ліпені быў арганізаваны Міжнародны форум пагранічнага кіно “Хранатоп. Art: REBOOT”, у праграму якога ўключылі лекцыі, кінапрагляды, дыскусіі, перформанс, канцэрт і іншыя цікавыя дзеі. У жніўні ладзіўся Міжнародны open-air- форум “Міжмор’е літаратур” з удзелам творцаў з Германіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі. Адбыліся дыскусіі, прэзентацыі кніг. Удзельнікі засталіся ў захапленні.

Напрыканцы чэрвеня Каптаруны прымалі вядомых беларускіх мастакоў і фатографаў. Арганізатарамі чарговага арт-пленэру, які меў назву “Саламяны вырай-2”, выступілі Артур Клінаў і раённае аб’яднанне “Экаагратур”. Вынікам чатырохдзённых здымак стала фотавыстава “Месца”. Яе адкрыццё адбылося 14 кастрычніка ў Лынтупскім доме культуры.

На фота-выставе

Пасёлак у тыя дні быў як ніколі прыгожым: у разгар кастрычніка вуліцы, мясцовы парк патаналі ў яркіх фарбах. Вада ў ставах, нібы люстэрка, адлюстроўвала чырвань навакольных дрэў і не горш за мастака стварала акварэльны партрэт восені. Глядзелі на гэта шырока расплюшчанымі вачыма — і разумелі, чаму гэтыя мясціны так вабяць творцаў з усёй краіны.

Па дарозе на выставу праязджалі каля будынка Лынтупскага культурнага цэнтра “Культыватар”. Рэгіён, які стаіць на памежжы Беларусі і Літоўскай Рэспублікі, на скрыжаванні Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, дзе спрадвеку пераплятаюцца беларуская, польская, літоўская і яўрэйская культуры, становіцца своеасаблівым мостам, які ўсё і ўсіх аб’ядноўвае.

У выставе ўдзельнічалі амаль усе аўтары. Яны працуюць у абсалютна розных тэхніках. Iгар Саўчанка здымае на ўнікальную драўляную вялізную камеру, якая працуе па тых жа прынцыпах, што і ў пазамінулым стагоддзі. Сяргей Ждановіч фатаграфуе на лічбавы апарат, Андрэй Лянкевіч працуе ў галіне дакументальнай і прэс-фатаграфіі, Сяргей Кажамякін — у жанры прамога рэпартажу.

Кожны з гэтых фотамастакоў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Кожны — аўтар дзясяткаў выстаў як на радзіме, так і ў многіх еўрапейскіх краінах, у ЗША. Напрыклад, работы Iгара Саўчанкі знаходзяцца ў шматлікіх прыватных і публічных калекцыях — у Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, у Стакгольме, Хельсінкі, Х’юстане…

ШТО ж майстры наздымалі ў Каптарунах? Выступаючы на адкрыцці выставы, яе куратар Таццяна Арцімовiч адзначыла, что самі чакалі вынікаў з нецярпеннем:

— Месца адно, а здымкі настолькі розныя. Гэта экспазіцыя адлюстроўвае, як па-рознаму мы глядзім на наваколле і як па-рознаму можна паказаць адно і тое ж. Вялікае дзякуй усім, хто дапамог, асабліва старшыні Лынтупскага сельсавета Аляксандру Макаранку і дырэктару Дома культуры Анжэле Кухальскай.

Выстава адбылася ў рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску і стала часткай маштабнага праекта, які ўжо не першы год арганізуе адзін з аўтараў выставы “Месца” Андрэй Лянкевіч. У экспазіцыю ўвайшло больш за сотню здымкаў, што адлюстроўваюць прыроду і жыццё Каптарунаў.

АРТУР Клінаў упэўнены, што галоўная задача мастакоў — спрыяць дэцэнтралізацыі культуры:

— Безумоўна, сельскі клуб — не музей. Але ўсё роўна кожны населены пункт варты быць цэнтрам творчасці. 365 дзён — 365 культурных сталіц — вось у чым ідэя. За мяжой часта менавіта вёска становіцца месцам правядзення самабытных, сусветна вядомых фестываляў, якія збіраюць тысячы, дзясяткі тысяч чалавек. I гэта прыносіць не толькі задавальненне людзям, але і немалы прыбытак дзяржаве. Арт-вёска Каптаруны мае вялікі патэнцыял. У нашых планах – правесці фестываль сучаснай яўрэйскай музыкі, ёсць іншыя задумы. Будзем усё рабіць, каб Каптаруны “зазвінелі” яшчэ больш гучна.

Фотамастакі падзяліліся самымі яркімі ўражаннямі ад Каптарунаў. “Як дзіўна раніцай тут спяваюць птушкі, як гучна!”, “Так прыгожа пачынаецца новы дзень!”, “Колькі вакол сонца…” I даюць параду: “Прыязджайце на Лынтупшчыну! Сонца хопіць на ўсіх…”

I вось яшчэ што важна: добрыя пачынанні ініцыятараў стварэння арт-вёскі падтрымлівае Лынтупскі сельсавет. Аляксандр Макаранка дапамагаў наладзіць выставу работ мастакоў, вырашае іншыя арганізацыйныя пытанні. Знайшлі сваіх гаспадароў і пустуючыя раней хаты ў Каптарунах. Iх выкупілі або выкупляюць гараджане. Незанятай пакуль што засталася адна.

Намнога цікавей стала і жыццё саміх каптарунцаў. Аб гэтым не прамінае нагадаць Мечыслаў Мамчыц. Адзінае, што яго непакоіць, – гэта блізкі ваенны палігон суседняй Літвы, стрэлы з якога даносяцца з дня ў дзень да вёскі...

ДАВЕДКА «СГ»

Некалькі слоў пра заснавальніка арт- вёскі Каптаруны. Артур Клінаў — мастак, пісьменнік, рэдактар часопіса pARTisan, які больш за 15 гадоў з’яўляецца трыбунай сучаснай беларускай культуры. Выступіў галоўным мастаком у фільме Андрэя Кудзі-

ненкі “Масакра” (“Беларусьфільм”, 2010). Яго работы выстаўляліся ў Беларусі, Польшчы, Літве, Германіі, Францыі, Грэцыі. У 2011 годзе сваёй інсталяцыяй з саломы “Вячэра” прадстаўляў Беларусь на 54-м міжнародным Венецыянскім біенале (Італія). Творы Артура Клінава знаходзяцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі.

Iна МIКУС, Уладзімір САУЛIЧ , «СГ»

saulich@bk.ru

Фота Iны МIКУС і з архіва Артура КЛIНАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter