Трактары BELARUS упершыню паспаборнічаюць у ралі «Парыж-Мосар» у Віцебскай вобласці

Трактар б’е з левай

Упершыню трактары BELARUS паспаборнічаюць у ралі «Парыж — Мосар» у Віцебскай вобласці. Перад фінішам кіроўцаў тэхнікі чакае яшчэ адно надзвычай дзіўнае выпрабаванне — гульня ў футбол.

Фота Паўла ЧУЙКО

На незвычайнае ралі паміж населенымі пунктамі Парыж і Мосар выедуць восем трактароў вытворчасці МТЗ. Першыя, хто рынецца ў бой, — тры трактары BELARUS-3522 і адзін гусенічны трактар. Да спаборніцтва вырашыў далучыцца і Віцебскі аблвыканкам, арганізаваўшы сваю каманду з трактароў BELARUS-3522.

— Спачатку пройдуць чатыры нашыя трактары з нулявым прабегам — яны толькі-толькі сышлі з канвеера. А ўслед за імі, праз дзесяць хвілін, выедуць чатыры мясцовыя трактары, — паведаміў «Р» Павел Тухто, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю завода.

Усім удзельнікам спаборніцтва неабходна будзе пераадолець поле, ручэй, які ўпадае ў возера Пліса, лес і разбітую дарогу. 

— Перад фінішам падчас гульні ў футбол неабходна будзе прадэманстраваць не толькі трываласць і моц нашай новай тэхнікі, але і майстэрства кіравання — неабходна загнаць велізарныя шары дыяметрам 2,5 метра ў фінішныя вароты, — працягвае Павел Тухто. — Усе, хто будзе чакаць фінішу ля касцёла Святой Ганны ў Мосары, змогуць назіраць за гонкай на экране: прамую трансляцыю на ўсім шляху будуць весці квадракоптары.

Падтрымаць калег з МТЗ прыехала і каманда «МАЗ-СПОРТаўта», якая нядаўна ўдзельнічала ў ралі-марафоне «Дакар». Яны прывезлі і сваю спартыўную машыну, каб усе балельшчыкі змаглі сфатаграфавацца з тэхнікай, пагутарыць з пілотамі напрамую.

Аліна СЯРГЕЕВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter