Той хлеб, што ў засеках

«Амкадор-Можа» сёлета затраціць на мадэрнізацыю Br 10,1 млрд

10,1 млрд. рублёў сёлета плануе затраціць на мадэрнізацыю вытворчасці ТАА «Амкадор-Можа»

У рамках рэспубліканскай праграмы будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзеючых збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў у бягучым годзе прадпрыемства мае намер выпусціць 40 сучасных ЗСК рознай планавай магутнасці. Як упэўнены ў «Амкадор-Можы», мадэрнізацыя надасць гэтаму працэсу новы імпульс.

2012 год быў для прадпрыемства не з лёгкіх. У выніку напружанай працы яму ўдалося атрымаць амаль 22,5 млрд. рублёў чыстага прыбытку, што дазволіла перакрыць страты папярэдняга года. А разам з тым і адкрыць новыя магчымасці для абнаўлення вытворчасці. На сёння

ТАА «Амкадор-Можа» не толькі валаўтвараючае прадпрыемства для Крупскага раёна, але і адзін з буйнейшых вытворцаў збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў у краіне. У мінулым годзе яно вырабіла 34 ЗСК, 30 з іх пастаўлена ў сельгасарганізацыі сталічнай вобласці, 3 — на Віцебшчыну, 1 — на Гомельшчыну. Сёлетні кантракт, заключаны з «Белаграсэрвісам», прадугледжвае будаўніцтва 40 комплексаў рознай магутнасці, зноў жа 30 з іх застануцца на Міншчыне.

Бліжэйшая перспектыва, закладзеная ў праграме мадэрнізацыі, — набыццё высокатэхналагічнага металаапрацоўчага абсталявання, на што мяркуецца патраціць 7,5 млрд. рублёў. Як расказвае дырэктар ТАА «Амкадор-Можа» Уладзімір Драніца, у асноўным прадукцыя вырабляецца з тонкаліставога металу. Адсюль і патрэба ў спецыяльных станках. Палітыка холдынга «Амкадор» заключаецца ў тым, што прыярытэт надаецца высокатэхналагічнаму абсталяванню вядомых сусветных вытворцаў. Яно дазваляе забяспечыць належную якасць і прадукцыйнасць працы. «Ужо заключаны дагавор на пастаўку ў чэрвені лістагібачнага прэса італьянскай кампаніі «Фарына», у тым жа месяцы ён будзе запушчаны ў работу. Вядуцца перамовы аб пастаўцы каардынатна-прабіўнога прэса японскай фірмы «Амада», які плануецца набыць сёлета. Гэта абсталяванне дазволіць нам павялічыць долю ўласнай вытворчасці ў агульным аб’ёме выпускаемай прадукцыі на 2,5 млрд. рублёў. Справа ў тым, што раней з-за недахопу абсталявання мы вымушаны былі частку работ аддаваць субпадрадным арганізацыям. Зараз жа будзем выконваць іх самі, што дасць магчымасць пакідаць грошы ў арганізацыі і накіроўваць іх на далейшае развіццё», — працягвае Уладзімір Драніца. Плануецца набыццё і іншага больш дробнага абсталявання, неабходнага для мантажу збожжасушыльных комплексаў.

Разам з тым у «Амкадор-Можы» вядзецца работа па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для выканання будаўніча-мантажных работ па пашырэнні вытворчых плошчаў. Першай чаргой плануецца ўвесці ў эксплуатацыю зварачна-зборачную і механічную вытворчасці, нарыхтоўчы ўчастак і склад металу. Другой чаргой — дадатковыя зборачныя магутнасці. У выніку вытворчыя плошчы павялічацца амаль утрая і будуць укамплектаваны высокатэхналагічным абсталяваннем. Гэта перспектыва да 2015 года, але на прадпрыемстве робіцца ўсё, каб здзейсніць яе як мага хутчэй. Як запэўніў дырэктар, мадэрнізацыя зробіць значны ўклад у эканоміку прадпрыемства: «Ужо сёлета выручка на аднаго працуючага павінна дасягнуць 83,6 тыс. долараў, а дабаўленая вартасць — 22,4 тыс. долараў ЗША».

Збожжасушыльныя комплексы — асноўны від прадукцыі, што вырабляецца ў «Амкадор-Можы». Там прадстаўлена цэлая лінейка ЗСК рознай магутнасці, найбольш запатрабаваныя сельгасарганізацыямі — на 30, 40, 60 планавых тон у гадзіну. Самы магутны комплекс — прадукцыйнасцю 100 планавых тон — амкадораўцы зманціравалі ў мінулым годзе для Красназнаменскага камбікормавага завода, а маючая адбыцца ўборачная кампанія стане для яго выпрабавальнай. Прадпрыемства вырабляе збожжасушыльныя комплексы не толькі ў рамках рэспубліканскай праграмы. У мінулым годзе два былі экспартаваны ў Тамбоўскую і Самарскую вобласці Расіі. Зараз на стадыі перамоў знаходзіцца праект з Амурскай вобласцю.

Адметна, што «Амкадор-Можа» пастаўляе заказчыкам поўнасцю ўкамплектаваныя комплексы, амаль цалкам сабраныя з дэталяў і вузлоў уласнай вытворчасці, а таксама ажыццяўляе пусканаладачныя работы непасрэдна ў гаспадарках. Прычым прапаноўваюцца рашэнні, якія дазваляюць істотна эканоміць паліва і працаваць на яго мясцовых відах (дарэчы, у Крупскім раёне 90 % збожжасушыльнай гаспадаркі працуе на МВП). Вялікая работа праведзена і над сістэмамі кіравання, выкарыстоўваецца праграмнае забеспячэнне айчыннай вытворчасці.

Зараз амкадораўцы асвойваюць новы від прадукцыі, але падрабязнасці пакуль не абвяшчаюць — вытворчая тайна. Аднак абяцаюць, што навінку ўбачым ужо ў гэтым годзе.

Не пакідаюць на прадпрыемстве па-за ўвагай і выраб прадукцыі, з якой, уласна, і пачынала яно сваю работу пад маркай «Амкадор». У мінулым годзе выраблена 30 дарожных каткоў, якія пастаўлены ў Расію і Казахстан. Працягвае развівацца гэты кірунак і надалей. Традыцыйна высокая ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі, за чатыры месяцы бягучага года ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі яна складае 88,7 %. Дарэчы, па выніках мінулага года прадпрыемства стала лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік 2012 года Мінскай вобласці» ў сферы інавацыйнай дзейнасці.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter